27 снежня 2024, Пятніца, 13:43
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Берасцейскія дэмакраты накіравалі скаргі ў Камітэт ААН па правах чалавека

1

У Берасці заяўнікі забароненых пікетаў за дадатковае абмеркаванне жыхарамі канцэпцыі помніка да 1000-годдзя горада накіравалі скаргі ў Камітэт ААН па правах чалавека.

Індывідуальныя паведамленні 21 лістапада адправілі берасцейскія актывісты дэмакратычных сілаў Ірына Лаўроўская, Дзяніс Турчаняк і Раман Кісляк.

Як паведаміў БелаПАН праваабаронца Раман Кісляк, падставай для звароту ў незалежны орган міжнароднага расследавання стала забарона мясцовай уладай гэтых акцыяў. Да гэтага часу актывісты беспаспяхова абскардзілі забарону ў адпаведных беларускіх інстанцыях.

Актывісты падавалі заяўкі на правядзенне пікетаў 15, 16 і 17 студзеня бягучага года. У ліку патрабаванняў было прыпыненне працаў па вырабу помніка да агульнанароднага абмеркавання мэтазгоднасці яго ўсталявання, а таксама яго мастацка-вобразнай канцэпцыі. Яны таксама выступалі супраць практыкі прымусу да «добраахвотна-дабрачынных ахвяраванняў» на выраб помніка. Акрамя таго, як перакананыя заяўнікі, помнік у цяперашнім выглядзе будзе спрыяць распальванню рэлігійнай і міжканфесійнай варожасці.

Пікеты планавалася правесці на вуліцы Гогаля — непадалёк ад месца, дзе намячалася ўсталяваць помнік. Гарвыканкам забараніў акцыі, матывуючы гэта тым, што для такіх мерапрыемстваў рашэннем уладаў вызначаны стадыён «Лакаматыў».

У сваіх скаргах у Камітэт ААН па правах чалавека заяўнікі акцыяў прыводзяць канкрэтныя факты, якія сведчаць, на іх думку, пра парушэнні ў дачыненні да іх шэрагу артыкулаў Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах.

«Калі камітэт задаволіць нашыя патрабаванні (прызнаць у забароне гэтых пікетаў парушэнні нашых грамадзянскіх правоў), улады горада Берасця будуць вымушаныя спыніць практыку выціскання грамадзянскай ініцыятывы ў бязлюднае месца, якім з'яўляецца стадыён «Лакаматыў», — заявіў Кісляк.

Як адзначыў праваабаронца, паводле рашэння гарвыканкама ў 300-тысячным горадзе прадугледжаная ўсяго адна пляцоўка для правядзення збораў, мітынгаў і пікетавання — стадыён «Лакаматыў», які знаходзіцца сярод прыватнай забудовы і за бетонавым плотам. Прыцягнуць увагу грамадскасці да чаго б та ні было там праблематычна.

Праваабаронца падкрэсліў, што нават там улады рэдка дазваляюць падобныя акцыі, матывуючы гэта тым, што на стадыёне праходзяць якія-небудзь мерапрыемствы; жыхары горада, па сутнасці, пазбаўленыя права публічна выказваць свае меркаванні.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках