26 снежня 2024, Чацвер, 21:11
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Чарговы скандал: Расея гатовая даць зніжкі на нафту толькі ў абмен на «Нафтан»

45

Беларускія чыноўнікі лічаць заявы міністра энергетыкі Расеі шантажом.

Міністр энергетыкі РФ Сяргей Шматко, выступаючы ў сераду на «урадавай гадзіне» у Дзярждуме заявіў, што ільготны рэжым па пастаўках расейскіх нафты і нафтапрадуктаў у Беларусь можа быць захаваны пры ўмове ўдзелу расейскай кампаніі ў інфраструктурных праектах рэспублікі.

«У нас распрацавана галіновая прапанова беларускім нафтавікам, звязаная з тым, што працяг такога ільготнага рэжыму быў спалучаны з уваходжаннем расейскай кампаніі ў капітал нафтавай інфраструктуры Беларусі», - сказаў ён.

Нагадаем, што раней прэм'ер-міністр Беларусі Сяргей Сідорскі паведамляў, што беларускія ўлады маюць «канкрэтныя прапановы ад «Лукойла» і «Раснафты» на ўдзел у прыватызацыі комплексу «Нафтан-Палімір».

На заяву міністра энергетыкі Расеі адрэагавалі беларускія чыноўнікі.

«Заявы расейскага міністра энергетыкі, які сказаў, што захаванне ўмоваў пастаўкі нафты звязана з уваходжаннем расейскай кампаніі ў капітал нафтавай інфраструктуры Беларусі, інакш як шантажом нельга назваць», - заявіў агенцтву «Інтэрфакс» чыноўнік, які пажадаў застацца не названым. «Па сутнасці, нам было сказана: хочаце і надалей нафту атрымліваць - аддайце за бесцань «Нафтан», - лічыць ён.

Пры гэтым суразмоўца падкрэсліў, што такая пазіцыя расейскага боку супярэчыць духу і літары ствараемага Мытнага саюза і адзінай эканамічнай прасторы, што прадугледжвае роўныя ўмовы для суб'ектаў гаспадарання, у першую чаргу, пры пастаўках энергарэсурсаў.

У сваю чаргу намеснік міністра эканомікі Беларусі Анатоль Філонаў, каментуючы заявы расейскага міністра энергетыкі, адзначыў, што «гэта заява, хутчэй за ўсё, запрашэнне да наступнага дыялогу».

«У пратаколе на 2010 год да пагаднення аб умовах пастаўкі нафты гэта (увязка ўмоваў пастаўкі нафты з прыватызацыяй «Нафтана») не адлюстравана», сказаў А.Філонаў. Пры гэтым ён лічыць малаверагодным дасягненне дамоўленасцяў аб удзеле расейскіх кампаній у прыватызацыі комплексу «Нафтан-Палімір» да 2010 года, з пачатку якога на 6 месяцаў павінны быць пралангаваныя ўмовы пастаўкі расейскай нафты ў Беларусі.

Ён пацвердзіў, што ў праекце беларуска-расейскай праграмы па пашырэнні супрацоўніцтва ў ТЭК адным з пунктаў прадугледжвалася падрыхтоўка міжурадавага пагаднення, якое замацоўвае ўдзел расейскіх кампаній у капітале ААТ «Нафтан». «Але тэрміны рэалізацыі пратаколу аб умовах пастаўкі нафты і міжурадавага пагадненя па прыватызацыі НПЗ цалкам іншыя», - падкрэсліў А.Філонаў. «Такое сур'ёзнае міжурадавае пагадненне аб'ектыўна не можа быць падрыхтавана і прынята да пачатку 2010 года. Па праекце гэтае пагадненне павінна быць падрыхтавана да канца I паўгоддзя 2010 года, а пратакол ужо павінен уступіць у сілу з пачатку года», - дадаў намміністра.

Пры гэтым ён выказаў заклапочанасць беларускага боку маўчаннем урада РФ адносна ўзгодненага Мінфінамі двух краін пратаколу, падпісанне якога падоўжыць на I паўгоддзе 2010 года існуючыя ўмовы пастаўкі расейскай нафты ў Беларусь. «Яшчэ 26 кастрычніка ўмовы пастаўкі нафты ў I паўгоддзі 2010 года былі ўзгодненыя ў рамках двухбаковай працоўнай групы.

Мінфіны двух краін парафіравалі пратакол 6 лістапада. Мінфін Расеі занёс яго ва ўрад 17 лістапада. Ад тых часоў мы не маем ніякай рэакцыі расейскага боку і не атрымлівалі ніякіх афіцыйных прапаноў ад іх», - растлумачыў сітуацыю Філонаў.

«Затрымка ў падпісанні пратаколу (аб умовах пастаўкі нафты) стварае істотныя цяжкасці ў падпісанні дамоў на пастаўку нафты. Прычым асноўныя праблемы ўзнікаюць менавіта для расейскіх пастаўшчыкоў - яны не ведаюць умовы пастаўкі», - падкрэсліў намміністра. Пры гэтым Філонаў выключае магчымасць аднаўлення расейскім бокам экспартных пошлін у поўным аб'ёме пры пастаўках нафты ў Беларусь нават у выпадку адсутнасці падпісанага пратаколу. «Я не думаю, што Расея адновіць пошліны для нас у поўным аб'ёме нават пры адсутнасці пратаколу», - сказаў ён.

Напісаць каментар 45

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках