Прэс-сакратар БПЦ: «Заказны палітычны матэрыял БТ выклікаў вельмі негатыўную рэакцыю»
10- 2.10.2009, 11:16
Прадстаўнікі Беларускай праваслаўнай царквы асудзілі сюжэт Першага канала пра дзейнасць партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя».
Як паведамляе газета «Наша Ніва», афіцыйны прадстаўнік Беларускай праваслаўнай царквы пракаментаваў аргкамітэту па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» выказванні некаторых прадстаўнікоў царквы ў адрас БХД.
Яны прагучалі ў сюжэце БТ, паказаным перад візітам патрыярха Кірыла ў Беларусь. Афіцыйны прадстаўнік Беларускай праваслаўнай царквы па сувязях са СМІ архімандрыт Аляксей у размове з прэс-службай БХД адзначыў, што «гэты заказны палітычны матэрыял, тым больш, паказаны перад візітам у нашую краіну патрыярха Кірыла, выклікаў у епіскапаце вельмі негатыўную рэакцыю».
Архімандрыт Аляксей таксама адзначыў, што царква «ні ў якім выпадку не выступае супраць хрысціянска-палітычных партыяў і рухаў, а наадварот, вітае дзейнасць падобных і іншых палітычных арганізацыяў, калі іх канцэпцыя не супярэчыць хрысціянскай дэмакратыі і хрысціянскім каштоўнасцям».
У сюжэце, паказаным па БТ, выказваўся кіраўнік юрыдычнай службы Менскага епархіяльнага ўпраўлення Беларускага Экзархата Андрэй Алешка, а таксама протадыякан Андрэй Кураеў, клірык Маскоўскай епархіі. Па словах архімандрыта Аляксея, Алешка выказваў сваё асабіста меркаванне пра БХД, якое супярэчыць нават афіцыйнаму царкоўнаму дакументу – «Асновам сацыяльнай канцэпцыі Рускай Праваслаўнай Царквы».
А Андрэй Кураеў і зусім не меў права выказвацца пра палітычную і сацыяльную сітуацыю ў Беларусі, бо з'яўляўся госцем беларускага Экзархата.
«Мы б не хацелі, каб асабістыя меркаванні сталі пачаткам негатыўных адносінаў Беларускай Праваслаўнай Царквы з хрысціянска-палітычнымі рухамі», -- заявіў архімандрыт Аляксей.