Менск чакае рост коштаў на жыллё?
21- 10.12.2009, 10:17
Аб'ёмы жылля, якое ўзводзіцца ў сталіцы Беларусі, будуць адкарэктаваныя ў бок змяншэння.
Як паведамляе агенцтва «Менск-Навіны» са спасылкай на дырэктара КУП «Менскграда» Аляксандра Пятрова, гэтае прадпрыемства зараз удакладняе некаторыя параметры, закладзеныя ў Генеральным плане развіцця сталіцы да 2030 года. Падставай для гэтага стала нядаўняе даручэнне Аляксандра Лукашэнкі стварыць максімальна камфортныя ўмовы пражывання для гараджанаў.
«Максімальна камфортныя ўмовы» будуць стварацца шляхам змяншэння шчыльнасці забудовы. Калі раней планавалася штогод уводзіць у эксплуатацыю 2 млн квадратных метраў жылля, дык цяпер гэтая лічба зніжаная амаль напалову -- да 1,2 млн квадратаў.
На думку газеты «Салідарнасць», наступствы гэтага рашэння нескладана ўявіць. Змяншэнне прапановы на рынку жылля непазбежна прывядзе да падвышэння і без таго немаленькіх коштаў на кватэры.
Вось толькі, як быць з раней абвешчаным тэзісам пра тое, што жыллёвае будаўніцтва стане «лакаматывам», які выцягне эканоміку Беларусі з крызісу? Падобна, ва ўлады правая рука не ведае, што робіць левая…