24 лiстапада 2024, Нядзеля, 19:32
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

АБСЕ распавялі пра новых беларускіх палітвязняў

Беларускія праваабаронцы і грамадскія актывісты распавялі кіраўніку Парламенцкай асамблеі АБСЕ пра праблему палітвязняў і ўмяшання ўладаў у дзейнасць незалежных СМІ.

Менавіта пра сітуацыю з правамі і свабодамі ў Беларусі пра дзеянні уладаў па дэмакратызацыі ішла гаворка на сустрэчы дэлегацыі ПА АБСЕ з прадстаўнікамі беларускай грамадзянскай супольнасці 10 сакавіка ў Менску.

Як паведамляе БелаПАН, дэлегацыя на чале з старшынём ПА АБСЕ Жаао Саарэшам знаходзіцца ў Менску з 9 па 12 сакавіка. У яе працоўным графіку — сустрэчы з кіраўніцтвам «нацыянальнага сходу», адміністрацыі Лукашэнкі, Міністэрства замежных справаў і Міністэрства інфармацыі, а таксама ўдзел у семінары «Паляпшэнне клімату для прыцягнення замежных інвестыцыяў».

На сустрэчы з прадстаўнікамі грамадскіх арганізацыяў, палітычных партыяў і СМІ дэлегацыя, па словах Ж.Саарэша, ставіла задачу высветліць іх пункт погляду на запэўніванні ўладаў пра тое, што ў Беларусі нібыта маецца «поўная свабода прэсы і адсутнасць палітычных зняволеных».

Як падкрэслівалі прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці, для Беларусі праблема свабоды слова з'яўляецца ключавой. Дагэтуль у краіне дзейнічае манаполія на электронныя СМІ, на друк і распаўсюд газетаў. Існуе дыскрымінацыя ў стаўленні да недзяржаўнай прэсы — 13 грамадска-палітычных выданняў усё яшчэ пазбаўленыя магчымасці распаўсюджвацца па дзяржаўных каналах.

Сур'ёзныя праблемы маюцца з доступам журналістаў да інфармацыі і з іх акрэдытацыяй. Удзельнікі сустрэчы выказалі насцярожанасць у дачыненні да практыкі ўжывання Закона аб супрацьдзеянні экстрэмізму, ад якой ужо пацярпеў часопіс «ARCHE».

Прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці схільныя бачыць палітычную падаплёку ў крымінальных справах, узбуджаных супраць Арцёма Дубскага, Максіма Дашука, Мікалая Аўтуховіча, Юрыя Лявонава і Уладзіміра Асіпенкі. Увага дэлегацыі ПА АБСЕ звернутая таксама на разгон міліцыяй апазіцыйных акцыяў 14 і 16 лютага, гвалтоўны прызыў у армію моладзевых актывістаў, ціск спецслужбаў на дэлегатаў устаноўчага з'езду партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя», умяшанне ўладаў у дзейнасць рэлігійных арганізацыяў.

«Вядома, мы можам дапамагчы ў дэмакратызацыі. Але, перш за ўсё, ініцыятыва павінна зыходзіць ад вас саміх. Мы — не Еўразвяз, а Парламенцкая Асамблея АБСЕ, і нашая задача — будаваць масты для дыялогу. Свабода ў нашых уласных руках, ніхто яе не прыўнясе звонку. Нам прасцей за ўсё вярнуцца ў Лісабон, у Вену, у Брусэль і сказаць: там — дыктатура. Але, напэўна, трэба трымаць дзверы для дыялогу адчыненымі», -сказаў на сустрэчы Ж.Саарэш.

Трэба адзначыць, што прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці не выступалі супраць дыялогу з уладамі як такога. Але яны выказаліся за тое, каб грамадзянская супольнасць было паўнапраўным удзельнікам гэтага дыялогу.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках