24 лiстапада 2024, Нядзеля, 12:55
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Амерыканскія праваабаронцы раскрытыкавалі новы беларускі закон аб СМІ

Камітэт абароны журналістаў (ЗША) лічыць, што новы закон аб СМІ «стварае паласу перашкод для журналістаў пры атрыманні дзяржаўнай акрэдытацыі, неабходнай для працы рэпарцёрам у Беларусі».

«Журналісты павінныя атрымліваць акрэдытацыю ў некалькіх ведамствах, міжнародныя журналісты не маюць права працаваць без акрэдытацыі, а мясцовыя і федэральныя ведамствы могуць адмаўляць у акрэдытацыі без тлумачэнняў», — адзначаецца ў дакладзе праваабарончай арганізацыі, які цытуе БелаПАН.

Па меркаванні экспертаў камітэта, новыя патрабаванні да рэгістрацыі і перарэгістрацыі СМІ «ілюструюць рашучы намер урада ўскладніць працу незалежных сродкаў масавай інфармацыі».

«Па новым законе, усе СМІ павінныя перарэгістроўвацца на працягу года, дзякуючы чаму ўлады фактычна атрымліваюць права адклікаць ліцэнзіі ў тых з іх, якія не дагадзілі ім сваімі рэпартажамі», — сцвярджаецца ў дакладзе.

Акрамя таго, эксперты адзначаюць, што новы закон «узмацняе жорсткасць карных санкцый, падаючы Міністэрству інфармацыі і пракуратуры права прыпыняць або спыняць дзейнасць СМІ, калі публікуемая імі інфармацыя прызнаецца недакладнай, паклёпніцкай».

Нагадаем, 8 лютага ў Беларусі ўступіў у сілу новы закон «Аб сродках масавай інфармацыі». Ён быў прыняты парламентам у чэрвені 2008 года і 17 ліпеня падпісаны Лукашэнкай.

Закон вызначае парадак заснавання, дзяржаўнай рэгістрацыі, перарэгістрацыі СМІ і распаўсюджвання іхняй прадукцыі. Пры гэтым парадак рэгістрацыі інтэрнэт-СМІ аднесены да кампетэнцыі Савета міністраў.

Замацоўваецца таксама прававы статус суб'ектаў праваадносінаў у сферы масавай інфармацыі, адносіны СМІ з дзяржорганамі, юрыдычнымі і фізічнымі асобамі, усталёўваецца адказнасць за парушэнне заканадаўства.

Паводле закона, усе зарэгістраваныя СМІ падлягаюць уключэнню ў дзяржаўны рэестр.

Сродкам масавай інфармацыі забароненае атрымліваць грашовыя сродкі і маёмасць ад замежных юрыдычных і фізічных асоб, асоб без грамадзянства, а таксама з ананімных крыніц.

Частка замежных інвестыцый у статутным фондзе рэдакцыі СМІ не можа складаць 30 і больш адсоткаў.

Уводзіцца забарона на ажыццяўленне прафесійнай дзейнасці карэспандэнтаў замежных СМІ на тэрыторыі Беларусі без акрэдытацыі.

Прыняцце закона выклікала шырокі грамадскі рэзананс. Прадстаўнікі беларускай незалежнай прэсы расцанілі яго як узмацненне жорсткасці парадку дзейнасці СМІ, а міжнародныя арганізацыі заклікалі ўрад прывесці закон у адпаведнасць з сусветнымі стандартамі.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках