30 снежня 2024, панядзелак, 23:12
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Коммерсант»: Расея знізіць пошліны на нафту ў абмен на беларускія НПЗ

13

Пагадненне па набыцці ЛУКОЙЛам і «Раснафтай» «Нафтан-Паліміра» можа адбыцца ў бліжэйшы час.

Расія і Беларусь ўзгаднілі ўмовы пастаўкі нафты ў 2010 годзе, паведаміў у пятніцу беларускі віцэ-прэм'ер Уладзімір Сямашка. Удзельнікі перамоваў з расейскага боку пакуль ацэньваюць вынікі перамоваў больш стрымана. Не выключана, што РФ пагадзілася знізіць экспартныя пошліны для Беларусі ў абмен на ўдзел ЛУКОЙЛа і «Раснафты» ў прыватызацыі беларускай кампаніі «НАФТАН-Палімір», піша газета «Коммерсант».

Віцэ-прэм'ер Беларусі Уладзімір Сямашка ў пятніцу заявіў аб поспеху перамоваў аб умовах імпарту-экспарту энерганосбітаў у межах Мытнага саюза. «Дасягнутыя дамоўленасці з Расеяй па ўмовах пастаўкі нафты ў 2010 годзе», - заявіў міністр. Паводле ягоных словаў, пастаўкі для ўнутраных патрэбаў Беларусі ў аб'ёме 8/9 млн тон з пачатку 2010 года будуць ажыццяўляцца бяспошлінна і ў першачарговым парадку. Рэшта запланаваных на 2010 год 21,5 млн тон будзе пастаўляцца на ўмовах, якія будуць вызначаныя «ў духу стварэння Мытнага саюза».

Нагадаем, што пагадненне аб Мытным саюзе 1995 года прадугледжвала, што РФ не спаганяе экспартную пошліну з нафты, якая пастаўляецца ў Беларусь. Пры гэтым Беларусь павінна вяртаць у расейскі бюджэт частку экспартнай пошліны, якая спаганяецца з выпрацаваных з гэтай нафты нафтапрадуктаў.

Аднак у 1996 годзе пошліны былі адмененыя, а пасля іх вяртання ў 1999 годзе аб падзеле пошлінаў не ўзгадвалі да 2006 года. У 2006 годзе Масква запатрабавала ад Менска вяртання 85% экспартнай пошліны на нафтапрадукты, што прывяло да дыпляматычнага крызісу і спынення нафтаправода «Дружба» ў студзені 2007 года.

Кампраміс заключаўся ў паэтапным давядзенні расейскай долі ў пошліне да прапісанага ў пагадненні ўзроўня ў 85%, - у 2007 годзе доля РФ павінна была скласці 70%, у 2008 - 80%, у 2009 годзе - 85%. Але рэалізацыі гэтага рашэння перашкодзілі тэхнічныя праблемы разлікаў паміж казначэйствамі.

Выхадам стала рашэнне браць расейскую долю беларускай экспартнай пошліны на нафтапрадукты проста на мяжы РФ - у выглядзе спецыяльнай пошліны на экспарт нафты. Пры гэтым урад Беларусі вяртаў сваім нафтаперапрацоўшчыкам частку экспартнай пошліны на нафтапрадукты, кампенсуючы ім рост закупачных цэнаў.

Памер спецыяльнай пошліны РФ для Беларусі разлічваецца шляхам памнажэння расейскай пошліны на паніжальны каэфіцыент. Каэфіцыент ўяўляе з сябе здабытак долі РФ у беларускіх экспартных пошлінах (0,85), долі экспартаванай нафты ў агульным аб'ёме пастаўленай (прыкладна 0,7) і суадносінаў паміж памерам пошлінаў на нафту і нафтапрадукты (0,6). У 2009 годзе паніжаючы каэфіцыент склаў 0,356, але дзеянне дамовы сканчаецца 31 снежня.

Як паведамілі «Коммерсанту» крыніцы ў расейскім Мінфіне, спачатку перамовы з беларускімі калегамі былі паспяховымі - па просьбе беларускага боку каэфіцыенты былі удакладненыя. Новыя суадносіны пошлінаў на нафту ўзгаднілі на ўзроўні 0,58, долю экспарту - на ўзроўні 0,652, выніковы паніжальны каэфіцыент склаў 0,321 і задавальняў Беларусь.

Аднак, па словах крыніцы, у канцы лістапада ў абмеркаванне ўмяшалася Мінэнерга, якое запатрабавала максімальна павялічыць пошліны для Беларусі, - і пасля ўмяшальніцтва віцэ-прэм'ера Ігара Сечына адпаведная рабочая група была перададзена ад Мінфіна да Мінэнерга.

Як патлумачыў «Коммерсанту» начальнік зводнай-аналітычнага аддзела Мінфіна Аляксандр Саковіч, увядзенне для Беларусі спецыяльнай экспартнай пошліны на ўзроўні 100% экспартнай пошліны на нафту РФ (у снежні яна склала 271 даляра за тону) прывяло б да банкруцтва беларускіх НПЗ. Сёння РФ прадае Беларусі нафту па 380 даляраў за тону, а пры давядзенні пошліны да 100% яе кошт вырасце на 175 даляраў - да 555 за тону, а кошык нафтапрадуктаў, якія атрымліваюцца з яе каштуе 550 даляраў, не лічачы выдаткаў на працэсінг і транспарт. Намеснік кіраўніка Мінэнерга Анатоль Яноўскі ў пятніцу адмовіўся каментаваць прапановы свайго ведамства, а таксама вынікі перамоваў, спаслаўшыся на тое, што яны яшчэ не скончаныя.

Крыніцы ва ўрадзе Беларусі лічаць, што дасягнутыя дамоўленасці сведчаць пра змякчэнне пазіцыі РФ. Верагодна, умовай вяртання расейскіх перамоўшчыкаў да варыянту, узгодненага фінансістамі, стала згода беларускіх уладаў на допуск расейскіх кампаніяў да прыватызацыі нафтаперапрацоўчага комплексу «НАФТАН-Палімір».

У пачатку снежня ў Беларусі называлі такое патрабаванне «шантажом», у пятніцу Сямашка заявіў, што Расея прапанавала прымальныя ўмовы. Паводле яго словаў, пагадненне па набыцці ЛУКОЙЛам і «Раснафтай» «НАФТАН-Паліміру» можа адбыцца «ў бліжэйшы час».

«Інвестар павінен забяспечыць загрузку гэтых прадпрыемстваў і мець гарантаваныя рынкі збыту. Расейскія нафтавыя кампаніі нас у гэтым выпадку найлепшым чынам задавальняюць», - заявіў беларускі віцэ-прэм'ер.

У сваю чаргу, Беларусь можа атрымаць доступ да геолагаразведкі і здабычы нафты ў Расеі. Гэтыя і іншыя параметры пагаднення аб пашырэнні супрацоўніцтва ў сферы ПЭК прэзідэнты Расеі і Беларусі даручылі прапрацаваць віцэ-премьерам Ігару Сечыну і Уладзіміру Сямашку. Мяркуецца, што пагадненне будзе падпісанае ў лютым 2010 года.

Напісаць каментар 13

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках