28 лiстапада 2024, Чацвер, 0:42
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Падчас перапісу беларусам будуць «падказваць», якую мову назваць роднай

41

Філолагі заяўляюць, што пытанне пра родную мову ў анкеце падчас перапісу насельніцтва Беларусі гучыць некарэктна.

Як паведамляе «Еўрарадыё», пытанне пра родную мову падчас перапісу насельніцтва будзе гучаць так: «Вашая родная мова (мова, засвоеная першай у раннім дзяцінстве)?». У Мінстаце сцвярджаюць, што пытанне карэктнае і пастаўленае згодна з методыкай, распрацаванай ААН.

Кандыдат філалагічных навук Юрась Бушлякоў мяркуе, што такая методыка для нашай краіны не падыходзіць. Перш за ўсё таму, што большасць беларускамоўных людзей пачалі размаўляць па-беларуску ў сталым узросце.

«Тое ўдакладненне, якое прапанавалі арганізатары беларускага перапісу, яны патлумачылі тым, што арыентуюцца на метадалогію Арганізацыі Аб’яднаных Нацый: нібыта трэба удакладняць, што родная мова — гэта тая мова, якую людзі першай засвоілі ў дзяцінстве, - кажа Юрась Бушлякоў. -- Гэтая падказка можа перашкодзіць чалавеку ў той сітуацыі, калі ён ідэнтыфікуе сябе як беларуса, з усімі атрыбутамі беларускасці, але гэтыя атрыбуты беларускасці ён набываў на працягу свайго жыцця, калі яны не прышлі з калыскі. У гэтым сэнсе можна пагадзіцца, што такое ўдакладненне, у беларускім кантэксце, яно дэзарыентуе».

Аднаго пытання «вашая родная мова?» у беларускай сітуацыі проста не дастаткова, лічыць кандыдат філасофскіх навук, дацэнт, сурэдактар часопісу «Топас» Вольга Шпарага. Для таго, каб пачуць паўнавартасны адказ, які будзе адлюстроўваць рэальную моўную сітуацыю ў нашай краіне, трэба улічваць шмат фактараў і на іх падставе фармуляваць пытанні.

«У выпадку такога апытання пытанне павінна быць зададзенае больш комплексна. Гэтым адным пытаннем мы не можам вычарпаць пытанне «якая мова з’яўляецца роднай?». Мы не можам не ўлічваць гістарычнай і культурнай сітуацыі. То бок гэтую гісторыю з «дэбеларусізацыяй», адрыў ад гістарычнага кантэксту, звязанага з беларускай мовай. І калі мы яго улічваем, то беларуская мова з’яўляецца роднай для тых, хто прыняў яе ўжо ў сталым узросце», -- сцвярджае Вольга Шпарага.

Алег Трусаў, старшыня Таварыства беларускай мовы, з Вольгай Шпарагай не згаджаецца. На яго думку, дзеля аб'ектыўнага адлюстравання моўнай сітуацыі ў Беларусі не трэба вынаходзіць ровар, не патрэбныя ніякія комплексныя пытанні, а тым больш — тлумачэнні, што азначае родная мова. Усяго толькі трэба задаць пытанне так, як яно гучала на папярэднім перапісу.

«Родная мова — яна не выпадкова называецца матчына мова. І да роднай мовы чалавек можа вярнуцца на пенсіі, напрыклад. Не абавязкова ў дзяцінстве на ёй гаварыць», -- лічыць Трусаў.

Адзначым, што падчас мінулага перапісу 81,9% насельніцтва нашай краіны назвалі беларускую мову роднай.

Напісаць каментар 41

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках