28 снежня 2024, Субота, 0:48
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Уладлену Функ могуць пратрымаць у зняволенні ў Беларусі яшчэ цэлы год? (Відэа)

17

Працэдура прымусовага высылання сакратара Зэльцэра можа працягнуцца да года.

Аб гэтым маці Ўладлены Функ (Брусковай) - сакратара арыштаванага і асуджанага ў Беларусі амерыканскага адваката Эмануіла Зэльцэра - паведамілі ў амбасадзе Расейскай Федэрацыі ў Менску, куды жанчына звярнулася з просьбай паспрыяць вызваленню ейнай дачкі - грамадзянкі РФ.

16 сакавіка Валянціне Брусковай не дазволілі спатканне з дачкой, якая ўжо пяць сутак знаходзіцца ў гомельскім ізалятары часовага ўтрымання (ІЧУ) пасля выхаду з выпраўленчай калоніі.

Той жа раніцай Валянціна Брускова з дачкой Алінай і адвакатам Зміцерам Гарачкай наведалі амасаду Расеі ў Менску. У дыппрадстаўніцтве ім заявілі, што 13 сакавіка амбасадар Аляксандр Сурыкаў звязваўся з міністрам унутраных спраў Беларусі Ўладзімірам Навумавым і прасіў паскорыць працэс высылання грамадзянкі Расеі Функ. У МУС абяцалі садзейнічанне.

У амбасадзе таксама паведамілі, што па законе працэдура прымусовага высылання, якую ўлады збіраюцца ўжыць у адносінах Функ у сувязі з тым, што яна «ўяўляе пагрозу для нацыянальнай бяспекі Беларусі», можа падоўжыцца да года.

У інтэрв'ю БелаПАН В.Брускова выказала здзіўленне тым, «як такі выраз наогул мог быць агучаны».

«Мне цяжка зразумець гэтую фармулёўку. Я не разумею, як такое абвінавачванне наогул можа быць. Мне зразумела толькі тое, што мая дачка асуджаная незразумела за што, як агучыў адвакат «за прамысловы шпіянаж», — сказала В.Брускова.

16 сакавіка Брусковы з адвакатам наведалі Гомель. Сваячкам не дазволілі сустрэчу з затрыманай.

«Мне адмаўляюць у сустрэчы незразумела чаму, — сказала В.Брускова, — Я толькі змагла памахаць ёй рукой, нават не бачачы дочкі. Вось і ўся мая сустрэча».

На пытанне БелаПАН, ці аказала жанчыне садзейнічанне амбасада Расеі ў Беларусі, маці Ў.Функ адказала, што амбасада прыняла ўдзел на пачатковым этапе і толькі па ейнай просьбе.

«Прадстаўнік амбасады пабываў у яе ў ізалятары часовага ўтрымання. Размаўляў з адміністрацыяй, каб можна было перадаць Уладлене вопратку, медыкаменты, ежу. У гэтай ступені мне была аказаная дапамога, але выключна па маёй просьбе. Сама амбасада ніякай дапамогі не прапанавала», — адзначыла яна.

Жанчына ўсё ж такі спадзяецца на тое, што прадстаўнікі расейскага консульства дапамогуць у скарэйшым вызваленні ейнай дачкі: «Яна свой, заслужаны або незаслужаны, тэрмін адбыла, і я хачу яе бачыць на волі».

Нагадаем, што ў Уладлены Брусковай, якая адбывала пакаранне ў выпраўленчай калоніі ў Гомелі, у мінулы чацвер скончыўся вызначаны судом тэрмін адбывання пакарання. Аднак раніцай, адразу пасля выхаду з калоніі, У.Брускову затрымалі супрацоўнікі міліцыі і даставілі ў ІЧУ РУУС Чыгуначнага раёна Гомелю.

Прынятае рашэнне аб ужыванні да яе працэдуры высылання. У.Брусковай забаронена наведваць Беларусь на працягу 10 бліжэйшых год. 11 жніўня 2008 года Менскі гарадскі суд прысудзіў У.Брускову за збор камерцыйнай інфармацыі і выкарыстанне падробленых дакументаў да 1 году пазбаўлення волі. Па дадзенай справе таксама праходзіў грамадзянін ЗША Э.Зэльцэр, які быў прысуджаны да 3 год пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму за камерцыйны шпіянаж і выкарыстанне падробленых дакументаў.

Э.Зэльцэр і Ў.Брускова былі затрыманыя ў Менску 12 сакавіка 2008 года. Яна на момант затрымання з'яўлялася сакратаром Э.Зэльцэра.

Напісаць каментар 17

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках