27 снежня 2024, Пятніца, 11:17
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Прэзідэнцкія выбары ў Беларусі плануецца правесці ў пачатку 2011 года (абноўлена)

97

Такое рашэнне сёння прынята на сустрэчы Лукашэнкі з кіраўніком Цэнтрвыбаркама Ярмошынай.

Чарговыя выбары прэзідэнта Беларусі плануецца правесці ў пачатку 2011 года, а выбары дэпутатаў мясцовых саветаў у красавіку 2010 года, заявілі агенцтву «Інтэрфакс-Захад» у прэс-службе беларускага правіцеля па выніках сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі са старшынёй Цэнтрвыбаркама Лідзіяй Ярмошынай.

Як паведаміла па выніках сустрэчы Ярмошына, у пачатку 2011 года сканчваецца тэрмін паўнамоцтваў Лукашэнкі, таму не пазней за 7 лютага 2011 года мусяць адбыцца выбары прэзідэнта. І не пазней за 13 снежня 2010 года – выбары мясцовых Саветаў дэпутатаў , удакладніла кіраўнік ЦВК.

«Аляксандр Лукашэнка лічыць, што прэзідэнцкія выбары не мусяць супадаць з іншай выбарчай кампаніяй, каб не дэвальваваць сваю сутнасць», - адзначыла Ярмошына.

Таму, паводле яе словаў, «кіраўнік дзяржавы сёння вызначыў, што гэтыя выбарчыя кампаніі пройдуць асобна». «Пры гэтым выбары прэзідэнта – у тэрміны, вызначаныя Канстытуцыяй, то бок не пазней за два месяцы да сканчэння тэрміну паўнамоцтваў. Таму выбары прэзідэнта адбудуцца ў пачатку 2011 года, як вызначае канстытуцыя і выбарчае заканадаўства, а выбары дэпутатаў мясцовых Саветаў - раней», - сказала кіраўнік ЦВК.

«Дэпутаты» недзе паўгады не дапрацуюць, бо выбарчыя кампаніі трэба па часе расцягваць дастаткова істотна», - адзначыла яна.

Ярмошына ўдакладніла, што выбары ў мясцовыя Саветы дэпутатаў адбудуцца ў другой палове вясны, папярэдне ў красавіку 2010 года. Паводле яе словаў, паколькі выбарчая кампанія цягнецца тры месяцы, то ўжо ў пачатку наступнага года, у студзені 2010, уся краіна ўступіць у выбарчую кампанію па выбарах дэпутатаў мясцовых Саветаў дэпутатаў. «Мы знаходзімся напярэдадні вялікага палітычнага сезона, які закране ўсе бакі жыцця краіны», - заявіла старшыня Цэнтрвыбаркама Беларусі.

Нагадаем, што ўсе выбарчыя кампаніі ў Беларусі, якія праводзіліся ў краіне з 1996 года, прызнаныя міжнароднай супольнасцю несвабоднымі і несправядлівымі. Сыходзячы з гэтага, Лукашэнка не лічыцца легітымным прэзідэнтам Беларусі ад 1999 года. Тым не менш, на непрызнаным міжнароднай супольнасцю рэферэндуме 2004 года ён надаў сябе правам выбірацца прэзідэнтам неабмежаваную колькасць разоў. За фальсіфікацыю выбараў і рэферэндумаў кіраўнік ЦВК Ярмошына ўнесена ў спіс неўяздных у краіны Еўразвяза і ЗША.

Лукашэнка: Гэта будуць незвычайныя кампаніі, яны нічым не будуць падобныя да папярэдніх

Аляксандр Лукашэнка не будзе прыслухоўвацца да меркавання пра неабходнасць правядзення ў краіне датэрміновых прэзідэнцкіх выбараў у сувязі з эканамічным крызісам.

«Некаторыя кажуць: не па нашай віне эканамічны крызіс пачаўся, пакуль сітуацыя цярпімая, давайце датэрмінова правядзем прэзідэнцкія выбары. Але Канстытуцыя не дазваляе. У нас і крайні тэрмін, дарэчы, абмежаваны – не пазней за люты 2011 года», - заявіў Лукашэнка падчас сустрэчы са старшынёй Цэнтрвыбаркама.

Лукашэнка дапускае магчымасць правесці выбары ў мясцовыя Саветы вясной будучага года, а прэзідэнцкія выбары правесці «як бы ні было складана ў краіне, якой бы ні была складаная эканамічная сітуацыя, палітычная ў 2011 годзе». «Тады будзе добрая разбежка паміж будучымі выбарамі ў Саветы і прэзідэнцкімі. Усе пабачаць свой рэйтынг, калі пройдуць выбары ў Саветы. І зробяць адпаведныя высновы, праўкі, у сувязі з гэтым вылучаць сваіх кандыдатаў на выбары ў 2011 годзе. Ужо ніхто не абвінаваціць нас, што мы штосьці не зрабілі. Ужо ад сёння мусіць быць час, каб падрыхтавацца да гэтых прэзідэнцкіх выбараў», - заявіў кіраўнік дзяржавы.

А.Лукашэнка сказаў, што «гэта будуць незвычайныя кампаніі, яны нічым не будуць падобныя да папярэдніх, хаця і папярэднія для нас былі не лёгкімі, але ў сілу многіх акалічнасцяў гэта будуць асобыя кампаніі, асабліва прэзідэнцкая». Таму, паводле яго словаў, «нам адыходзіць ад гэтага крытэру сумленнасці і прыстойнасці такіх мерапрыемстваў нельга». «Я прыхільнік правядзення сумленных, справядлівых, і самае галоўнае, адкрытых палітычных кампаній, як у Саветы дэпутатаў, так і прэзідэнцкай. Я маю на ўвазе, што трэба даць усім роўныя магчымасці для падрыхтоўкі і ўдзелу ў гэтых кампаніях. Асабліва ў прэзідэнцкай кампаніі», - адзначыў А.Лукашэнка.

Пры гэтым ён падкрэсліў: «Самае галоўнае, што ўсе гэтыя мерапрыемствы мусяць прайсці згодна з нашай Канстытуцыяй. Калі мы толькі адступім ад Канстытуцыі, ці то па патрабаванні Еўропы, Амерыкі, усходніх суседзяў альбо яшчэ кагосьці, значыць, мы будзем ставіць пад сумнеў сам дакумент». «Нас таксама крытыкавалі за гэта, але мы трывала і мужна дзейнічалі ў рамках нашай Канстытуцыі. Канстытуцыя – гэта святое, таму будзем праводзіць нашыя выбары ў рамках нашай Канстытуцыі, у рамках тых законаў, якія сёння існуюць», - заявіў А.Лукашэнка.

«Калі ў рамках гэтых законаў можна зрабіць найбольш ліберальны клімат, а мы маем досвед, мы з вамі мусім гэта зрабіць, каб нас зноў не папракалі ў тым, што ўзурпавалі ўладу, што тут дыктатура, і мы праводзім выбары тут так, як трэба нам. Гэтага быць не павінна. Таму я прыхільнік самых ліберальных выбараў», - адзначыў прэзідэнт Беларусі.

А.Лукашэнка заклікаў настроіцца на тое, што «да нас прыедуць тысячы, а не сотні рознага кшталту назіральнікаў, добразычліўцаў і непрыяцеляў». «Мы на гэта павінны пайсці. Няхай робяць высновы. І калі хтосьці баіцца, што сітуацыя наша зменіцца ў 2010 годзе не ў лепшы бок, і што гэты крызіс працягнецца і народ адпаведным чынам на гэта адрэагуе, я мушу сказаць, што гэта права народа. Народ мае права рэагаваць так, як ён лічыць патрэбным. Гэта выбары. Ціснуць на выбарах ні на каго нельга», - падкрэсліў А.Лукашэнка.

Паводле яго словаў, «калі будзе дрэнная сітуацыя, калі не здолеем мы народу патлумачыць і запэўніць яго, што гэта не нашая віна, што ж, права народа рабіць адпаведныя высновы. Патлумачым мы людзям, а людзі ў нас адукаваныя і разумныя, яны зразумеюць сітуацыю, патлумачым народу, нават калі і пагоршыцца сітуацыя, паверыць народ – дзякуй». «То бок гэта права народа – права выбару. І мне падаецца, калі мы шчыра пойдзем на гэтыя выбары, у нас ёсць шанец застацца ў гісторыі перад сваім народам сумленнымі і прыстойнымі людзьмі», - заявіў ён.

Напісаць каментар 97

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках