26 снежня 2024, Чацвер, 8:26
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Алег Бябенін: «Выкраданні сведчаць пра тое, што ніякай лібералізацыі ў Беларусі няма»

Алег Бябенін: «Выкраданні сведчаць пра тое, што ніякай лібералізацыі ў Беларусі няма»

Почырк выкрадання апазіцыянераў і незалежных журналістаў у Беларусі застаецца адным і тым жа.

У два апошнія дні невядомыя людзі ў цывільным схапілі і вывезлі за горад лідэра «Еўрапейскай Беларусі» Яўгена Афнагеля і лідэра «Маладога фронту» Змітра Дашкевіча. Такія выпадкі былі і раней. Прэсавы сакратар Хартыі’97 Алег Бябенін распавёў у інтэрв’ю «Радыё Свабода» пра такую ж гісторыю, якая здарылася з ім яшчэ ў лістападзе 1997 года, напярэдадні свята «Дзяды».

«У той час я працаваў намеснікам галоўнага рэдактара штотыднёвіка «Имя». Я ішоў па праспекце Скарыны (тады ён называўся яшчэ так) і пачаў лавіць таксоўку. Каля мяне тармазнуў аўтамабіль, з яго выйшлі нейкія людзі. І раптам яны гвалтам запхнулі мяне ў машыну. Гэта адбылося імгненна. Я нават не паспеў нічога сказаць.

Мне закрылі вочы рукой і некуды павезлі. У выніку мы апынуліся каля Заслаўя. Мяне падштурхнулі ў бок і сказалі: «Ідзі ў лес». Адвялі на некалькі сот метраў. І тут мне пачалі пагражаць. Казалі пра актыўную працу незалежных журналістаў. І пагражалі, што на маім прыкладзе пакажуць усім, як трэба паводзіць сябе з уладамі.

Але, дзякуй Богу, нічога не здарылася. У мяне адабралі сродкі сувязі — тады гэта былі тэлефонная картка і пэйджэр. Таксама забралі грошы. Увечары я на папутках даехаў да горада, прыйшоў у рэдакцыю.

Людзі, якія схапілі мяне, не хавалі сваіх твараў, паводзілі сябе вельмі нахабна і самаўпэўнена. Іх я ніколі не забуду. Там быў нейкі чалавек з вусамі, былі пара брытагаловых хлопцаў. Як кажуць, стандартны набор», -- узгадвае Алег Бябенін.

Журналіст кажа, што больш ніколі гэтых людзей не сустракаў.

«Я звяртаўся тады ў Цэнтральны РУУС, па месцы майго выкрадання. Мы двойчы выяжджалі на гэтае месца, былі складзеныя нейкія пратаколы. Але потым усё заглухла», -- распавядае незалежны журналіст.

«Калі я на апошнім тыдні бачыў усю гэтую інфармацыю пра хлопцаў, якіх таксама выкрадалі, вывозілі, якім пагражалі, я вяртаўся ў той час, - кажа Алег Бябенін. – Узгадаў інцыдэнт з Юрыем Дракахрустам і ягонай жонкай, акцыю ў падтрымку Паўла Шарамета. Тады праяўлялася сапраўдная карпаратыўная салідарнасць. І тое, што такія інцыдэнты зноў паўтараюцца, сведчыць пра тое, што гэты рэжым ні на якую лібералізацыю не ідзе. Абсалютна».

Нагадаем, што адзін з лідэраў грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Яўген Афнагель быў выкрадзены невядомымі 6 снежня. Як распавёў Афнагель, яго схапілі чатыры чалавекі ў цывільным на вуліцы Бялінскага ў Менску, сілай пасадзілі ў белы аўтамабіль з прыцемненым шклом і вывезлі за горад. Паводле актывіста «Еўрапейскай Беларусі», выкрадальнікі практычна нічога не казалі. Яго галаву прыціснулі да каленаў і выпіхнулі з машыны дзесьці на прасёлкавай дарозе ў некалькіх кіламетрах ад барысаўскай трасы.

За апошні час супрацоўнікі спецслужбаў выкрадалі моладзевых лідэраў Зміцера Дашкевіча і Артура Фінкевіча, актывіста грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Уладзіміра Лемеша. Ва ўсіх выпадках апазіцыянераў выкрадалі невядомыя людзі ў цывільным, якія, аднак, былі абсталяваныя міліцэйскімі рацыямі. Маладых людзей вывозілі ў лес, пагражалі, патрабуючы спыніць палітычную дзейнасць, а затым пакідалі за дзясяткі кіламетраў ад Менска.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках