25 снежня 2024, Серада, 18:41
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Лідэр АГП: Маўчанне стымулюе «эскадроны страху» на новыя злачынствы

4

Для таго каб атрымаць адказ на зварот у КДБ па факце свайго выкрадання ў красавіку 2006 года Анатоль Лябедзька рыхтуе запыт у Генеральную пракуратуру.

«Да гэтага мяне падштурхнулі выкраданні дэмакратычных актывістаў, якія ў апошні час прынялі масавы характар, - заявіў у інтэрв'ю сайту ucpb.org лідэр Аб'яднанай грамадзянскай партыі. -- Справа ў тым, што тры гады таму ў дачыненні да мяне была праведзеная спецаперацыя. Мяне захапілі ў гаражным кааператыве невядомыя людзі ў цывільным, як мяркуецца, супрацоўнікі спецпадраздзялення «Альфа». Закавалі ў кайданкі, нацягнулі на галаву куртку і доўга вазілі па горадзе. Затым даставілі ў будынак па вуліцы Камсамольская ў Менску, пасля чаго невядомыя зладзілі допыт пад тэлекамеру. Апоўначы людзі ў масках пасадзілі мяне ў аўто і вывезлі за горад. Свой аўтамабіль я знайшоў на стаянцы, куды яго эвакуявалі ад будынка амбасады Румыніі ў Беларусі».

Анатоль Лябедзька заяўляе, што так і не дачакаўся афіцыйнай рэакцыі на факт свайго выкрадання.

«Натуральна, я звярнуўся ў КДБ, аднак, афіцыйнага адказу так і не дачакаўся, а потым махнуў рукой на тое, што адбылося, -- кажа лідэр АГП. -- Але цяпер разумею, што неабходна было праявіць настойлівасць і патрабаваць тлумачэнняў ад сілавых структураў. Як сведчыць практыка, цішыня і адсутнасць публічнай рэакцыі стымулююць «эскадроны страху» на новыя злачынствы».

Нагадаем, што 5 снежня быў выкрадзены лідэр «Маладога фронту» Зміцер Дашкевіч. Невядомыя трымалі яго ў машыне 5,5 гадзінаў і выкінулі за 70 км ад Менска. 6 снежня быў схоплены актывіст «Еўрапейскай Беларусі» Яўген Афнагель. Яго адвезлі за 20 км ад сталіцы. Усяго сёлета былі выкрадзеныя 6 моладзевых актывістаў. Апазіцыянеры мяркуюць, што выкраданні былі арганізаваныя спецслужбамі.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках