24 лiстапада 2024, Нядзеля, 16:47
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

БАЖ: «Прыкра бачыць з боку еўрапейскіх партнёраў праявы цынізму...»

5

Журналісты абураныя ацэнкай сітуацыі са свабодай слова ў Беларусі, зробленай дэлегацыяй ПА АБСЭ.

«Вельмі добрым знакам стала прыняцце новага закона аб СМІ ў Беларусі з улікам рэкамендацый еўрапейскай супольнасці», — цытуе агенцтва БелТА выказванне кіраўніцы працоўнай групы ПА АБСЕ Уты Цапф на прэс-канферэнцыі 11 сакавіка ў Мінску.

«Я не магу сказаць, што ў Беларусі адбываюцца радыкальныя змены да лепшага. Гэта, хутчэй, нейкі «крок за крокам», чым нешта радыкальнае. Але прыемна бачыць, што ўжо ёсць жаданне з боку ўладаў перагледзець беларускае заканадаўства ў еўрапейскім кірунку. І гэта выклікае павагу», — прыводзіць яшчэ адну цытату Радыё «Свабода».

Прэс-канферэнцыя дэлегацыі ПА АБСЕ

У якасці ілюстрацыі перавагаў новага закона спн. Цапф прывяла факт вяртання ў сістэмы распаўсюду дзвюх газет («Нашай Нівы» і «Народнай волі»). «Учора ў прэзідэнцкай адміністрацыі мой калега па групе набыў адну такую газету, і я яе абавязкова захаваю», — цытуе сп-ню Цапф «Свабода».

Прэс-служба Беларускай асацыяцыі журналістаў папрасіла пракаментаваць выказванне Уты Цапф беларускіх журналістаў, юрыстаў, сябраў арганізацыі.

Намеснік старшыні ГА «БАЖ», юрыст Андрэй Бастунец (які ўдзельнічаў 10 сакавіка ў сустрэчы дэлегацыі ПА АБСЕ з прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасці):

«Такія ацэнкі выклікаюць толькі здзіўленне. Бо, што тычыцца прыняцця закона, то ніякія рэкамендацыі еўрапейскіх структур не былі пачутыя. Закон дэманстратыўна прымаўся ў надзвычай кароткія тэрміны, на экспертызу ў Раду Еўропы — як тое было раней абяцана афіцыйным Мінскам — закон не накіроўваўся, і нават аператыўна падрыхтаваная экспертыза АБСЕ не была прынятая да ўвагі. (Як патлумачылі ў парламенце, не было часу яе разгледзець, хоць цяжка зразумець, куды спяшаўся парламент).

Сапраўды, у працэсе прымянення закона некаторыя рэкамендацыі еўрапейскіх структур былі пачутыя, і гэта, безумоўна, пазітыўны крок. Але згаданае вяртанне двух выданняў у дзяржаўныя сістэмы распаўсюду ніякага дачынення да закона „Аб СМІ“ не мае. Сам па сабе закон застаецца недэмакратычным, скрайне жорсткім, і ў выпадку змянення палітычнай кан’юктуры мы яшчэ зможам „азнаёміцца“ з усімі яго рэпрэсіўнымі нормамі…

Нагадаю, што ў законе захоўваецца норма аб неабходнасці рэгулявання дзейнасці інтэрнет. Закон спрашчае магчымасць закрыцця сродку масавай інфармацыі па зыску (рашэнні) Мінінфармацыі, забараняе дзейнасць карэспандэнтаў замежных СМІ без акрэдытацыі.»

Валерый Булгакаў, галоўны рэдактар часопіса «ARCHE» (нумар якога нядаўна быў прызнаны экстрэмісцкім):

«Уласна кажучы, незалежныя СМІ, якія існуюць у Беларусі, яшчэ не змаглі зразумець, добры новы закон альбо кепскі. На практыцы ён прынёс пакуль толькі перарэгістрацыю СМІ, што само па сабе малапрыемны занятак.

Але трэба браць пад увагу, што ў Беларусі медыйнае поле рэгулюецца далёка не толькі гэтым законам. Нейкія мінімальныя зрухі — нават калі яны ёсць — нівелююцца іншымі драконаўскімі законамі, прынятымі цягам апошніх гадоў. Мы, напрыклад, патрапілі пад „убойнае“ дзеянне закона „Аб супрацьдзеянні экстрэмізму“.

Гэтую заяву Уты Цапф варта ацэньваць як нейкі тактычны ход у збліжэнні паміж еўрапейскімі структурамі і Беларуссю. Сам працэс, мабыць, пазітыўны. Але вельмі прыкра робіцца, калі і з боку нашых еўрапейскіх партнёраў можна назіраць праявы цынізму.»

Анатоль Гатоўчыц, кіраўнік гомельскай філіі ГА «БАЖ» (двое сябраў якой нядаўна атрымалі папярэджанні за супрацоўніцтва з тэлеканалам «Белсат»)

«Незразумела, чаму ў замежных назіральнікаў распаўсюд дзвюх газет стаў атаясамлівацца з нейкім «прарывам» у галіне СМІ. Гэта, канешне, добра, што «Народную волю» і «Нашу Ніву» пусцілі нарэшце ў шапікі, але гэта не азначае, што у нас з’явіліся нейкія вельмі станоўчыя зрухі ў галіне свабоды слова.

Па Гомелі бачна, што ніякай лібералізацыяй і «не пахне». У нашай філіі з 2006 года пяцёра журналістаў папярэджаныя пракуратурай за супрацоўніцтва з замежнымі сродкамі масавай інфармацыі. На жаль, у новым законе «Аб СМІ» ніякіх станоўчых зрухаў з акрэдытацыяй журналістаў, якія жадаюць супрацоўнічаць з замежнымі СМІ, няма.

Журналісты не маюць магчымасці акрэдытавацца і працаваць легальна і без аглядкі на санкцыі. Гэта бачна па апошніх папярэджаннях журналістам Таццяне Бублікавай і Алегу Ражкову, якія вынесены ў лютым ўжо на падставе гэтага новага закона.»

Сяргей Вазняк, галоўны рэдактар газеты «Товарищ» (якая вымушана была нядаўна прыпыніць выхад):

«Складна каментаваць, бо не зразумела, пра якія станоўчыя змены кажа Ута Цапф. Як рэдактар недзяржаўнага друкаванага СМІ я ніякага паляпшэння ўмоў працы не адчуў. Больш за тое — ужо месяц наша газета не выходзіць, паколькі няма нармальных раўнапраўных умоў працы. Мы вымушаныя друкавацца за мяжой, бо з намі адмаўляюцца працаваць беларускія друкарні, нас не бяруць распаўсюджваць праз газетныя кіёскі і падпіску. І дзе прагрэс?..»

Іван Роман, гродзенскі журналіст (якому нядаўна МЗС адмовіла ў акрэдытацыі ў якасці карэспандэнта «Радыё Рацыя»):

«Апошнія падзеі — адмова ў акрэдытацыі некалькім незалежным журналістам у якасці карэспандэнтаў замежных СМІ і пазбаўленне акрэдытацыі карэспандэнта Андрэя Пачобута — сведчаць пра тое, што асаблівых станоўчых зрухаў няма.»

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках