24 лiстапада 2024, Нядзеля, 15:47
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Расейскія войскі дагэтуль знаходзяцца ў Беларусі

31
Расейскія войскі дагэтуль знаходзяцца ў Беларусі

Некалькі тысячаў расейскіх салдатаў і афіцэраў, якія ўдзельнічалі ў манеўрах «Захад-2009» на тэрыторыі Беларусі, не з'ехалі назад ў Расею.

Усяго, паводле інфармацыі Міністэрства абароны Беларусі, у ваенных вучэннях былі задзейнічаныя 6 тысячаў вайскоўцаў расейскіх Узброеных сілаў, паведамляе «Радыё Свабода».

У Мінабароны Беларусі паведамілі, што расейскія войскі -- у прыватнасці, мотастралкі, танкісты і артылерысты -- усё яшчэ застаюцца ў Беларусі. «Але паступова яны выводзяцца», -- сказаў кіраўнік прэс-службы міністэрства палкоўнік Вячаслаў Раменчык.

«Адбываецца планавы ад'езд удзельнікаў манеўраў, -- заявіў Раменчык. -- Паветраны эшалон ужо ад'ехаў, а зараз праз чыгунку ад'язджаюць сухапутныя войскі. Грузяцца ў цягнікі і ад'язджаюць. Канкрэтна куды яны адпраўляюцца, месца іх дыслакацыі ў Расеі, назваць без пагаднення з Расеяй, не магу. Па месцах дыслакацыі рэгіянальнай групоўкі».

Па словах Раменчыка, развітанне з расейскімі вайскоўцамі праходзіць гэтак жа ўрачыста, як і сустрэча: прадстаўнікі мясцовых уладаў дораць вайскоўцам кветкі, кажуць пра сяброўства і падзякі. З якіх канкрэтна чыгуначных станцыяў ад'язджаюць расейцы, без пагаднення з расейскім бокам палкоўнік паведаміць адмовіўся.

Паводле афіцыйнай інфармацыі пракуратуры Беларусі, манеўры «Захад-2009» атрымалася правесці без чалавечых ахвяраў і сур'ёзных інцыдэнтаў з удзелам вайскоўцаў. Палкоўнік Раменчык удакладніў, што гэтыя высновы датычаць толькі беларускіх вайскоўцаў.

Яшчэ да пачатку манеўраў у Менску і некаторых гарадах Беларусі прайшлі акцыі пратэсту супраць уводу ў нашую краіну расейскіх войскаў. Падчас акцый былі збітыя амапаўцамі, затрыманыя і потым асуджаныя да вялікіх штрафаў больш за 20 актывістаў розных грамадскіх арганізацыяў. Сярод тых, хто выходзіў на Кастрычніцкую плошчу Менска, быў каардынатар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Зміцер Бандарэнка. Ён лічыць, што затрымка расейскіх салдатаў у Беларусі больш чым на тыдзень пасля манеўраў невыпадковая.

«Лукашэнка з Мядзведзевым дамовіліся, што такія манеўры будуць праводзіцца раз у два гады, -- нагадаў Зміцер Бандарэнка. -- А гэта сведчыць пра тое, што тут застануцца пастаянныя расейскія часткі і тэхніка, таму што людзі не могуць бясконца перамяшчацца туды-сюды, з усходу на захад і наадварот. А гэта фактычна азначае «паўзучую» акупацыю. Відаць, Лукашэнка вельмі сур'ёзна забуксаваў з эканомікай і таму пайшоў на такія саступкі».

Нагадаем, што на тэрыторыі Беларусі сумесныя ваенныя вучэнні «Захад-2009» пачаліся 18 верасня і скончыліся 29 верасня. На фінальны этап вучэнняў у Беларусь прыязджаў Дзмітры Мядзведзеў.

Напісаць каментар 31

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках