24 лiстапада 2024, Нядзеля, 17:29
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Армейскі дзёньнік Франака Вячоркі

19

Гвалтоўна забраны ў войска лідэр «Моладзі БНФ» Франак Вячорка напісаў дзённік, надрукаваны у «Беларускіх навінах».

28 студзеня. You're in the Army Now

"Я выйшаў купіць хлеба, і мяне забралі ў армію", — расказваю, салдаты сьмяюцца. Іронія лёсу.

Маё затрыманьне нагадвала галівудскі блокбастэр. Затрыманьне небясьпечнага злачынцы. "Фальксваген" з таніраванымі вокнамі, падазроны мужчына ля пад'езда, паўсюдна міліцыянты… На сьвятлафоры падбягаюць двое, заломваюць рукі і, не прадстаўляючыся, валакуць у аўтамабіль. Канвоем (ці картэжам?) вязуць у ваенкамат. Усё здымаецца на камеру.

Са мной паводзілі сябе жорстка. Ваенны камісар падпалкоўнік Загорскі зачытаў рашэньне аб маім накіраваньні на вайсковую службу. У кабінеце людзі ў цывільным, вайскоўцы, тэлеаператар, — усё загадзя пралічана і падрыхтавана. Калі я заявіў, што рашэньне незаконнае, парушаная працэдура, мяне пачалі біць, абражаць, кінулі на падлогу, зацягнулі кайданкі…

Ад наручнікаў пабляднелі рукі. Рэзкі і глыбокі боль...

— Куды вязуць? — пытаюся.

— Родину защищать!

У Баранавічы мы прыехалі па абедзе. Мяне сустрэлі 120 параў такіх жа разгубленых вачэй. Бальшыня хлапцоў — з Магілёўскай і Гомельскай абласьцей, беларусы. Пэўны час мяне не заўважалі, пакуль начальства не зьвярнула ўвагу. За мной прыставілі сяржанта, які ні на хвіліну не адлучаўся. Сяржант запісваў прозьвішчы хлапцоў, з кім я размаўляў, дакладваў гэта начальству. Адзін стараслужачы са згоды кіраўніцтва даў мне тэлефон паведаміць дадому, што са мною і дзе я. Мой уласны тэлефон забралі.

Да беларускай мовы жаўнеры паставіліся па-рознаму, але ўсе намагаліся слухаць і разумець. Давялося стаць салдацкім "адвакатам", гаварыць камандзірам пра нашы праблемы. Да іхнага гонару, мае заўвагі не пакідалі ўбаку.

З 200 новапрыбылых салдатаў не сустрэў ніводнага, хто ішоў бы ў войска добраахвотна. Для некаторых гэта стала асабістай ці сямейнай трагедыяй. У аднаго хлапца дачцэ споўнілася тры гады, жонка цяжарная і беспрацоўная. Прыслалі позву, на наступны дзень забралі...

Многія патрапілі пад новы ўказ міністра абароны пра медыцынскія патрабаваньні да прызыўнікоў, падпісаны напрыканцы ліпеня 2008. "Годнымі" сталі тысячы хлапцоў, якія раней мелі адтэрміноўку ці былі непрыдатныя да службы па стане здароўя.

У 21.00 мы ўключаем "Панараму". Салдаты глядзяць і смяюцца. Яны больш не вераць прапагандзе.

7 лютага. Прысягнуць на вернаць Радзіме

Напярэдадні прысягі далі новую уніформу: кіцель, штаны, берцы, нават кукарду на шапку. Анучы памянялі на шкарпэткі. Усе чакалі нечага іншага. Гэта тая самая міліцэйская уніформа, толькі іншай расфарбоўкі і на парадак ніжэйшай якасьці. Адпаведных памераў не хапала. Хлопцы нацягвалі штаны, як ласіны, меншыя танулі ў кіцялях. Магілёўскія "берцы" аказаліся гумавай падробкай, расклейваліся на вачах.

Расчараваньню хлопцаў не было мяжы.

Нас пашыхтавалі за дзьве гадзіны да прысягі. Двумстам салдатам не было дзе разьвярнуцца на маленькім плацы з патрушчаным асфальтам. Бацькі залазілі на стэнды, футбольныя брамы, фізкультурныя прыстасаваньні, пускалі сьлязу і крычалі: "Саша! Саша!" Пачуўшы сваё імя, ледзь не чвэрць роты абарочвалася.

Ля сцэны ўвіхаліся жвавыя хлапцы. З дынамікаў загучаў "Чырвоным па-беламу" — "Не жадаю":

"…Бо мы ж не бязродныя,

Мы — беларусы.

З агеньчыкам у вачах,

З усьмешкай на вуснах.

Трэба мець гонар і верыць у тое,

Што маем сваё, бо сваё — не чужое".

Начальства крамолы не прыкмеціла. "Вось гэта прысяга!" — думалася мне. Я быў адзіны, хто яе прымаў па-беларуску: "Я прысягаю годна выконваць воінскі абавязак, мужна і самааддана бараніць незалежнасьць, тэрытарыяльную цэласнасьць і канстытуцыйны лад Рэспублікі Беларусь".

Напрыканцы салдат мусіў выгукнуць "Служу Рэспубліцы Беларусь!" Адзін хлопец ад хваляваньня ляпнуў "Служу Советскому Союзу!"

Я крыкнуў "Жыве Беларусь!" З натоўпу пачулася дружнае "Жыве!" Крыкі маёй маці, у якой сілай вырвалі бел-чырвона-белы сцяг. "Моладзь БНФ" разгарнула расцяжку "За прафесійнае войска". Двух хлапцоў забралі ў міліцыю...

