27 снежня 2024, Пятніца, 12:03
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Беларусі абвешчана пра стварэнне «Беларускага незалежніцкага блока»

51
У Беларусі абвешчана пра стварэнне «Беларускага незалежніцкага блока»

27 кастрычніка дэкларацыю аб стварэнні Беларускага незалежніцкага блока (БНБ) падпісалі шэраг палітычных дзеячаў.

Дэкларацыю падпісалі сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Віталь Рымашэўскі, лідэр моладзевага аб’яднанна «Малады фронт» Зміцер Дашкевіч, старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч, лідэр руху «За свабоду» Аляксандр Мілінкевіч, а таксама кіраўнікі аргкамітэтаў па стварэнні руху «Маладая Беларусь» Артур Фінькевіч, руху салідарнасці «Разам» Вячаслаў Сіўчык, арганізацыі «Правы альянс» Юрась Карэтнікаў і моладзевага хрысціянскага сацыяльнага саюза «Маладыя дэмакраты» Аляксандр Шумкевіч, перадае БелаПАН.

Як вынікае з тэкста дакумента, прадстаўнікі нацыяльных сіл аб’яднаюць свае намаганні «для дасягнення рэальных змен у краіне. «Мы падпісваем пагадненне аб стварэнні Беларускага незалежніцкага блока і дамаўляемся ў наступным ажыццяўляць сталую каардынацыю і супрацоўніцтва арганізацый, якія падпісалі пагадненне, у падрыхтоўцы і правядзенні палітычных і грамадскіх кампаній», - гаворыцца ў дакуменце.

Прыярытэтнымі накірункамі дзейнасці новага палітычнага блока названыя: стварэнне ўмоваў для правядзення ў Беларусі свабодных і справядлівых выбараў; ініцыяванне рынкавых рэформаў для забеспячэння дабрабыту грамадзян Беларусі з прыярытэтнай падтрымкай малога і сярэдняга бізнэсу; абарона правоў грамадзян на свабоду слова, свабоду сумлення, свабоду асацыяцый і сходаў; правядзенне працы, скіраванай на спыненне палітычных рэпрэсій у краіне і вызваленне палітычных вязняў, садзейнічанне беларусізацыі навучальных устаноў, СМІ і іншых дзяржаўных і грамадскіх арганізацый Беларусі; асуджэнне таталітарных ідэалогій камунізму і фашызму як антыгуманных, злачынных і амаральных, якія супярэчаць агульнапрынятым прынцыпам каштоўнасцяў чалавечага грамадства.

Акрамя таго, прадстаўнікі новага палітычнага блока маюць намер усталяваць «стратэгічнае супрацоўніцтва з краінамі, якія прымаюць удзел у праграме «Усходняе партнёрства», і краінамі Еўразвяза».

Як адзначыў адзін з ініцыятараў стварэння блока Аляксандр Мілінкевіч, БНБ з'яўляецца адкрытым для далучэння ўсіх суб'ектаў беларускага дэмакратычнага руху, якія жадаюць прыняць удзел у яго дзейнасці і падтрымліваюць мэты і каштоўнасці, пазначаныя ў пагадненні.

«Нават калі камуністы шчыра і адкрыта падзеляць нашыя каштоўнасці, што заяўлены ў нашай дэкларацыі, то яны могуць далучыцца да нашага блока. Але я лічу гэта нерэальным, паколькі яны падзяляюць іншыя каштоўнасці», — сказаў Мілінкевіч.

На яго думку, зараз немагчыма абраць адзінага кандыдата ў прэзідэнты ад Аб'яднаных дэмакратычных сіл (АДС).

«Немагчыма абраць адзінага кандыдата ў прэзідэнты ад АДС не таму, што наш блок добры, а кааліцыя АДС — дрэнная. Проста таму, што калі ў АДС перамагае хтосьці з левага флангу, то правыя не будуць на яго працаваць. Калі перамагае хтосьці з нацыянальных дэмакратаў, то большасць камуністаў не будуць на яго працаваць. Таму трэба ставіць перад сабой рэальныя мэты. І такая мэта — гэта аб'яднанне людзей, для якіх больш важныя каштоўнасці за персаналіі», — заявіў Мілінкевіч.

Адзін з сустаршыняў АДС, лідэр Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька ўпэўнены, што стварэнне Беларускага незалежніцкага блока не павялічыць колькасць прыхільнікаў перамен.

«Калі паглядзець на падзею зыходзячы з агульных беларускіх, а не карпаратыўных інтэрасаў, то падпісанне дэкларацыі аб стварэнні Беларускага незалежніцкага блока — гэта толькі падстава для СМІ, — сказаў ён у інтэрв'ю БелаПАН. — Не думаю, што гэта падзея будзе неяк асабліва ўспрынята сярэднестатыстычным прыхільнікам перамен».

Паводле словаў Лябедзькі, ён і АГП застаюцца прыхільнікамі шырокай кааліцыі дэмакратычных сіл. «Адмова ад гэтага — стратэгічная памылка, якая не павялічвае лік прыхільнікаў апазіцыі, а толькі замарожвае сітуацыю», — падкрэсліў ён.

Палітык лічыць, што «у канчатковым выніку заснавальнікі блока змогуць вырашыць нейкія свае карпаратыўныя інтэрасы, але не вырашаць самага галоўнага — пытання дэмакратызацыі і правоў чалавека ў Беларусі».

«У сучасных беларускіх умовах стварэнне блока, які адмаўляе шырэйшае аб'яднанне, не адпавядае нацыянальным інтэрасам, інтэрасам прыхільнікаў перамен», — лічыць Лябедзька.

Пры гэтым ён адзначыў, што адзіны плюс бачыць у стварэнні адзінай структуры на аснове заснавальнікаў Беларускага незалежніцкага блока. «Ні для каго не сакрэт, што ў блок увайшлі ідэалагічна блізкія людзі, якія вышлі з адной структуры. У дэмакратычнай краіне ўз'яднанне Партыі БНФ у першапачатковым выглядзе было б плюсам. Нам, як партыі, было б прасцей кантактаваць з адной структурай», — сказаў кіраўнік АГП.

Напісаць каментар 51

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках