24 лiстапада 2024, Нядзеля, 12:01
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Таццяна Шапуцька патрабуе ад Мінадукацыі аднавіць яе ў БДУ

3

Прэс-сакратар «Маладога фронту» падала скаргу ў Міністэрства адукацыі з нагоды свайго адлічэння з Беларускага дзяржаўнага універсітэта.

У скарзе Таццяна Шапуцька адзначае, што была адлічаная з другога курса юрыдычнага факультэта спецыяльнасці «Паліталогія» бюджэтнай формы навучання загадам рэктара БДУ ад 2 снежня 2009 года за парушэнні Правіл унутранага распарадку ў БДУ, паведамляе БелаПАН.

Шапуцька лічыць рашэнне рэктара аб адлічэнні незаконным і неабгрунтаваным. Падставай для вынясення загада аб адлічэнні паслужылі: службовая запіска прарэктара па вучэбнай працы; службовая запіска дэкана юрыдычнага факультэта; вынятка з пратаколу паседжання савета па прафілактыцы правапарушэнняў юрыдычнага факультэта.

«Аднак у службовай запісцы дэкана і вынятцы з пратаколу савета па прафілактыцы прапаноўвалася ўжыванне да мяне такой меры дысцыплінарнага ўздзеяння, як вымова, і толькі ў службовай запісцы прарэктара па вучэбнай працы — адлічэнне з універсітэта. Між тым, паводле Правіл унутранага распарадку ў БДУ, адлічэнне праводзіцца па прадстаўленні дэкана факультэта. Паколькі абавязковай падставай для адлічэння з універсітэта з'яўляецца прадстаўленне дэкана, то яго меркаванне пры наяўнасці іншых павінна быць прыярытэтным», — лічыць Таццяна Шапуцька.

«Пры асабістых стасунках са службовымі асобамі ўніверсітэта з нагоды майго адлічэння мне паказана на тое, што фактычнай падставай для адлічэння паслужыў пропуск заняткаў па непаважлівай прычыне ў перыяд майго знаходжання на Форуме грамадзянскай супольнасці «Усходняе партнёрства», а таксама тое, што я не апавясціла дэканат пра мой ад'езд», — паказвае Шапуцька.

Пры гэтым яна адзначае, што атрымала запрашэнне ад Еўрапейскай камісіі за подпісам яе прадстаўніка Джона О'Рурка прыняць удзел у Форуме грамадзянскай супольнасці «Усходняе партнёрства», пра свой ад'езд на форум 14 лістапада 2009 года паставіла ў вядомасць старасту групы, а па прыездзе напісала тлумачальную запіску, у якой пазначыла, дзе знаходзілася з 16 па 18 лістапада.

«З першага курса я паспяхова навучаюся на юрыдычным факультэце БДУ, сярэдні бал маёй паспяховасці — 8,5. Да моманту выдання загада аб адлічэнні ў мяне не было акадэмічнай запазычанасці, я наведваю лекцыі і прымаю актыўны ўдзел у практычных занятках», — адзначыла прэс-сакратар «Маладога фронту».

Паводле яе, Міністэрства адукацыі — першая інстанцыя для абскарджвання. Калі цягам месяца Мінадукацыя адкажа адмовай ва ўзнаўленні яе на вучобе, яна будзе звяртацца ў суд.

Нагадаем, што Таццяна Шапуцька была адлічаная з БДУ за ўдзел у форуме Усходняга партнёрства ў Брусэлі. Гэты выпадак выглядае абуральным нават на фоне звычайнай практыкі выключэння з беларускіх вну палітычна актыўных студэнтаў. Паколькі «Усходняе партнёрства» -- ініцыятыва Еўрапейскага звяза, афіцыйна прынятая беларускім кіраўніцтвам. Нароўні з дзяржаўнымі структурамі да ўдзелу ў ёй запрошаная і грамадзянская супольнасць.

На форуме «Усходняга партнёрства» у Брусэлі Таццяна Шапуцька прадстаўляла беларускую грамадзянскую супольнасць. Яна сустракалася з кіраўніцтвам Еўрапейскіх краін і Еўразвяза, у тым ліку з Карлам Більдтам – міністрам замежных спраў Швецыі, краіны-старшыні Еўрапейскага звяза і камісарам ЕЗ па знешніх сувязях і еўрапейскай палітыцы суседства Бенітай Ферэра-Вальднер. Яшчэ падчас працы форума, даведаўшыся пра пагрозу выключэння Таццяны з універсітэта, Беніта Ферэра-Вальднер і Карл Більдт, а таксама іншыя высокапастаўленыя ўдзельнікі Форума запэўнілі Таццяну Шапуцьку і ўдзельнікаў мерапрыемства ў тым, што будуць сачыць за развіццём падзей.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках