28 снежня 2024, Субота, 20:26
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Аляксандр Ярашук: Дыялог улад Беларусі з МАП згортваецца

Старшыня Беларускага Кангрэса дэмакратычных прафсаюзаў заявіў, што апошнім часам назіраецца згортванне дыялогу ўлад Беларусі і Міжнароднай арганізацыі працы.

Паводле словаў лідэра БКДП Аляксандра Ярашука, гэтую тэндэнцыю адзначыў падчас наведванняў Беларусі і выканаўчы дырэктар Міжнароднага бюро працы (МБП) МАП Кары Тапіёла.

«Ад моманту чэрвеньскай канферэнцыі МАП прайшло ўжо без малага паўгады, а беларускі ўрад не робіць ніякіх крокаў па выпраўленні сітуацыі з незалежнымі прафсаюзамі і па выкананні рэкамендацый МАП. Кары Тапіёла прыязджаў для кансультацый з усімі зацікаўленымі бакамі - каб не дапусціць працэсу спынення, і тым больш, каб не дапусціць згортванні дыялогу паміж Беларуссю і МАП. Бо менавіта згортванне дыялогу і назіраецца пасля чэрвеньскай канферэнцыі МАП», - цытуе Ярашука «Белорусский партизан»..

«Падобна да таго, што візіт можна назваць паспяховым. Ва ўсякім разе, хуткім часам пройдзе паседжанне Савета, створанага пры міністэрстве працы і сацыяльнай абароны. Бо абвешчанае паседжанне Савета на 28 кастрычніка не адбылося, і было перанесена на нявызначаны час. Але хуткім часам паседжанне павінна адбыцца. І мы будзем выносіць на разгляд Савета новыя факты ціску на незалежныя прафсаюзы і іншыя пытанні, якія патрабуюць неадкладнага разгляду», - заявіў прафсаюзны лідэр.

Кіраўнік БКДП таксама паведаміў, што на паседжанні Адміністрацыйнага савета МАП у Жэневе восьмага лістапада «беларускае пытанне» не выносіцца асобным пунктам, але «паколькі «беларуская праблема» ва ўсіх на вуснах ужо 10 гадоў, без гэтага не абыйдзецца».

«Я дамовіўся з Яўгенам Сідаравым - гэта міжнародны сакратар Федэрацыі незалежных прафсаюзаў Расеі, які з'яўляецца чальцом Адміністрацыйнага савета, што ў дні паседжання Адміністрацыйнага савета мы будзем падтрымліваць шчыльныя кантакты», - адзначыў Аляксандр Ярашук.

Нагадаем, што МАП выставіла беларускім уладам 12 умоў па выпраўленні сітуацыі з незалежнымі прафсаюзамі. Ад іх выканання наўпрост залежыць вяртанне Беларусі ў Абагульненую сістэму прэферэнцый Еўразвяза.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках