У Беларусі пачалася масавая дактыласкапія мужчын (Фота)
53- 12.02.2009, 8:54
У рэгіёнах ужо сталі выдаваць позвы з патрабаваннем з'явіцца ў аддзяленні міліцыі для дачы адбіткаў пальцаў.
Мужчынская частка насельніцтва Мастоў Гарадзенскай вобласці ў сераду масава атрымала позвы з патрабаваннем прыйсці 10 сакавіка ў мясцовы РАУС для праходжання дактыласкапіі.
«У выпадку нез'яўлення сведкі без паважлівай прычыны… сведка можа быць падвергнуты прымусоваму прываду. Адмова або ўхіленне сведкі ад дачы паказанняў, а роўна перашкода яўкі сведкі або дачы ім паказанняў з боку асобы, ад якой чалавек, які не з'явіўся, з'яўляецца матэрыяльна або службова залежным, цягне за сабой крымінальную адказнасць паводле артыкула 402 КК Рэспублікі Беларусь», - паведамляецца ў позве. Пры гэтым на позве няма ніякіх пячатак, адзначае «Еўрарадыё».
Трэба адзначыць, што сёлета дэпутат Мастоўскага раённага савета Зміцер Кухлей па просьбе працоўных некалькіх мясцовых прадпрыемстваў, на якіх у то час праводзілася дактыласкапія, звярнуўся ў мясцовае РАУС з патрабаваннем растлумачыць, чаму дактыласкапія праводзіцца прымусова.
На гэта начальнік Мастоўскага РАЎС В.Алясюк адказаў, што дадзеная працэдура праходзіць у межах расследавання крымінальнай справы аб выбуху ў Менску 4 ліпеня 2008 года, носіць добраахвотны характар і грамадзянін можа ад яе адмовіцца.
Нагадаем, што 5 лютага на прэс-канферэнцыі ў Менску старшыня Канстытуцыйнага суду Пётр Міклашэвіч зрабіў заяву: «Канстытуцыйны суд не ўгледжвае парушэння канстытуцыйных правоў грамадзян пры правядзенні дактыласкапіі».
Раней міністр МУС Уладзімір Навумаў звярнуўся ў Савет бяспекі і Савет міністраў з прапановай занесці папраўкі ў закон аб дзяржаўнай дактыласкапічнай рэгістрацыі, якія дазволяць праводзіць дактыласкапаванне ўсіх ваеннаабавязаных.
Варта адзначыць, што, не чакаючы адказу, Навумаў прыступіў да правядзення незаконнай масавай дактыласкапіі мужчынскага насельніцтва Беларусі. Ініцыятыву Навумава падтрымаў генеральны пракурор Рыгор Васілевіч.