27 снежня 2024, Пятніца, 10:20
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Лукашэнка: З сербскага курорта на армянскі! (Фота)

59
Лукашэнка: З сербскага курорта на армянскі! (Фота)

Візіт беларускага дыктатара ў Арменію стаў працягам адпачынку, які пачаўся ў Сербіі. Зараз Лукашэнка катаецца на лыжах у мястэчку Цахкадзор.

Але з наведвання курорта «Капаонік» прэзідэнцкая абслуга зрабіла пэўныя высновы і выезд Лукашэнкі на высакагорны армянскі курорт Цахкадзор «маскіравалі» больш старанна.

Як памятаем, у Сербію Лукашэнка ляцеў ледзь не ананімна. У аэрапорце Ніша яго сустракалі фактычна як прыватную асобу — без належных кіраўніку іншай дзяржавы ўшанаванняў, кшталту ганаровай варты.

У ерэванскім жа аэрапорце «Звартноц» да трапа падыйшоў асабіста прэзідэнт Арменіі Серж Саргсян, кіраўніку беларускай дзяржавы, які выйшаў з самалёта за ручку з малодшым сынам Мікалаем, паднеслі хлеб-соль. Там жа ў аэрапорце адбылася і кароткая гутарка Лукашэнкі і Саргсяна, якая стала з таго часу адзіным пацверджаннем «працоўнага» характару візіту ў Арменію.

Як стала вядома «Беларускім навінам», з Ерэвана Лукашэнка наўпрост накіраваўся ў размешчанае ў 55 кіламетрах ад армянскай сталіцы мястэчка Цахкадзор, дзе спыніўся ва ўльтрасучасным пяцізоркавым гасцінічным комплексе Multi Rest House. Там ён плануе прабыць да нядзелі. Прынамсі, менавіта 15 сакавіка сканчаецца бронь на нумары, занятыя гасцямі з Беларусі.

Да паслугаў пастаяльцаў Multi Rest House, адчынены ўсяго крыху больш за два гады таму, прапаноўвае не толькі камфартабельныя нумары, але і асобныя двух- і трохпавярховыя vip-катэджы, адметнай рысай якіх з'яўляецца наяўнасць свайго санвузла ў кожнай спальні.

Multi Rest House абраны, мяркуючы па ўсім, не выпадкова. Гэта не толькі самы новы і сучасны гатэль на курорце, ён ідэальна падыходзіць для аматараў актыўнага адпачынку, да ліку якіх адносіцца і беларускі прэзідэнт. У гатэлі ёсць фітнэс-зала, саўна, басейн, пляцоўкі для футбола, баскетбола, тэнісныя корты, більярд. Таксама гатэль ганарыцца сваёй гульнявой пляцоўкай для дзяцей.

Невялікае армянскае мястэчка Цахкадзор на постсавецкай прасторы больш за усё вядомае як гарналыжны курорт. Найбольш актыўна яго наведваюць са снежня па красавік — менавіта ў гэты перыяд снег на курорце гарантаваны. Трасы на схілах Цахкадзора маюць пяць узроўняў складанасці, таму армянскі курорт падыходзіць і для пачаткоўцаў, і для прасунутых аматараў горных лыжаў.

Ад гасцінічнага комплексу Multi Rest House, які стаіць фактычна ў цэнтры Цахкадзора, да канатнай дарогі і гарналыжных трасаў — усяго пяць хвілінаў язды на машыне, хаця большасць пастаяльцаў усё ж аддаюць перавагу таму, каб пераадолець гэтую адлегласць пешшу і палюбавацца мясцовымі пейзажамі.

Дарэчы, прэс-служба прэзідэнта Арменіі не мае інфармацыі пра тое, ці будуць яшчэ раз сустракацца Лукашэнка і Саргсян. Па звестках жа кіраўніка прэс-службы беларускага прэзідэнта Паўла Лёгкага, Лукашэнка вернецца ў Менск «не раней, чым заўтра». «У Арменіі яшчэ будуць сустрэчы», — адзначыў П.Лёгкі.

Як раней паведамляла прэс-служба Лукашэнкі, праграмай візіту прадугледжаныя сустрэчы Лукашэнкі з кіраўніцтвам Арменіі і прадстаўнікамі дзелавых колаў.

Напісаць каментар 59

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках