27 снежня 2024, Пятніца, 23:59
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларускія ўлады не далі Уладлене Функ вылецець у ЗША

11

Высветлілася, што на 12 сакавіка ў сакратаркі Зельцэра быў квіток у Амерыку, але ёй не далі з'ехаць з Беларусі.

Сёння начальнік упраўлення па грамадзянстве і міграцыі УУС Гомельскага аблвыканкама Аляксандр Гарленка заявіў, што працэдура высылання з Беларусі грамадзянкі Расеі Уладлены Функ «праходзіць у межах, вызначаных заканадаўствам».

Ён пацвердзіў, што рашэнне аб прымусовым высыланні Функ прымалася аддзелам унутраных справаў Чыгуначнага раёна Гомеля. А.Гарленка таксама пацвердзіў, што першапачаткова расейку планавалася выслаць з 12 па 14 сакавіка, але затым «пастанова аб высыланні была падоўжаная на тэрмін, неабходны для высылання».

На пытанне, чаму ў дачыненні да Функ не ўжылі працэдуру добраахвотнага высылання, чыноўнік адказаў: «Такім чынам мы абыходзімся з усімі замежнікамі, якія здзейснілі злачынства на тэрыторыі Беларусі». Дакладную дату высылання грамадзянкі Расеі Аляксандр Гарленка назваць адмовіўся.

Адвакат Дзмітры Гарачка лічыць дзеянні ўладаў у дачыненні да яго падабароннай беспадстаўнымі. Паводле яго словаў, пастанова Савета міністраў № 146 прадугледжвае прымусовае высыланне замежнікаў і асобаў без грамадзянства ў тых выпадках, калі ёсць падставы лічыць, што яны могуць ухіліцца ад добраахвотнага выезду з краіны, альбо калі яны не выехалі ў вызначаны тэрмін.

Аднак Уладлена Функ гатовая была пакінуць межы Беларусі ў дзень выхаду з гомельскай выпраўленчай калоніі, на 12 сакавіка для яе быў набыты квіток на самалёт у ЗША, сцвярджае адвакат у інтэрв'ю БелаПАН. Грамадзянцы РФ не далі такой магчымасці — адразу ж пасля вызвалення з калоніі яе даставілі ў ізалятар часавага ўтрымання Гомеля, дзе заявілі, што яна падлягае прымусоваму высыланню.

Першапачаткова Функ планавалі выслаць з краіны да 14 сакавіка, аднак затым працэдура высылання была падоўжаная на нявызначаны тэрмін.

Нагадаем, што раніцай 12 сакавіка сакратарка юрыста з ЗША Эмануіла Зельцэра Уладлена Функ (Брускова) вызвалілася з калоніі, дзе адбывала пакаранне па абвінавачванні ў саўдзеле ў замаху на камерцыйны шпіянаж. Адразу з калоніі яе змясцілі ў ІЧУ. У пашпарт Функ паставілі штамп, які забараняе ўезд на тэрыторыю Беларусі на працягу найбліжэйшых 10 гадоў.

Па словах адваката, Уладлена Функ утрымліваецца ў ІЧУ у цяжкіх умовах.

«Гэта горш, чым у калоніі ці ў следчым ізалятары. У камеры няма ложка, Функ спіць фактычна на падлозе. Ёй выдалі нейкі матрац і бялізну, але вады там фактычна няма», - заявіў Дзмітры Гарачка ў інтэрв'ю «Радыё Свабода».

Адвакат таксама паведаміў, што абскардзіць змяшчэнне Уладлены Функ у ІЧУ як незаконнае.

Зараз у Беларусі знаходзіцца маці затрыманай Валянціна Брускова. Разам з адвакатам Дз.Гарачкам яна спрабуе дамагчыся вызвалення дачкі.

Па законе ў ізалятары часовага ўтрымання можна трымаць чалавека толькі 10 дзён.

Напісаць каментар 11

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках