24 лiстапада 2024, Нядзеля, 6:46
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Гары Паганяйла: Па факце фальсіфікацыі выбараў павінны былі завесці крымінальную справу

6

Беларускія юрысты лічаць, што Генпракуратура не выканала свае абавязкі па факце фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбараў 2006 года.

Нагадаем, што 9 лістапада на імя падпісантаў «Звароту 50-ці», якія патрабавалі ўзбудзіць крымінальную справу ў дачыненні да Аляксандра Лукашэнка па факце яго заяваў пра фальсіфікацыю прэзідэнцкіх выбараў 2006 года, прыйшоў адказ за подпісам генеральнага пракурора Рыгора Васілевіча. У лісце кажацца, што «...звестак пра якія-небудзь парушэнні палажэнняў выбарчага кодэкса, дапушчаныя пры падліку галасоў і абвяшчэнні вынікаў выбараў, Генеральная пракуратура Рэспублікі Беларусь не мае».

Адказ Васілевіча сайт www.udf.by папрасіў пракаментаваць вядомых у Беларусі юрыстаў і праваабаронцаў.

Сяргей Альфер лічыць, «нічым іншым як адпіскай адказ з Генеральнай пракуратуры назваць нельга». Ён лічыць, што калі ў краіне генеральны пракурор прызначаецца прэзідэнтам краіны, дык «чакаць іншага выніку было немагчыма».

З ім салідарны экс-суддзя Канстытуцыйнага суда Рэспублікі Беларусь Міхаіл Пастухоў: «Генеральная пракуратура адказала не па сутнасці ўзнятых у «Звароце 50-ці» пытанняў».

На думку экспертаў, у сучасных беларускіх рэаліях улада ўсё робіць для таго, каб не даваць сур'ёзны ход падобным зваротам.

«У сённяшніх палітычных умовах аб'ектыўны разгляд падобных зваротаў немагчымы», - упэўнены Пастухоў. Але гэта не азначае, што не трэба нічога рабіць.

Для юрыста Беларускага Хельсінскага камітэта Гары Паганяйлы відавочна, што «Генеральная пракуратура абавязаная была ўзбудзіць крымінальную справу паводле «Звароту 50-ці».

«Толькі ў межах крымінальнай справы можна было выявіць: ці быў факт фальсіфікацыі ці не», - не сумняецца чалец Праўлення БХК.

«У першую чаргу, калі інфармацыя пайшла ад яго, трэба было выклікаць на допыт Аляксандра Лукашэнку. Ён павінен быў распавесці, адкуль у яго такая інфармацыя, - заяўляе Паганяйла. - Следам, павінна была быць забраная ўся першасная інфармацыя па волевыяўленні народа, гэта значыць усе пратаколы, апытаныя чальцы выбарчых камісіяў, назіральнікі…».

Эксперты лічаць, што падставаў для ўбуджэння крымінальнай справы па фактах фальсіфікацыяў выбараў у Генеральнай пракуратуры Рэспублікі Беларусь як у 2006 годзе, так і сёння дастаткова. Шматлікія парушэнні, зафіксаваныя назіральнікамі, кажуць пра грубае парушэнне Канстытуцыі і выбарчага заканадаўства.

Адпіска Васілевіча кажа і пра тое, што ў нас у краіне «не ўсе роўныя перад законам, што з'яўляецца нонсэнсам у любой прававой дзяржаве».

«Акрамя ўсяго іншага адказ кажа пра тое, што не ўсе грамадзяне нашай краіны знаходзяцца пад прававым наглядам», - зрабіў выснову Альфер.

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках