28 лiстапада 2024, Чацвер, 18:43
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Праваабарончая арганізацыя «Наша Вясна» не атрымала адказу ад Мінюста

Праваабаронцы лічыць, што пры такім стаўленні да разгляду пададзеных на рэгістрацыю дакументаў надзеяў на тое, што «Наша Вясна» атрымае легальны статус, застаецца ўсё менш.

Законны прадстаўнік інтэрасаў заснавальнікаў грамадскага праваабарончага аб'яднання «Наша Вясна» праваабаронца Уладзімір Лабковіч пацікавіўся сёння па тэлефоне ў спецыяліста Мінюста Аляксандра Харытона наконт рашэння адносна рэгістрацыі альбо нерэгістрацыі праваабарончага аб'яднання.

Харытон паведаміў, што дакументы заснавальнікам сёння не адпраўленыя, паколькі рашэнне аб рэгістрацыі "“Нашай Вясны” будзе прымаць калегія Мінюста. Дата правядзення чарговай калегіі пакуль невядомая.

Аднак 26 лютага скончыўся месячны тэрмін, на працягу якога Міністэрства юстыцыі паводле Закона РБ “Аб грамадскіх аб'яднаннях” павінна прыняць адпаведнае рашэнне. Відавочна, што Мінюст, галоўнай задачай якога з'яўляецца захаванне законнасці ў краіне, сам ігнаруе законы.

Нагадаем, што 18 студзеня ў Менску адбыўся ўстаноўчы сход грамадскага праваабарончага аб'яднання “Наша Вясна”. Кіраўніком аб'яднання быў абраны вядомы праваабаронца, віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека Алесь Бяляцкі. Заснавальнікамі “Нашай Вясны” з'яўляюцца праваабаронцы, журналісты і грамадскія дзеячы з розных рэгіёнаў краіны, якія раней уваходзілі ў арганізацыю, ліквідаваную ўладамі па рашэнні Вярхоўнага Суду Беларусі яшчэ ў кастрычніку 2003 года.

Неаднаразова супрацоўнікі ліквідаванага праваабарончага цэнтра “Вясна” спрабавалі зарэгістраваць іншую праваабарончую арганізацыю, але на незаконных і надуманых падставах ім адмаўлялася ў рэгістрацыі.

Нагадаем, што ў 2007 годзе было рашэнне Камітэта па правах чалавека ААН аб неабходнасці ўзнаўлення незаконна пазбаўленага рэгістрацыі праваабарончага цэнтра “Вясна” у правах. Камітэт пастанавіў, што “ліквідацыя аб'яднання з'яўляецца несувымернай мерай і не адпавядае патрабаванням артыкула 22 пункта 2… Таму Камітэт лічыць, што аўтар і суаўтары маюць права на адпаведныя сродкі прававой абароны, якія ўключаюць перарэгістрацыю “Вясны” і кампенсаванне.” Аднак Міністэрства юстыцыі, а затым і Вярхоўны Суд праігнаравалі рашэнне Камітэта па правах чалавека ААН.

26 студзеня неабходныя для рэгістрацыі дакументы былі перададзеныя для прыняцця рашэння ў Міністэрства юстыцыі.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках