26 снежня 2024, Чацвер, 8:25
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Напярэдадні Дня салідарнасці ў Менску адбыліся інфармацыйныя акцыі (Фота)

3

Напярэдадні Дня салідарнасці менчукам нагадваюць пра рэпрэсіі супраць апазіцыі.

12 лістапада актывістамі грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» на мосце на вуліцы Мірашнічэнка, побач з Менскай кальцавой аўтадарогай быў вывешаны транспарант «16. Памятай!».

Таксама, як перадае сайт jeans-by.com, у вагонах менскага метро былі распаўсюджаны ўлёткі з інфармацыяй пра беларускіх палітвязняў з заклікам прыйсці на Кастрычніцкую плошчу ў Дзень салідарнасці.

Нагадаем, што 16 лістапада на Кастрычніцкай плошчы Менска пройдзе акцыя з патрабаваннем вызваліць палітычных вязняў і спыніць рэпрэсіі ў дачыненні апазіцыі. Яе ініцыятарамі выступілі грамадзянская кампанія «Еўрапейская Беларусь», «Малады Фронт» і «Моладзь БНФ».

У беларускіх турмах улады па-ранейшаму ўтрымліваюць палітвязняў. Гэта актывіст «Маладога фронта» Арцём Дубскі, прадпрымальнікі Мікалай Аўтуховіч і Уладзімер Асіпенка.

Арцём Дубскі 7 ліпеня быў прысуджаны да года пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму за парушэнне правілаў адбыцця пакарання па «справе 14-ці». Міжнародная праваабарончая арганізацыя «Amnesty International» у 2009 годзе прызнала ўдзельнікаў «Працэсу 14-ці» Вязнямі сумлення.

8 лютага ў Ваўкавыску былі затрыманыя Мікалай Аўтуховіч, Юры Лявонаў і Уладзімір Асіпенка. 18 лютага ваўкавыскім прадпрымальнікам было прад'яўленае абвінавачванне па арт. 218 Крымінальнага кодэкса (наўмыснае знішчэнне альбо пашкоджанне маёмасці). 23 чэрвеня ў дачыненні да Аўтуховіча і, як паведаміла МУС, «іншых асобаў» узбуджаная справа па арт. 359 КК (тэрарыстычны акт) у выглядзе падрыхтоўкі (арт. 13).

Юрыя Лявонава вызвалілі з менскага следчага ізалятара 8 жніўня. 24 верасня з яго былі знятыя ўсе абвінавачванні. Аўтуховіч і Асіпенка працягваюць знаходзіцца ў следчым ізалятары № 1 Менска.

Праваабаронцы лічаць затрыманых палітычнымі вязнямі, звяртаючы ўвагу на тое, што Аўтуховіч і Лявонаў раней ужо былі асуджаныя і прызнаныя міжнароднай супольнасцю вязнямі сумлення.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках