24 лiстапада 2024, Нядзеля, 22:40
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Хэнлан адмовіўся працаваць у Беларусі – яму ўсё надакучыла

20

Канадзец Глэн Хэнлан вырашыў усё ж пакінуць пасаду галоўнага трэнера зборнай Беларусі па хакеі.

Як інфармуе афіцыйны сайт нацыянальнай Федэрацыі хакея Рэспублікі Беларусь, раніцай 2 лістапада Хэнлан у прыватнай размове са старшынём ФХРБ Уладзімірам Навумавым заявіў пра спыненне супрацоўніцтва з нашай камандай. Такое рашэнне ён матываваў маральна-псіхалагічным станам.

«Пасля доўгіх і грунтоўных роздумаў я прыйшоў да высновы, што для каманды і яе вынікаў будзе лепш, калі я ўсё ж сыйду. Хачу асобна выказаць удзячнасць Уладзіміру Уладзіміравічу за магчымасць узначальваць беларускую зборную цягам некалькіх гадоў. Таксама хачу сказаць дзякуй супрацоўнікам федэрацыі, хакеістам, журналістам і заўзятарам за падтрымку нацыянальнай каманды. Я веру ў будучыню беларускага хакея і шчыра жадаю ўдачы вашай камандзе на Алімпіядзе і чэмпіянаце света», - пракаментаваў Хэнлан прэс-службе ФХРБ сваю адстаўку.

Імя спецыяліста, які ўзначаліць беларускую зборную на Кубку Палесся, будзе абвешчана хуткім часа, перадае «Тэлеграф».

Нагадаем, што 20 кастрычніка 2009 года Глэн Хэнлан быў адпраўлены ў адстаўку з пасады настаўніка менскага «Дынама» пасля хатняй паразы ад хабараўскага «Амура» (1:4). Разам з Глэнам Хэнланам з менскага «Дынама» звольнены намеснік гендырэктара па хакейных аперацыях Шон Сімпсан, а таксама асістэнты Дэйв Л’юіс і Уладзімір Цыплакоў.

Трэнер брамнікаў Мікаэль Ленэр і спецыяліст па фізпадрыхтоўцы Гарнэт Браўн працягнуць працу, будуць дапамагаць новаму галоўнаму трэнеру Аляксандру Андрыеўскаму, які цягам апошніх паўтара гадоў з’яўляўся настаўнікам «Гомеля».

Але ў той жа час старшыня ФХРБ Уладзімір Наўмаў папрасіў Хэнлана застацца на чале нацыянальнай зборнай. Канадзец узяў час на роздумы і 22 кастрычніка даў сваю згоду, пачаўшы падрыхтоўку да Кубка Палесся, які пройдзе пятага-восьмага лістапада ў Бабруйску і Жлобіне. Аднак сёння ўсё ж вырашыў адмовіцца ад працы ў Беларусі.

Глэн Хэнлан узначальваў зборную Беларусі на чэмпіянатах света ў 2005, 2006 і 2009 гадах. Пад яго кіраўніцтвам беларуская дружына заняла шостае месца на ЧС у Рызе, што стала лепшым вынікам нашай каманды на сусветных першынствах. Глэн Хэнлан прызнаваўся трэнерам года ў Беларусі ў 2006 і 2009 гадах.

Напісаць каментар 20

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках