26 снежня 2024, Чацвер, 9:14
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Сідорскі просіць Расею «не рэзаць па жывым»

27

Прэм'ер-міністр Беларусі заклікае Расею цалкам выконваць дамоўленасці аб узаемным гандлі.

«Галоўнае - не рэзаць па жывым тое, што зроблена да нас, прызнаваць тое, што падпісалі мы, і на гэтай базе развіваць эканомікі нашых дзяржаваў», - заявіў Сідорскі на прэс-канферэнцыі ў чацвер у Менску, перадае «Інтэрфакс».

Сяргей Сідорскі заўважыў, што раней бакі дамовіліся, што не будуць ужываць пратэкцыянісцкія меры адзін да аднаго. Аднак, па словах прэм'ера, эканамічны крызіс «выявіў шмат пытанняў». Ён падкрэсліў, што сумесны антыкрызісны план не рэалізаваны ў поўным аб'ёме. У той жа час Сідорскі адзначыў, што трэба з разуменнем ставіцца да падтрымкі Расеяй сваіх вытворцаў, а Беларуссю, у сваю чаргу - сваіх вытворцаў.

Прэм'ер падкрэсліў, што істотнае падзенне таваразвароту з Расеяй у бягучым годзе з'яўляецца балючым для Беларусі. «Мы разлічвалі, што, дадаючы сваёй прадукцыяй расейскую эканоміку па тых пазіцыях, па якіх ёй гэта неабходна, мы будзем прысутнічаць на расейскім рынку, а пакуль прыходзіцца адкрываць новыя краіны», - сказаў прэм'ер-міністр.

Сідорскі таксама паведаміў, што Беларусь і Расея ў першым паўгоддзі 2010 года працягнуць перамовы па ўмовах пастаўкі расейскай нафты ў Беларусь з улікам пачатку практычнай працы Мытнага саюза Беларусі, Расеі і Казахстана з 1 ліпеня 2010 года.

«Пагадненне па нафце будзе падоўжанае да 1 ліпеня 2010 года. На працягу першага паўгоддзя наступнага года перамовы будуць працягнутыя», - сказаў Сідорскі.

Ён нагадаў, што ў канцы лістапада чакаецца прыняцце канчатковага рашэння прэзідэнтаў Беларусі, Расеі і Казахстана аб стварэнні Мытнага саюза трох краінаў з 1 студзеня 2010 года. У выпадку прыняцця гэтага рашэння «з 1 ліпеня 2010 года мы выходзім на знешні перыметр мяжы, а ўнутры адмяняюцца ўсе сістэмы кантролю», сказаў Сідорскі.

У гэтай сувязі гэтыя дамоўленасці «даюць магчымасць весці перамовы з улікам Мытнага саюза», сказаў прэм'ер-міністр Беларусі.

Сідорскі таксама заявіў пра неабходнасць сінхранізацыі з РФ пераходу на роўнадаходныя кошты на газ.

«Пры стварэнні сумеснага прадпрыемства на базе Белтрансгаза і продажы Газпраму 50% акцыяў на самім высокім узроўні бакі зыходзілі з дамоўленасці аб адначасовым пераходзе на роўнадаходныя кошты на газ», - сказаў прэм'ер.

Папярэднія дамоўленасці кіраўніцтва Расеі і Беларусі прадугледжвалі выхад на роўнадаходныя кошты з 1 студзеня 2011 года. Між тым, Сідорскі нагадаў, што Расея плануе перанесці пераход на роўнадаходныя кошты на 2014-2016 гады. Такім чынам, з улікам базавых дамоўленасцяў аб умовах прыватызацыі Белтрансгаза «у Беларусі ёсць законнае права весці перамовы па гэтай тэме, што і робяць у цяперашні час эксперты», сказаў Сідорскі.

З іншага боку, ён падкрэсліў, што «на еўрапейскім рынку адзначаецца значнае падзенне коштаў на газ».

Сідорскі нагадаў, што для Беларусі кошт паставак газу штогод павялічваўся на працягу трох апошніх гадоў. У гэтай сувязі прэм'ер рытарычна спытаў: «Чаму для Беларусі ў 2010 годзе кошт газу павінен расці, калі ён ў Еўропе падае?». Паводле яго словаў, «мы данеслі гэтую інфармацыю да расейскіх калегаў і даручылі Газпраму і Белтрансгазу працягнуць перамовы і ўнесці адпаведныя прапановы ва ўрады».

Напісаць каментар 27

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках