Дэкрэт Лукашэнкі невыканальны: зарэгістраваць ІП за адзін дзень нельга
14- 9.02.2009, 13:58
Новы дэкрэт Аляксандра Лукашэнкі дазваляе зарэгістраваць ІП за адзін дзень. Але ў сапраўднасці будучым прадпрымальнікам прыйдзецца змарнаваць нашмат больш часу.
Рэгістрацыя індывідуальнага прадпрымальніка, паводле новага дэкрэту, цяпер праводзіцца за 1 дзень. Але, як атрымліваецца на практыцы, за адзін дзень выдаецца толькі пячатка, а ўсё неабходнае для пачатку дзейнасці ўсё яшчэ прыходзіцца рабіць доўга.
Блытаніна пачалася з таго, што ў новым дэкрэце «Аб дзяржаўнай рэгістрацыі і ліквідацыі (спыненні дзейнасці) суб'ектаў гаспадарання» сказана, што дзяржаўная рэгістрацыя суб'ектаў гаспадарання праводзіцца на аснове заяўнага прынцыпу ў дзень падачы дакументаў.
У інтэрв'ю «Еўрарадыё» старшыня камітэта эканомікі Менскага аблвыканкама Жана Бірыч кажа, што для рэгістрацыі ІП патрэбны адзін дзень. Таксама чыноўніца заявіла, што адразу пасля рэгістрацыі можна пачынаць гаспадарчую дзейнасць.
Калі чалавек паспрабуе зарэгістравацца індывідуальным прадпрымальнікам, ён сапраўды атрымае пячатку аб рэгістрацыі, аднак яна з'яўляецца толькі першым крокам да таго, каб стаць паўнавартасным суб'ектам гаспадарання, адзначае «Еўрарадыё».
А на наступны дзень яго чакае працяг афармлення папераў. Аднак гэтая працэдура рэгістрацыяй ужо не называецца. І займае яна значна больш дзён, чым здаецца на першы погляд.
На пытанне, ці сапраўды гэтая рэгістрацыя праходзіць за адзін дзень, супрацоўніца Упраўлення юстыцыі Менгарвыканкама адказала адмоўна.
«Калі чытаць цалкам дэкрэт, дык не, -- кажа супрацоўніца. -- Для таго, каб адкрыць разліковы рахунак, трэба яшчэ нешта. Мы рэгіструем, ставім штамп аб рэгістрацыі, пасведчанне аб дзяржрэгістрацыі ставяць на наступны дзень. Калі адчыняецца новае прадпрыемства, яго трэба паставіць на ўлік у органах статыстыкі, Белдзяржстраху, органах Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва, падатковых. Гэта ўсё яшчэ плюс 5 працоўных дзён».
Супрацоўніца Упраўлення юстыцыі Менгарвыканкама таксама адзначыла, што для атрымання ліцэнзіі патрэбны пакет дакументаў, які трэба атрымліваць у райвыканкамах па месцы знаходжання юрыдычнага адрасу.
Кіраўнік аддзела эканомікі Менскага райвыканкама Ірына Галавач кажа, што для рэгістрацыі індывідуальнага прадпрымальніка патрэбныя наступныя дакументы: заява і аплата. Да іх прыкладаецца фатаграфія. Для рэгістрацыі камерцыйных і некамерцыйных арганізацыяў перад рэгістрацыяй неабходна паведаміць пра назву, месца размяшчэння прадпрыемства, падрыхтаваць статут і стварыць статутны фонд.
«Рэгістрацыю мы выдаем адразу, -- распавядае Ірына Галавач. -- Праз 5 дзён прадпрымальніка ставяць на ўлік у падатковай».
Нягледзячы на тое, што ўсе чыноўнікі так упэўненыя ў спрашчэнні працэдуры рэгістрацыі ІП, станавіцца прадпрымальнікамі беларусы не спяшаюцца. Колькасць жадаючых пасля прыняцця дэкрэту істотна не змянілася.