27 снежня 2024, Пятніца, 12:55
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

На саміт ЕўрАзЭС у Менск з'ехаліся дыктатары

17

Акрамя самога Лукашэнкі, у сталіцы Беларусі сёння знаходзяцца Курманбек Бакіеў, Эмамалі Рахмон, Нурсултан Назарбаеў і іншыя.

Прыехалі на саміт таксама прэзідэнт Арменіі Серж Саргсян. Расею на сустрэчы прадстаўляе прэзідэнт Дзмітры Мядзведзеў.

27 лістапада ў Менску пройдзе паседжанне Міждзяржаўнага савета Еўразійскай эканамічнай супольнасці (ЕўрАзЭС). Аляксандр Лукашэнка назваў яго гістарычна важнай падзеяй для краінаў ЕўрАзЭС. Плануецца падпісанне дакументаў, якія павінны пакласці пачатак функцыянаванню Мытнага саюза Беларусі, Расеі і Казахстана.

Мэтай паседжання з'яўляецца зацвярджэнне адзінага мытнага тарыфу МС, які будзе ўведзены з 1 студзеня 2010 года і падпісанне дамовы аб Мытным кодэксе, паведамляе РИА «Новости».

Акрамя таго, плануецца прыняць пакет пагадненняў аб нетарыфным рэгуляванні. У выніку яго прыняцця з 1 студзеня краіны Мытнага саюза выйдуць на адзіную сістэму абмежаванняў у знешнім гандлі. Таксама мяркуецца аформіць камісію Мытнага саюза ў якасці наднацыянальнага органа, рашэнні якога абавязковыя да выканання ва ўсіх дзяржавах Мытнага саюза.

Паказальна, што ў прыняцці рашэнняў адносна мытнага рэгулявання галасы паміж краінамі-удзельнікамі МС размеркаваліся наступным чынам: Расея – 57%, Казахстан – 21,5%, Беларусь – 21,5%.

Што чакае беларускую эканоміку ў кожнай канкрэтнай галіне пасля пачатку дзеяння Мытнага саюза, дагэтуль сказаць складана, бо будзе глабальная змена тарыфаў, перадае «Ежедневник».

Як раней заяўляў дырэктар дэпартамента каардынацыі знешнеэканамічнай дзейнасці Міністэрства замежных справаў Валерый Садоха, «чакаецца, што прыкладна па 2 тыс. таварных пазіцыях з 11,5 тыс. будуць апускаць тарыфы, па 470 пазіцыях будуць узнімаць, але мытны тарыф па харчаванні павінен быць прыкладна 20%, а па прамысловых таварах 80%, – сказаў прадстаўнік МЗС. – І ў сукупнасці тарыфы знізяцца яшчэ прыкладна на 1%, што кажа пра тое, што мы яшчэ больш адкрываем свой рынак ва ўмовах новай інтэграцыйнай прасторы».

У той жа час, паводле дадзеных расейскіх СМІ, падвышэнне ставак мытных пошлінаў у Расеі распаўсюдзіцца на 4% тавараў ад агульнай наменклатуры. Зніжэнне ставак чакаецца на 14% тавараў ад наменклатуры. Стаўкі знізяцца на канцэнтраты сокаў экзатычнай садавіны, прадукты харчавання для дзяцей, матэрыялы для фатаграфіі, воўну і тканіны, фармсубстанцыі, дэталі для абутку, электраабсталяванне і гэтак далей.

Папярэднія паказчыкі ставак увазных мытных пошлінаў па некаторых таварных пазіцыях зніжаныя: алкаголь – 15-20% (было 20%), вопратка – 10% (20%), абутак – 10% (15%). Таксама істотнае зніжэнне пошлінаў чакаецца ў Расеі на электраабсталяванне.

Разам з тым для Беларусі найбольш актуальнае зніжэнне пошлінаў на нафту. Змяншэнне коштаў на энергарэсурсы, безумоўна, галоўны плюс уступлення ў Мытны саюз для краіны. А галоўны мінус для грамадзянаў краіны – падвышэнне пошлінаў на легкавыя аўтамабілі. І хаця агучаная Дзмітрыем Мядзведзевым магчымасць падвышэння пошлінаў на грузавыя аўтамабілі і кампенсуе ў пэўнай ступені дыскамфорт Беларусі, беларускім аўтааматарам наўрад ці ад гэтага стане лягчэй дыхаць пасля 1 студзеня.

Гэта значыць, як мінусы Мытнага саюза будуць праецыравацца на беларусаў – зразумела. А вось як адаб'юцца станоўчыя аспекты такога супрацоўніцтва на грамадзянах, можна толькі выказваць здагадкі.

Напісаць каментар 17

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках