28 снежня 2024, Субота, 6:56
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Услед за пераходам МАЗа на скарочаны рабочы тыдзень, зноў стаў завод «Мотавела»

2

Менскі аўтамабільны завод перайшоў на скарочаны працоўны тыдзень. Менскі мотавелазавод пасьля амаль двухмесячнага прастою пакуль не аднавіў працу.

Паводле начальніка ўпраўленьня маркетынгавых камунікацый Менскага аўтазаводу Вольгі Ісер, адміністрацыя прадпрыемства робіць усе магчымае, каб не дапусьціць затаварваньня складоў, перадае «Радыё Свабода».

«Таму было прынята рашэньне, што для некаторых вытворчасьцяў, уключаючы і галоўны канвэер, гэты тыдзень будзе скарочаны. У тым ліку аўтобусная і асобная падрыхтоўчая вытворчасьць працуюць у штатным рэжыме, бязь зьменаў. Для аптымізацыі, з улікам невялікіх складанасьцяў, зьвязаных з рэалізацыяй прадукцыі, каб не было затаварваньня, прынята рашэньне аб зьмяншэньні аб’ему вытворчасьці» -- кажа Вольга Ісер.

Вольга Ісер паведаміла, што далейшае рашэньне пра колькасьць працоўных дзен у лютым і іншых месяцах будзе прымацца з улікам разьвіцьця сытуацыі, якая залежыць ад агульных сусьветных тэндэнцый. Маўляў, на заводзе спадзяюцца на эфэктыўнасьць антыкрызісных захадаў, зробленых у лістападзе, а таксама на расейска-беларускую праграму па прадухіленьні наступстваў крызісу. Пакуль рэалізацыя прадукцыі на традыцыйных рынках, у тым ліку ў Расеі, зьменшылася «з аб’ектыўных прычын».

«Сытуацыя цяпер нестабільная. Попыт есьць на вузкаспэцыялізаваную тэхніку. Але ў тым аб’еме, як было раней, цяпер мы бачым пэўныя складанасьці, -- адзначыла Вольга Ісер».

Чакаецца, што ў пятніцу завод працаваць ня будзе. За дзень прастою работнікам будуць выплочвацца дзьве траціны заробку.

Актывіст дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандар Бухвостаў спасылаецца на рабочых заводу, якія паведамілі, што МАЗ пераходзіць на трохдзенку. І ўжо за сьнежань людзі страцілі ў заробках ад 300 да 500 тысяч рублеў.

«Вось такія заводы, як МАЗ — элітныя прадпрыемствы. У іх укладаў заўседы ўрад, і там працуе па 20 тысяч работнікаў. І калі ўжо яны пачынаюць уваходзіць у такое піке, то гэта азначае, што пікіруе ўся прамысловасьць. У Беларусі штучна падтрымлівалася праца прамысловасьці цягам апошніх двух-трох месяцаў за кошт крэдытаў. Прымушалі працаваць на склад. А цяпер ужо пытаньне будзе стаяць хутчэй за ўсе так — выгадней спыняць прадпрыемства», -- кажа Бухвостаў.

Менскі мотавелазавод, які прастойвае амаль два месяцы, не аднавіў працу. Раней, з удзелам Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларусі, была дасягнутая дамоўленасьць, што яго запусьцяць 2 лютага.

«Уласьнік там прыйшоў, прадпрыемства аддадзена ATECу, -- распавядае старшыня савету Беларускага прафсаюзу работнікаў аўтамабільнага машынабудаваньня Валеры Кузьміч. -- Працэс аднаўленьня працы прадпрыемства патрабуе часу. Але на гэтым тыдні робяцца захады, каб уключыць завод поўнасьцю. Гэта вялікі мэханізм і буйное прадпрыемства. Расьце ўключэньне работнікаў. 4-га працавала недзе 850, 5-га — ужо 930. Пабачым, што будзе заўтра. Мы ўвесь час сочым за сытуацыяй».

За дні прастою работнікам плацяць дзьве траціны ад тарыфнай стаўкі ці службовага акладу.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках