24 лiстапада 2024, Нядзеля, 16:38
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Дэлегацыю Польшчы цікавіла ў Менску прыватызацыя беларускіх прадпрыемстваў

4

Беларусь прапаноўвае Польшчы ўдзельнічаць у прыватызацыі беларускіх прадпрыемстваў, якія ўтрымліваюцца ў плане на 2008-2010 гады.

Пра гэта сёння заявіў віцэ-прэм'ер Андрэй Кабякоў на сустрэчы з намеснікам старшыні Рады Міністраў Польшчы, міністрам эканомікі Вальдэмарам Паўляком, які ўзначальвае польскую дэлегацыю, што прыехала ў Беларусь з візітам, перадае БелТА.

Віцэ-прэм'ер Кабякоў заявіў на сустрэчы, што сёння ў Беларусі праводзіцца маштабная трохгадовая праграма прыватызацыі, за час рэалізацыі якой плануецца акцыянаваць больш за 500 прадпрыемстваў.

«Мы праводзім прыватызацыю не з мэтай папаўнення бюджэту, а для эфектыўнай працы прадпрыемстваў», - падкрэсліў Андрэй Кабякоў. І Беларусь тут хацела б выкарыстаць досвед Польшчы, адзначыў чыноўнік.

Міністр эканомікі Польшчы пацвердзіў, што польскія прадпрымальнікі зацікаўленыя ўдзельнічаць у прыватызацыі беларускіх прадпрыемстваў.

«Польскія прадпрымальнікі маюць намер удзельнічаць у прыватызацыйных працэсах, якія зараз ідуць у Беларусі, ужо ёсць добрыя прыклады», - сказаў Вальдэмар Паўляк.

Андрэй Кабякоў і Вальдэмар Паўляк дамовіліся правесці ў студзені-лістападзе 2009 года паседжанне міжурадавай беларуска-польскай камісіі па гандлёва-эканамічнаму супрацоўніцтве.

Як паведамляе БелаПАН, абмяркоўваліся таксама пытанні па рэалізацыі сумеснага праекту на Аўгустоўскім канале. Бакі лічаць неабходным разгледзець канкрэтныя інвестыцыйныя праекты ў нафтагазавай сферы, банкаўскім сектары, а таксама па прыватызацыі. Акрамя таго, Беларусь зацікаўленая працаваць з Польшчай у фармаце праекту Усходняга партнёрства.

Таксама Беларусь і Польшча выступаюць за рэалізацыю праекту «Ямал-Еўропа-2». Па словах польскага віцэ-прэм'ера, будаўніцтва другой ніткі газаправода «Ямал-Еўропа» у цяперашні час мае добрыя шанцы для ажыццяўлення. Ён лічыць, што гэты праект можна рэалізаваць хутчэй, чым іншыя, і ён больш эканомны.

Акрамя таго, бакі абмеркавалі сёння пытанні супрацоўніцтва з польскім аператарам па пастаўках вадкага паліва, сказаў Вальдэмар Паўляк. «Мы выступаем за рэалізацыю сумесных праектаў у сферы энергетыкі, газу, вадкага паліва», — сказаў ён. Вальдэмар Паўляк таксама станоўча ацаніў рэалізацыю сумеснага праекту па будаўніцтве вугальнай ЦЭЦ у Зэльве з удзелам польскай кампаніі «Кульчык Холдэн».

Нагадаем, што на Беларускім інвестыцыйным форуме ў Лондане Беларусь і Польшча дамовіліся аб рэалізацыі сумеснага праекту па будаўніцтве вугальнай ЦЭЦ у Зэльве.

Як вядома, прадстаўнікі беларускай апазіцыі неаднаразова заяўлялі, што новы дэмакратычны ўрад Беларусі не прызнае вынікі дыктатарскай прыватызацыі, бо сёння ў Беларусі не існуе легітымнага парламента, незалежнага суду, практычна адсутнічае свабода слова. У такіх умовах прыватызацыя, якая ажыццяўляецца рэжымам Лукашэнкі, носіць непразрысты, закрыты ад грамадства характар.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках