Як міліцыя гвалтам высяляла менчука на вуліцу (Відэа)
40- 13.02.2009, 10:00
З'явіліся ўнікальныя відэакадры, як учора судовыя выканаўцы з міліцыяй прымусова высялялі менчука Васіля Хадзькова з прыватнага дома па вуліцы Дзяржынскага, дзе будуецца лінія метро.
Васіль Хадзькоў адмаўляўся ўпусціць у хату прадстаўнікоў улады, і тады міліцыянты гвалтам заштурхнулі мужчыну ў міліцэйскі аўтамабіль і адвезлі ў Маскоўскі раённы суд. Яго будуць судзіць за непадпарадкаванне судоваму рашэнню, паведамляе «Радыё Свабода».
Маскоўскі райвыканкам вылучыў у якасці кампенсацыі за дом Хадзькова двухпакаёвую кватэру на трох чалавек: Хадзькову, ягонай былой жонцы і сыну. Васіль Хадзькоў спрабаваў праз суд аспрэчыць гэтае рашэнне, паколькі з былой жонкай ён даўно ў разводзе, але працэс прайграў. Менчук прасіў суд растлумачыць ягоную магчымасць стаць уладальнікам кватэры ва ўмовах, калі на гэтай да плошчы з такімі жа правамі жыве іншая, чужая яму сям'я. Але суд тлумачэння не даў і прызначыў прымусовае высяленне на 12 лютага.