Увечары, пасьля "увалкі", салдаты "адзначалі". Пустыя бутэлькі выкідалі мяшкамі...

Шаснаццаць хлапцоў, у тым ліку я, першымі пакінулі так званы "каранцін". Зрабілі марш-кідок да вакзала, а там - начным цягніком да Мазыра...

9 лютага. Служу ў войсках СПА

У войскі супрацьпаветранай абароны, згодна з сядзячай спецыфікай, бяруць, як правіла, хворых на плоскаступнёвасьць, ціск, сэрца і г.д. Сярод жаўнераў ходзіць анекдот:

"У ваенкамаце камісар распытвае прызыўніка:

— Дзе служыць хочаш?

— У лётных войсках.

— Не! Лётаць ты не будзеш, у цябе ж гіпертанія, скаліёз!..

— Ну тады ў войсках супрацьпаветранай абароны!

— ?!

— Раз я лётаць не буду — ніхто не будзе!"

8-я радыётэхнічная брыгада хуткага рэагаваньня ахоўвае паветраныя межы Беларусі. Яе падразьдзяленьні разьмяшчаюцца ва ўсіх абласьцях, апроч Віцебскай.

Нашая брыгада атрымала асаблівую славу за зьбіты паветраны шар з турыстамі. Пра гэта гаварыў увесь сьвет год 10 таму: беларускае войска выявіла і нейтралізавала праціўніка...

Мяне закінулі ў Мазыр. Мы выяўляем патэнцыяльнага праціўніка на мяжы з Украінай, адсочваем самалёты ды іншыя лётныя аб'екты, якія пагражаюць сінявокай. На палітзанятках нам давялі, што, паколькі Украіна рухаецца да НАТО, нам трэба быць асабліва пільнымі.

У часы міграцыяў птушак дадаецца складанасьцяў. Клін крылатых абрысам нагадвае самалёт. На сувязь яны, натуральна, не выходзяць. Тады па гэтых птушак пасылаюць самалёты-зьнішчальнікі. Некаторыя афіцэры зьдзіўляюцца, зь якой такой нагоды мяне і маіх паплечнікаў накіравалі ў стратэгічна важныя войскі — СПА. Жартуюць: Франак выявіць і перадасьць нешта не тое, а Шыла і Каліта гэтае нешта саб'юць...

Дарэчы, нашая брыгада суправаджае палёты прэзідэнта і дзяржэлегацый.

14 лютага. Салдацкае шчасьце. Мазыр

Шэсьць кабінак, тры з іх спраўныя, і толькі ў адной працуе зьліўны бачок. Стараслужачыя рэкамендуюць " ...адразу ў дзірку". Ачко за чвэрць стагодзьдзя эксплуатацыі згніло, патрэскалася, сьмярдзіць.

Калі цябе забралі ў армію, зьмірыся. Ты быдла. Аб цябе будзе выціраць ногі кожны. Прынамсі пакуль не атрымаеш лычкі і зорачкі, будзеш мець падначалены асабісты склад, зможаш зьневажаць сам...

У войску матам не лаюцца, на ім размаўляюць. Нават тыя, хто пачапіў зоркі і носіць высакароднае імя афіцэра. 18-гадовыя юнакі, якія воляй-няволяй патрапілі ў войска, глядзяць на хамства і… прызвычайваюцца.

"Вы павінны быць як усе!" — чуем мы штодзень. Людзьмі без гонару і годнасці. "Ня думайце! За вас падумаюць!" — скажа прапаршчык.

Стараслужачыя відавочна няправільна юрыдычна, але называюць нашу часьць "дысбатам". Гэта самая строгае і суворае падразьдзяленьне брыгады, сюды адпраўляюць вінаватых на "перавыхаваньне". Дзедаўшчыны няма. Статутчына. Мы завучваем воінскія статуты на памяць і расказваем іх на адзнаку.

Наш батальён працуе ў рэжыме безупыннай баявой падрыхтаванасьці. Салдатам прыходзіцца працаваць на дзяжурствах ці нарадах па 16—20 гадзінаў на суткі. Сумаваць не прыходзіцца. Зрэшты, чытаць таксама. Бібліятэкі няма.

Кожнаму жаўнеру належыць звальненьне раз на тыдзень. Гэта паводле статуту. Тут вызваляюць раз на квартал ці паўгода, і то калі пашанцуе. Замест гэтага ставяць у нарады і дзяжурствы.

Вада ў кранах толькі халодная, саланаватага прысмаку. Пітной вады не даюць. Праз тыдзень пачынаюцца праблемы са скурай. Казармы трэба прадэманстраваць якім-небудзь экспертам ад правоў чалавека. Праславіліся б на ўвесь свет.

Кормяць няблага. На сьняданак падаюць кашу з кавалачкам каўбасы, на абед — суп і бульбу з катлетамі, на вячэру — бульбу з мясам. Даюць згушчонку, булачкі з карыцай, іншыя прысмакі.

Тэлефоны строга забаронены. Аднак ты можаш пакінуць свой мабільны старышыну і, у выпадку пільнай неабходнасьці, — пазваніць.

Заўтра цырымонія ўручэньня зброі, дзень адчыненых дзвярэй. Малодшыя прыбіралі сьнег, старэйшыя фарбавалі падлогу. Прадэманструем бацькам, якія мы мужныя салдаты...

Напісаць каментар 19

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках