29 снежня 2024, Нядзеля, 8:36
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Алег Воўчак: «Як Аўтуховіч мог кіраваць падрыхтоўкай тэракту з турмы?»

Суд па гучнай справе ваўкавыскіх прадпрымальнікаў можа адбыцца ў студзені ці ў пачатку лютага 2010 года, лічаць праваабаронцы.

Ваўкавыскія прадпрымальнікі Мікалай Аўтуховіч і Уладзімір Асіпенка, абвінавачваныя ў падрыхтоўцы тэракту, скончылі азнаямленне з 17 тамамі крымінальнай справы. Але, акрамя ваўкавыскіх прадпрымальнікаў, абвінавачваных па справе аб падрыхтоўцы тэракту, праходзяць таксама былы міліцыянт з Гародні Міхаіл Казлоў і Аляксандр Ларын, на чыіх паказаннях і будуецца абвінавачванне. Адвакат Мікалая Аўтуховіча лічыць, што ў беларускіх улад няма падстаў утрымліваць яго падабароннага пад вартай. А праваабаронца Алег Воўчак кажа ў інтэрв'ю Euramost.org, што суд па гучнай справе адбудзецца «альбо ў студзені, альбо ў пачатку лютага наступнага года».

- Адвакат насамрэч не можа сказаць усяго журналістам, але праваабаронцы да такіх нормаў не прывязаныя, - кажа Алег Воўчак. - Мы цягам дзесяці месяцаў, пакуль праводзілася расследаванне, акцэнтавалі і акцэнтуем увагу на кожным следчым дзеянні, на кожным сведке, які з'яўляўся. Праводзілі маніторынг. Паводле нашай інфармацыі, Ларыну, які фігуруе ў справе, не так даўно памянялі адваката, што яго раззлавала. Гэта, хутчэй за ўсё, падкрэслівае, што ён нярвуецца і разумее, што зайшоў вельмі далёка, даючы паказанні супраць ваўкавыскіх прадпрымальнікаў. Гэта значыць, практычна ўся справа завязана на гэтым Ларыне. Нагадаю, што дадзены гранатамёт быў знойдзены праз два тыдні пасля таго, як Аўтуховіч ужо адправіўся на «зону». І вось зараз хтосьці заяўляе, што ён адтуль, маўляў, камандаваў падрыхтоўкай тэракту. Але як магчыма адтуль чымсьці камандаваць? Лухта нейкая! Я думаю, што зараз трэба акцэнтаваць увагу і абароне, і праваабаронцам на Генеральнай пракуратуры, якая будзе знаёміцца з матэрыяламі справы і выносіць вердыкт. Альбо спыняць, альбо накіроўваць яе ў суд. У дадзенай сітуацыі, на мой погляд, прадпрымальнікаў трэба выпускаць.

- Адкуль такая ўпэўненасць?

- Ды таму што справа, як кажуць, шыта белымі ніткамі. Гэта ж відаць няўзброеным поглядам. Бо ў справе вельмі шмат усялякіх памылак! І з-за такіх памылак у турмах сёння сядзіць вельмі шмат людзей. «Фабрыкуюцца» справы карупцыйнай скіраванасці, па гандлі людзьмі… Для следства галоўнае, каб быў чалавек. А артыкул заўсёды знойдзецца. Нажаль, мяне турбуе тое, што з кожным годам прафесіяналізм следства ўсё больш падае. Ад гэтага пакутуюць і тыя, каго вінавацяць, і сама сістэма правасуддзя. Таму ў мяне ёсць надзея, што генпракурор вельмі ўважліва вывучыць справу. Вывучыць і хадайніцтвы адвакатаў абвінавачваных, і хадайніцтвы саміх абвінавачваных. Думаю, што і Еўразвяз зверне ўвагу на гэты суд.

- Які, як было абвешчана, будзе адкрытым…

- Гэта яшчэ не на сто адсоткаў. Але зараз праваабаронцы будуць дамагацца, каб справу разглядалі не ў Вярхоўным Судзе, а ў Гарадзенскім абласным ці ў Менскім. Каб у чалавека была затым яшчэ магчымасць абскардзіць рашэнне. А Вярхоўны Суд, калі прымае рашэнне, то гэта ўжо ўсё – далей не абскардзіш. А артыкул абвінавачвання сур'ёзны – да 25 гадоў пазбаўлення волі. Таму толькі грамадскі рэзананс можа дапамагчы ваўкавыскім прадпрымальнікам. А сам суд, хутчэй за ўсё, адбудзецца ці ў студзені, ці пачатку лютага наступнага года.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках