27 снежня 2024, Пятніца, 5:36
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Кошты на легкавыя аўтамабілі ў Беларусі могуць вырасці на 40%

17

Беларуская аўтамабільная асацыяцыя прагназуе рост коштаў на легкавыя аўтамабілі і ўзнікненне іх шэрага рынка пры розных умовах пры падвышэнні мытных пошлінаў.

Пра гэта паведаміў журналістам старшыня БАА Сяргей Міхневіч, перадае БелТА.

«Мяркуецца, што пры стварэнні Мытнага саюза ўсе аўтадылеры вымушаныя будуць размытняць аўтамабілі па новых пошлінах, а ўвоз аўтамабіляў фізічнымі асобамі будзе рэгулявацца асобным пагадненнем, і вырашэнне гэтага пытання будзе адкладзенае да траўня-чэрвеня 2010 года», - сказаў Сяргей Міхневіч. У гэтай сувязі, лічыць ён, падвышэнне мытных пошлінаў для юрасобаў верне аўтабізнэс ва ўмовы, якія былі да 2005 года - да прыняцця ўказу №546 ад 24 кастрычніка 2005 года.

Старшыня БАА падкрэсліў, што гэты ўказ і на сённяшні дзень з'яўляецца самым значным дакументам па ўкладанні ў развіццё аўтамабільнага бізнэсу ў Беларусі. Указ ліквідаваў няроўныя ўмовы пры ўвозе і рэалізацыі аўтамабіляў для юрыдычных і фізічных асобаў. Гэта дазволіла пазбегнуць істотнай розніцы ў канчатковым кошце аўтамабіляў. За чатыры гады дзеяння ўказу афіцыйныя аўтадылеры павялічылі гадавыя аб'ёмы продажаў у рэспубліцы ў 10 разоў - з 2,5 тыс. адзінак да больш чым 25 тыс. І калі ў 2005 годзе доля машынаў, увезеных юрасобамі і прадпрымальнікамі, складала каля 1% імпарту аўтамабіляў, дык у 2008 годзе яна павялічылася да 43%. У 2008 годзе аўтабізнэс прынес у бюджэт дзяржавы ў выглядзе мытных пошлінаў не менш за $400 млн. і каля $50 млн. падатковых плацяжоў. У Беларусі дзейнічае каля 30 фірмовых аўтацэнтраў - чальцоў БАА, на якіх занятыя больш за 3 тыс. чалавек.

Менавіта тое, што пры стварэнні Мытнага саюза Беларусі, Расеі, Казахстана гэтае становішча можа змяніцца і сітуацыя ў аўтабізнэсе пагоршыцца, выклікае асцярогі ў Беларускай аўтамабільнай асацыяцыі. Адсутнасць роўных умоваў для ўвозу аўтамабіляў фізічнымі і юрыдычнымі асобамі можа штурхнуць аўтабізнэс у цень і вывесці на рынак нецывілізаваных гульцоў, лічыць эксперт.

Каб пазбегнуць такога негатыва, БАА распрацавала прапановы па мінімізацыі наступстваў ад уніфікацыі мытных пошлінаў падчас фармаванняў Мытнага саюза. Яны накіраваныя ва ўрад і адміністрацыю Лукашэнкі, паведаміў старшыня асацыяцыі. БАА прапаноўвае захаваць на адным узроўні пошліны на ўвазныя імпартныя аўтамабілі для фізічных і юрасобаў. У Расеі і Казахстане пры ўступленні ў Мытны саюз такая роўнасць захоўваецца.

Таксама аўтабізнэс разлічвае на захаванне дзеяння ўказу №546 у частцы ўжывання нулявой стаўкі ПДВ пры ўвозе аўтамабіляў фізічнымі і юрасобамі. «Гэта змякчыць коштавы шок, да якога можа прывесці адмена ўказу і падвышэнне мытных пошлінаў», - лічыць Сяргей Міхневіч. Паводле яго словаў, падаражэнне складзе да 40% бягучых коштаў на аўтамабілі. «Але нам не хацелася б развіцця такой сітуацыі, і мы спадзяемся, што будзе прынятае правільнае рашэнне, якое не прымусіць нашых грамадзянаў пасля 1 студзеня ехаць за мяжу купляць аўтамабіль», - адзначыў старшыня БАА.

Аўтамабільная асацыяцыя (Беларуская аўтамабільная асацыяцыя) - некамерцыйнае аб'яднанне афіцыйных дылераў і імпарцёраў, якія прадстаўляюць вядучых сусветных вытворцаў аўтамабіляў у Беларусі. Дзейнічае з красавіка 2000 года. Асноўны накірунак дзейнасці - кансалідаванае садзейнічанне развіццю гандлю і сэрвісных паслугаў айчыннага аўтарынка.

Напісаць каментар 17

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках