Светлагорскі «Хімік» церпіць сур'ёзныя фінансавыя праблемы
1- 5.02.2009, 12:25
У срэбнага прызёра чэмпіянату Беларусі сярод каманд першай лігі ФК «Хімік» паўсталі фінансавыя праблемы.
Дагэтуль не звярстаны бюджэт клуба на гэты год і не вызначаныя крыніцы ягонага напаўнення. Больш за тое, да сённяшняга дня нават не атрымалася здзейсніць канчатковы разлік з гульцамі па выніках мінулага сезону, паведамляе «Тэлеграф».
«У сувязі з узніклымі фінансавымі праблемамі адно з прадпрыемстваў-спонсараў не выканала перад намі сваіх абавязанняў па дамове. Зараз на кантракце ў клубе знаходзіцца ўсяго двое футбалістаў. Астатнія чакаюць рашэння фінансавага пытання», - сказаў Алег Таранухін.
Трэнер «Хіміка» таксама адзначыў, што ў выпадку адсутнасці фінансавання клуб проста не зможа падаць заяўку на атрыманне ліцэнзіі для выступлення ў наступным годзе. Узніклыя праблемы прывялі да сур'ёзных страт у камандзе. Па інфармацыі Алега Таранухіна, клуб ужо пазбавіўся сямёрых гульцоў: Мікалая Каморнікова, Сяргея Ткача, Паўла Крэчына, Сяргея Нікіценкі, Сяргея Забалоцкага, Сяргея Дразда і Аляксандра Ждановіча.
Па словах галоўнага трэнера, 16 студзеня на абласной нарадзе намеснік губернатара Ўладзімір Надтачаеў паабяцаў да канца студзеня ліквідаваць узніклую запазычанасць за мінулы год, перадае афіцыйны сайт светлагорскага клуба.