27 снежня 2024, Пятніца, 9:04
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Жыццю Уладлены Функ, якая праходзіла па справе Зельцэра, пагражае смяротная небяспека

Вызваленую з калоніі грамадзянку Расеі Функ збіраюцца трымаць у ізалятары яшчэ 7 дзён.

Што зараз з ёй адбываецца ў турме – ніхто не ведае.

Грамадзянка Расеі Уладлена Функ была вызваленая прыкладна ў 6 гадзінаў раніцы. За ёй прыехалі супрацоўнікі аддзела ўнутраных справаў Чыгуначнага раёна Гомеля і звезлі яе з выпраўленчай установы.

Зараз Уладлена Функ знаходзіцца ў гомельскім ізалятары часовага ўтрымання. Пра гэта яе адвакату Дзмітрыю Гарачку заявілі ў аддзеле па грамадзянстве і міграцыі аддзела ўнутраных справаў Чыгуначнага раёна Гомеля, на тэрыторыі якога размешчаная жаночая выпраўленчая калонія. Там паведамілі таксама, што ўсе дакументы Функ перададзеныя ва ўпраўленне па грамадзянстве і міграцыі Гомеля.

Адвакат дамогся сустрэчы са сваёй падабароннай. Сустрэча доўжылася каля гадзіны. Па словах Гарачкі, 31-гадовая Уладлена адчувае сябе нармальна, але «знаходзіцца ў лёгкім шоку» ад таго, што адбываецца. Расейка пацвердзіла, што раніцай з калоніі яе забралі супрацоўнікі міліцыі і, нічога не патлумачыўшы, даставілі ў ІЧУ.

Як паведаміў прэс-цэнтру Хартыі’97 Дзмітры Гарачка, сакратарку Зельцэра ў бліжэйшыя дні прымусова дэпартуюць у Расею.

«Уладлену Функ вырашылі прымусова дэпартаваць у Расею, -- паведаміў Гарачка. – Яе плануюць пад канвоем пасадзіць на электрычку і адвезці да бліжэйшай чыгуначнай станцыі Расейскай Федэрацыі».

Па словах юрыста, адбыцца гэта можа і праз тыдзень. «Я стэлефанаваўся з супрацоўніцай ўпраўлення грамадзянства і міграцыі гомельскай міліцыі, і там сказалі, што пытанне пра экстрадыцыю Уладлены Функ будзе вырашанае за тыдзень, і што ў панядзелак я магу патэлефанаваць і мне скажуць прыблізную дату, калі яна будзе, як сказалі, «выселеная».

Адвакат яшчэ не ведае, як адрэагуе на гэтую навіну Уладлена Функ. «Я сабраў ёй перадачу, прадукты, і тады даведаюся пра яе рэакцыю. Думаю, яна зноў будзе шакаваная», - сказаў Дзмітры Гарачка.

Акрамя таго, у пашпарт Функ паставілі штамп, які забараняе ўезд на тэрыторыю Беларусі на працягу найбліжэйшы 10 гадоў.

Адвакат лічыць прымусовую дэпартацыю сакратаркі Зельцэра неабгрунтаванай, бо Уладлена Функ з'яўляецца жыхаркай «саюзнай дзяржавы» і мае права знаходзіцца на тэрыторыі Беларусі.

«Брускова з'яўляецца грамадзянкай Расеі і, нягледзячы на тое, што яна адбыла пакаранне і вызваленая, працэдура высылкі праводзіцца па той жа схеме, што і ў дачыненні да замежнікаў, якія здзяйснілі правапарушэнне на тэрыторыі Беларусі», - адзначыў ён.

Выклікае сур'ёзныя асцярогі той факт, што Уладлену Функ плануюць трымаць у Беларусі яшчэ цэлы тыдзень. Жанчына павінна была быць вызваленая сёння раніцай. Не выклікае сумневаў, што яна з'ехала б з Беларусі адразу ж, як выйшла б з калоніі. Адлегласць ад Гомелю да мяжы з РФ – 40 кіламетраў. На цягніку такая адлегласць пераадольваецца ў 10-15 хвілін. Значыць, беларускім уладам для чагосьці патрабуецца трымаць сакратарку Зельцэра ў ізаляцыі? Што адбываецца ў ізалятары з жанчынай нікому невядома.

Грамадзянін ЗША Эмануіл Зельцэр і ягоная сакратарка расейка Уладлена Функ (Брускова) былі затрыманыя 12 сакавіка 2008 года і абвінавачаныя ў выкарыстанні загадзя ілжывых дакументаў і замаху на камерцыйны шпіянаж. Зельцэр быў прысуджаны да трох гадоў пазбаўлення волі, Функ — да аднаго. Сваёй віны яны не прызналі.

31 кастрычніка Вярхоўны суд Беларусі пакінуў прысуд у сіле. Усе судовыя працэсы прайшлі ў зачыненым рэжыме.

Злучаныя Штаты Амерыкі неаднаразова заклікалі беларускія ўлады вызваліць Э.Зельцэра з меркаванняў гуманнасці, паколькі ў зняволенні яго здароўе сур'ёзна пагоршылася. Абарона і сваякі назвалі прысуд Зельцэру «расстрэльным» з-за дрэннага стану яго здароўя. Яны лічаць, што асуджаны можа проста не дажыць да заканчэння тэрміна зняволення.

Сваякі Зэльцэра вінавацяць у датычнасці да яго арышту кампаньёна Патаркацышвілі — расейскага бізнэсмэна Барыса Беразоўскага. Паводле іх інфармацыі, той прыязджаў на судовы працэс у Менск для давання паказанняў і наведваў Зельцэра ў следчым ізалятары КДБ. Беразоўскі і афіцыйныя беларускія структуры не пацвярджаюць і не абвяргаюць гэтыя звесткі.

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках