26 снежня 2024, Чацвер, 7:37
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

МАЗаўскі форум у падтрымку дыктатуры?

56
МАЗаўскі форум у падтрымку дыктатуры?

Арганізатары так званага Еўрапейскага форума , які пройдзе ў гэтую суботу ў ДК МАЗ, сваімі задачамі бачаць «арганізацыю кантроля за дыялогам урада Беларусі і ЕС» і «навучанне ўзаемадзеянню з уладай».

У рэдакцыю сайта charter97.org патрапілі рабочыя дакументы гэтага сходу. Мы лічым, што нашым чытачам проста неабходна з імі азнаёміцца.

РЭЗАЛЮЦЫЯ БЕЛАРУСКАГА ЕЎРАПЕЙСКАГА ФОРУМУ

МЫ, удзельнікі Беларускага Еўрапейскага Форуму,

- усведамляючы адказнасць за будучыню Беларусі,

- імкнучыся да пабудовы ў Беларусі дэмакратычнага, свабоднага, справядлівага і заможнага грамадства,

- разумеючы Беларусь як неад’емную частку еўрапейскай цывілізацыі, заснаванай на спадчыне антычнасці, хрысціянства, Адраджэння і Асветніцтва,

- прызнаючы, што інтэграцыя Беларусі ў еўрапейскую палітычную, эканамічную і культурную супольнасць ёсць неабходным чыннікам доўгатэрміновага развіцця Беларусі і гарантыяй дабрабыту, свабоды і абароненасці яе грамадзянаў,

ЗАЯЎЛЯЕМ пра нашу падтрымку інтэграцыі Беларусі ў еўрапейскую супольнасць і наш намер спрыяць паглыбленню стасункаў Беларусі з Еўрапейскім саюзам;

ПРЫМАЕМ да ўвагі распачаты дыялог паміж беларускімі ўладамі Беларусі і Еўрапейскім саюзам і настойваем на канструктыўных, узаемавыгадных, празрыстых і паслядоўных дзеяннях на карысць нашых народаў на глебе павагі да каштоўнасцяў чалавечай годнасці, свабоды, дэмакратыі, прававой дзяржавы і правоў чалавека;

УХВАЛЯЕМ далучэнне Беларусі да праграмы Усходняга партнёрства Еўрапейскага саюзу і разглядаем паўнавартасны ўдзел нашай краіны ў гэтай праграме як гістарычны шанец Беларусі далучыцца да еўрапейскай сям’і народаў;

ВЫКАЗВАЕМ заклапочанасць недастатковымі дзеяннямі беларускага ўраду па лібералізацыі палітычнага і эканамічнага жыцця ў краіне і лічым недапушчальным ужыванне рэпрэсіяў супраць палітычных апанентаў у Беларусі;

ЗАКЛІКАЕМ дзяржаўныя структуры Беларусі, інстытуты і грамадзянаў Еўрапейскага саюзу спрыяць пашырэнню міжасабовых кантактаў паміж Беларуссю і краінамі Еўрапескага саюзу праз:

- спрашчэнне працэдуры атрымання візаў, зніжэнне аплаты за візы і паступовую адмену візавага рэжыму;

- пашырэнне эканамічных кантактаў, у першую чаргу ў плане падтрымкі малога і сярэдняга бізнесу, прывядзення беларускага заканадаўства да еўрапейскіх стандартаў, забеспячэння энергетычнай бяспекі Беларусі і ўсяго ўсходнееўрапейскага рэгіёну;

- падтрымку супрацоўніцтва паміж грамадскімі арганізацыямі і навучальнымі ўстановамі;

- стварэнне камітэту Беларусь-ЕС ў рамках Форуму грамадзянскай супольнасці праграмы Усходняга партнёрства;

ПАТРАБУЕМ ад беларускіх уладаў:

- паважаць свабоду сродкаў масавай інфармацыі, свабоду сумлення і веравызнання, свабоду сходаў і асацыяцыяў у Беларусі;

- прыняць больш дзейсныя меры па эканамічнай лібералізацыі, гарантаванні адкрытага і справядлівага выбарчага працэсу і аднаўленні мясцовага самакіравання ў Беларусі;

- прыспешыць нармалізацыю юрыдычных стасункаў Беларусі з ЕС, у прыватнасці падпісанне пагаднення аб Партнёрстве і супрацоўніцтве і далучэнне да Еўрапейскай палітыкі суседства;

- адмяніць візавы рэжым для грамадзянаў ЕС.

Для дасягнення сфармуляваных Форумам мэтаў МЫ ПРЫМАЕМ Праграму дзеянняў і РАСПАЧЫНАЕМ Еўрапейскую ініцыятыву, адкрытую для ўсіх зацікаўленых суб’ектаў.

ЗАПРАШАЕМ Раду Еўрапейскай Інтэграцыі далучыцца ў якасці экспертнай структуры да рэалізацыі Праграмы дзеянняў.

ЗАКЛІКАЕМ усе структуры грамадзянскай супольнасці Беларусі далучыцца да нашай працы.

ЗАЯЎЛЯЕМ пра гатоўнасць да супрацоўніцтва з органамі ўлады па абароне беларускіх нацыянальных інтарэсаў і паглыбленні інтэграцыі Беларусі з Еўрапескім саюзам пры ўмове выканання вышэйзгаданых патрабаванняў.



БЕЛАРУСКІ ЕЎРАПЕЙСКІ ФОРУМ: ПРАГРАМА ДЗЕЯННЯЎ

1. МЭТА ПРАГРАМЫ ДЗЕЯННЯЎ:

Спрыянне набліжэнню Беларусі да Еўрапейскага саюзу.

Еўрапейская інтэграцыя адпавядае нацыянальным інтарэсам Беларусі. Яна дае шанец на росквіт краіны і рэалізацыю яе багатага чалавечага патэнцыялу, гарантуе незалежнасць Беларусі і захаванне яе нацыянальнай самабытнасці. Наша стратэгічная мэта – еўрапейская будучыня Беларусі. Нам кажуць, што Беларусь у Еўропе «ніхто не чакае», але насамрэч чакаць не хочам мы. Мы гатовыя дзейнічаць ужо зараз, каб максімальна наблізіць Беларусь да ЕС.

2. ЧАГО МЫ ХОЧАМ ДАМАГЧЫСЯ:

вырашыць найбольш вострыя эканамічныя праблемы беларусаў;

• зрэалізаваць чалавечы патэнцыял ў краіне, гарантаваць палітычныя і грамадзянскія свабоды кожнага беларуса;

• усталяваць вяршынства закону і спыніць палітычныя рэпрэсіі;

• наблізіць Беларусь да еўрапейскіх стандартаў ва ўсіх сферах жыцця.

3. НАША ЗАДАЧА – дамагчыся, каб інфармацыя пра перавагі еўрапейскай інтэграцыі стала даступнай для кожнага беларуса, каб максімальна большая колькасць нашых грамадзянаў ужо ў найбліжэйшы час скарысталася з супрацоўніцтва з ЕС.

4. НАШЫ ДЗЕЯННІ будуць ажыццяўляцца ў двух кірунках: унутраным і замежным.

4.1 Дзейнасць унутры Беларусі.

Дзеянні ўнутры Беларусі будуць скіраваныя на ўсе тры сектары грамадства : дзяржаўны, прыватны і грамадскі.

- Дзяржаўны. Асноўныя кірункі дзейнасці будуць складацца з інфармавання пра перавагі еўраінтэграцыі, уцягвання ў дыялог з еўрапейскімі структурамі, прадстаўлення адукацыйных і кансультацыйных паслугаў.

- Прыватны. Дзейнасць, скіраваная на прыватны сектар, сканцэнтруецца на інфармаванні пра перавагі еўраінтэграцыі, арганізацыі навучальных паездак і на іншых спосабах абмену досведам. Акрамя гэтага, будзе праведзеная кампанія па зніжэнні коштаў і спрашчэнні працэдуры атрымання шэнгенскіх візаў.

- Грамадскі. У грамадскім сектары дзейнасць будзе скіраваная на падтрымку мясцовага актывізму праз стварэнне адмысловых платформаў (еўрапейскія клубы), навучанне ўзаемадзеянню з уладай, праектнаму менеджменту, фінансавым дысцыплінам. Будзе праводзіцца інфармаванне насельніцтва аб еўрапейскай інтэграцыі і еўрапейскіх інстытутах, арганізавана каардынацыя дзейнасці грамадскіх арганізацыяў у межах Форуму грамадзянскай супольнасці (ФГС).

-

На 2010—2011 гг. прыярытэтнымі нам бачацца наступныя крокі.

4.4.1 Выкарыстанне дыялогу Беларусі з Еўрасаюзам для максімальнага пашырэння палітычных і грамадзянскіх свабодаў у краіне. Наша задача – гэта грамадскі кантроль за ходам дыялогу, а таксама прапанова сцэнароў, якія былі б успрынятыя ўсімі бакамі дыялогу:

• правядзенне маніторынгу сітуацыі з правамі чалавека ў краіне;

• узняцце тэмаў, якія мусяць быць на парадку дня дыялогу;

• прапанова адпаведнага парадку дня і магчымых дзеянняў для беларускай грамадзянскай супольнасці.

4.1.2 Інфармаванне грамадзянаў краіны пра перавагі еўрапейскай інтэграцыі, магчымасці супрацоўніцтва ЕС з Беларуссю:

• правядзенне агульнанацыянальнай кампаніі «Што ЕС можа даць табе, тваёй сям’і, тваёй краіне», арыентаванай на розныя сацыяльныя групы;

• правядзенне інфармацыйных кампаній, скіраваных на развянчанне негатыўных міфаў пра ЕС;

арганізацыя інфармацыйнай працы з беларусамі, якія найчасцей выязджаюць за мяжу;

• прадукаванне і распаўсюд прафесійнай інфармацыі для экспертаў і адмыслоўцаў.

4.1.3 Правядзенне кампаніі, скіраванай на зніжэнне коштаў і спрашчнне пацэдураў атрымання шэнгенскіх візаў:

• арганізацыя агульнанацыянальнага збору подпісаў пад зваротам да ўраду Беларусі, еўрапейскіх інстытутаў і краінаў-сябраў ЕС;

• арганізацыя прэсавай кампаніі «Што твой урад мусіць зрабіць, каб знізіўся кошт шэнгенскіх візаў»;

• правядзенне даследаванняў, скіраваных на развянчанне стэрэатыпаў з боку ЕС (у прыватнасці, пра магчымыя памеры міграцыі), дэманстрацыю ўплыву вольнага перасоўвання на палітычную і грамадскую свядомасць;

• арганізацыя мерапрыемстваў, скіраваных на вырашэнне тэхнічных пытанняў, звязаных з спрашчэннем візавага рэжыму.

4.1.4 Наладжванне прафесійнага і экспертнага дыялогу з мэтай большага заангажавання ЕС у беларускія справы:

• стварэнне экспертных і аналітычных пляцовак для прафесійных кантактаў паміж беларускімі і еўрапейскімі экспертамі;

• арганізацыя аналітычнай працы, скіраванай на адаптацыю беларускага заканадаўства да еўрапейскага права;

распрацоўка рэгіянальных праграмаў развіцця і інвестыцыйных праектаў для рэгіёнаў Беларусі;

• распрацоўка і распаўсюд альтэрнатыўных праграмаў забеспячэння энергетычнай бяспекі Беларусі;

• правядзенне, з прыцягненнем еўрапейскіх экспертаў, незалежнай экспертызы праектаў, запланаваных беларускімі ўладамі, у прыватнасці праекту пабудовы беларускай АЭС;

спрыянне абмену досведам паміж беларускім дзяржаўным апаратам і еўрапейскімі структурамі, у прыватнасці ў справе рэформаў, рэструктурызацыі, сацыяльнай абароны насельніцтва.

4.1.5 Падтрымка праеўрапейскіх ініцыятываў беларускіх грамадзянаў:

• стварэнне адмысловых еўрапейскіх платформаў у рэгіёнах для развіцця грамадскага актывізму (еўрапейскіх клубаў), навучанне ўзаемадзеянню з уладай, праектнаму менеджменту, фінансавым дысцыплінам і г.д.;

• спрыянне рэгіянальным праектам, скіраваным на інтэграцыю Беларусі з ЕС, і пашырэнню прафесійных і міжасабовых кантактаў з ЕС;

• пашырэнне ўдзелу беларускіх недзяржаўных арганізацыяў (НДА) у супрацоўніцтве з структурамі ЕС.

4.2 Дзейнасць па-за межамі Беларусі.

4.2.1 Давядзенне меркавання беларускага грамадства да грамадзянаў ЕС, урадаў краінаў-сябраў і еўрапейскіх інстытутаў:

• арганізацыя і ўдзел у міжнародных канферэнцыях, прысвечаных абмеркаванню «беларускага пытання»;

публікацыі ў еўрапейскіх СМІ пра сітуацыю ў Беларусі і прапановы па ўдасканаленні палітыкі ў дачыненні да Беларусі;

• пераклад і публікацыя артыкулаў беларускіх аналітыкаў і грамадскіх дзеячаў у заходніх медыях;

• ініцыяванне абмеркавання беларускіх пытанняў у межах Форуму грамадзянскай супольнасці;

• падрыхтоўка заяваў, зваротаў і маніторынгаў для структураў ЕС, міжнародных арганізацыяў і еўрапейскіх СМІ і НДА.

4.2.2 Лабіяванне ў ЕС і міжнародных арганізацыях рашэнняў, якія будуць спрыяць большай адкрытасці і еўрапеізацыі Беларусі:

• правядзенне сустрэчаў з еўрапейскімі палітыкамі і афіцыйнымі асобамі з мэтай данясення пазіцыі грамадзянскай супольнасці Беларусі;

• ініцыяванне абмеркаванняў важных для Беларусі пытанняў на міжнародных пляцоўках (саміты, канферэнцыі, ФГС, Еўрапарламент, ПАСЕ і інш.);

• распаўсюд маніторынгаў і аналітычных дакументаў;

• арганізацыя выступаў у еўрапейскіх СМІ;

• правядзенне ў ЕС кампаніі ў падтрымку танных візаў для беларусаў.

4.2.3 Грамадскі кантроль і маніторынг двухбаковых беларуска-еўрапейскіх праектаў:

• правядзенне міжнародных экспертных круглых сталоў з мэтай аналізу праектаў, пададзеных беларускім урадам у межах Усходняга партнёрства;

• правядзенне грамадскіх абмеркаванняў праектаў у межах ФГС;

• падрыхтоўка рэкамендацыяў і прапановаў па праектах для дзяржаўных органаў Беларусі і інстытутаў ЕС.

4.2.4 Падрыхтоўка і прадстаўленне праектаў, што павінны спрыяць развіццю незалежнага грамадскага сектару ў Беларусі:

• падрыхтоўка праектных прапановаў для Еўрапейскай камісіі, урадаў краінаў-сябраў ЕС, міжнародных арганізацыяў і фондаў;

• падрыхтоўка міжнародных грамадскіх праектаў у межах ФГС;

• праца па пашырэнні функцыяў і кампетэнцыяў ФГС.

4.2.5 Наладжванне абмену спецыялістамі, выкладчыкамі, студэнтамі, інфармацыяй і інш. з краінамі ЕС:

лабіяванне пашырэння праграмаў абмену, павышэння кваліфікацыі, азнаямляльных візітаў, стажыявання для студэнтаў, выкладчыкаў, бізнесменаў, дэпутатаў;

• супольныя выдавецкія праекты;

• усталяванне і замацаванне кантактаў з еўрапейскімі універсітэтамі, даследчымі цэнтрамі, НДА, медыямі, палітыкамі і грамадскімі дзеячамі, установамі культуры;

• правядзенне дзён беларускай культуры ў краінах ЕС.

5. Выкананне Плану дзеянняў:

Для выканання дадзенага Плану дзеянняў удзельнікі Беларускага Еўрапейскага Форуму распачынаюць Еўрапейскую ініцыятыву, адкрыую для далучэння ўсіх зацікаўленых суб’ектаў. Каардынацыя дзеянняў Еўрапейскай Ініцыятывы ажыццяўляецца працоўнай групай, у склад якой уваходзяць прадстаўнікі арганізацыяў-ініцыятараў правядзення Беларускага Еўрапейскага Форуму.

Каментар сайта charter97.org: Першае, што кідаецца ў вочы пры ўважлівым аналізе дакументаў «беларускага еўрапейскага форума», -- адсутнасць дакладнай фармулёўкі, што стратэгічнай мэтай удзельнікаў форуму з’яўляецца ўступленне Беларусі ў ЕС. Як і Лукашэнка, арганізатары пазбягаюць канкрэтыкі, маскіруючыся пад фармулёўкамі «еўрапейская будучыня», «еўраінтэграцыя», «далучэнне да еўрапейскай сям’і народаў». У паперах ніяк не ўзгадваюцца і вядомыя 12 ўмоваў Еўрасаюза.

Здзіўляе вельмі ветлівае стаўленне да беларускага рэжыма. Словы «рэжым», «дыктатура», «аўтарытарная ўлада» цалкам адсутнічаюць. Затое ўжываюцца тэрміны «твой (?) урад», «беларускі дзяржаўны апарат», дыялог паміж «урадам Беларусі» і Еўрапейскім Саюзам. Цікава, што на 2010-2011 год (час прэзідэнцкай кампаніі) прыярытэтнай задачай абвяшчаецца грамадскі кантроль за ходам дыялогу (маецца на ўвазе дыялог паміж «урадам Беларусі» і ЕС) і «узняццё тэмаў, якія мусяць быць на парадку дня дыялогу». Мэты адхілення ад улады апошняга дыктатара Еўропы, перамогі праеўрапейскіх дэмакратычных сіл на прэзідэнцкіх выбарах увогуле не ставяцца. Абсалютна нічога не гаворыцца пра правальную палітыку ўладаў ва ўмовах эканамічнага крызісу, пра тое, што сумарны знешні доўг толькі за 9 месяцаў павялічыўся на 6 мільярдаў даляраў.

Затое прапануюцца дзіўныя ідэйкі: «навучанне ўзаемадзеянню з уладай», «вырашэнне найбольш вострых эканамічных праблем беларусаў» (гэта ва ўмовах дыктатуры), «абмен досведу паміж беларускім дзяржаўным апаратам і еўрапейскімі чыноўнікамі», «лабіяванне праграмаў абмену для ДЭПУТАТАЎ» (цікава, якіх і чаго?), а таксама «правядзенне даследванняў, скіраваных на развянчанне стэрэатыпаў з боку ЕС» (мабыць, у дачыненні да апошняй дыктатуры Еўропы?). І самае галоўнае – распрацоўка інвестыцыйных праектаў для рэгіёнаў Беларусі (чытай, прыцягненне новых крэдытаў для дыктатара Лукашэнкі).

У дакумантах не знайшлося месца для асуджэння супермаштабных ваенных манеўраў войскаў Расеі і Беларусі на тэрыторыі нашай краіны, на якіх адпрацоўваліся агрэсіўныя дзеянні, нават з магчымым нанясеннем ядзернага ўдару, супраць нашых суседзяў-сябраў ЕС. Няма ніякай рэакцыі таксама на гатоўнасць дыктатара Лукашэнкі паўнавартасна ўдзельнічаць у аперацыях КСАР АДКБ, якія скіраваныя на падтрымку дыктатарскіх рэжымаў на постсавецкай прасторы. Па-за ўвагай аўтараў дакументаў застаецца рашэнне беларускага правіцеля адмовіцца ад значнай часткі эканамічнага суверэнітэту і ўступаць у Сусветную гандлёвую арганізацыю не ў якасці самастойнай дзяржавы, а часткай еўразійскага калгаса.

Самым небяспечным, на нашу думку, у дадзеных паперах з’яўляецца патрабаванне «падпісання пагаднення аб Партнёрстве і супрацоўніцтве паміж РБ і ЕС і далучэнне да Еўрапейскай палітыкі суседства». Усім вядома, што менавіта Еўрасаюз адмовіўся ратыфікаваць Пагаднне аб партнёрстве і супрацоўніцтве з Беларуссю, заключанае ў 1995 годзе, з-за масавых парушэнняў правоў чалавека ў Беларусі і фальсіфікацыі вынікаў выбараў і рэферэндумаў. І менавіта кіраўніцтва Еўрасаюза адмовіла Беларусі ў далучэнні да Еўрапейскай праграмы суседства па тых жы прычынах.

Рэалізацыя гэтых пагадненняў – найвялікшая мара дыктатара, бо азначала б поўную легітымізацыю рэжыму і пахаванне ўсялякіх надзеяў на дэмакрытызацыю краіны. Такія дамовы могуць быць заключаныя толькі паміж дэмакратычнай Беларуссю і Еўрапейскім Саюзам пасля правядзення сапраўды свабодных і дэмакратычных выбараў.

Нам могуць запярэчыць, што так званы Еўрапейскі форум з’яўляецца мерапрыемствам прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці Беларусі, але можна нагадаць, што старшынёй аргкамітэту схода з’яўляецца экс-кандыдат у прэзідэнты Аляксандр Мілінкевіч, які ўжо абвясціў аб намеры ўзяць удзел у прэзідэнцкіх выбарах 2011 года. Акрамя таго, у межах форуму запланавана праца ў тэматычнай секцыі «Палітыка», мадэратарам якой будзе дарадца Мілінкевіча Андрэй Ляховіч.

Мы спадзяемся, што ўдзельнікі сходу, сярод якіх шмат паважаных і прыстойных людзей, звярнуць увагу на пазначаныя намі праблемы і не стануць аб’ектамі маніпуляцый. Людзі, будзьце пільнымі!

Напісаць каментар 56

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках