28 лiстапада 2024, Чацвер, 0:50
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Моўная дыскрымінацыя падчас перапісу ў войску

18

Адзін з лідэраў Партыі БНФ Вінцук Вячорка распавёў сайту www.charter97.org, як яго сын Франак Вячорка ўдзельнічаў у перапісе ў вайсковай частцы 48694 СПА у Мазыры.

Паводле словаў палітыка, салдатам прапаноўвалі запаўняць бланкі перапісу толькі на расейскай мове, а, запытваючы, якую мову яны лічаць роднай, у парушэнне ўсіх правілаў тлумачылі, што гэта «тая мова, на якой вы размаўлялі ў дзяцінстве». Такім чынам, на думку Вінцука Вячоркі, ваеннаслужачых падштурхоўвалі да таго, каб яны назвалі роднай мовай «расейскую».

Гвалтоўна прызваны ў войска дэмакратычны актывіст Франак Вячорка адмовіўся запаўняць перапісны бланк на расейскай мове і запатрабаваў даць яму бланк на беларускай мове. Камандаванне вайсковай часткі адмовілася выканаць законнае патрабаванне актывіста. Больш за тое, камандзір батальёна Ігар Лябедка пачаў пагражаць Франаку Вячорку ў грубай форме, заяўляючы, што калі актывіст будзе «зрываць перапісную кампанію», ім зоймецца вайсковая пракуратура.

Тым не менш Франак Вячорка запатрабаваў, каб кіраўніцтва вайсковай часткі звярнулася ў Мазырскі цэнтр перапісу і даведалася, ці ёсць там перапісныя бланкі на беларускай мове. Пасля доўгіх пярэчанняў, урэшце, праз 3 гадзіны ў вайсковую частку прывезлі бланкі на беларускай мове.

«Тое, што адбываецца ў вайсковай частцы ў Мазыры – адлюстраванне таго, што адбываецца па ўсёй краіне, але ў больш выродлівай форме. Я заўжды казаў, што на адказ пра тое, якая мова з’яўляецца роднай, вельмі моцна ўплывае тое, на якой мове размаўляе сам перапісчык і на якой мове складзены бланк. А калі чалавек мусіць прасіць і патрабаваць бланк на беларускай мове – гэта дыскрымінацыя! І даваць фармулёўкі таму, што значыць «родная мова» - таксама неправільна! Якая мова для чалавека з’яўляецца роднай, чалавек вызначае сам. Што значыць «тая, на якой размаўлялі ў дзяцінстве»? А калі чалавек пачаў размаўляць па-беларуску ў сталым узросце?», -- пракаментаваў тое, што адбылося, Вінцук Вячорка.

Напісаць каментар 18

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках