28 снежня 2024, Субота, 16:21
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Таццяна Новікава: Фізік Ажароўскі сядзіць у турме за беларусаў

10

Расейскага фізіка-ядзершчыка чакаюць на канферэнцыі ў Стакгольме, але ён патрапіў за краты ў Беларусі як «дробны хуліган».

На мінулым тыдні ў Астраўцы прайшлі арганізаваныя ўладамі грамадскія слуханні, прысвечаныя папярэдняй справаздачы «Аб ацэнцы ўздзеяння на навакольнае асяроддзе беларускай АЭС». Паколькі на іх усё было даволі прадказальна, у цэнтры ўвагі СМІ апынуўся расейскі навуковец, супрацоўнік міжнароднай экалагічнай групы «Экаабарона» Андрэй Ажароўскі, які заехаў у Астравец па дарозе з Масквы ў Стакгольм і быў затрыманы беларускімі міліцыянтамі.

Пра свайго калегу «Еўрарадыё» распавяла Таццяна Новікава, беларускі каардынатар расейскага руху «Экаабарона».

«Праблема, якой у апошні час займаецца Андрэй у «Экаабароне», — гэта праблема ядзерных адыходаў... Сам ён мае вышэйшую адукацыю па спецыяльнасці «ядзерная фізіка», скончыў у свой час інстытут у Маскве. Зараз ён жыве ў Падмаскоўі, працуе настаўнікам у вясковай школе», -- распавядае эколаг.

Па словах Таццяны Новікавай, да Андрэя Ажароўскага як да навукоўца ставяцца з павагай нават у «Расатаме».

«Ён удзельнічае ў грамадскіх слуханнях дастаткова прафесійна. Вось я ў свой час прысутнічала на падобных на астравецкія слуханнях, якія праходзілі з нагоды будаўніцтва Балтыйскай АЭС на Нёмане. Дык вось, калі там пачалі даваць слова грамадскасці — трэцім выступаў Андрэй. Ён прадэманстраваў сваю прэзентацыю, напрыклад. Наогул да яго словаў на падобных мерапрыемствах прыслухоўваюцца і яго паважаюць», - дадае яна.

Літаральна на наступны дзень пасля затрымання Андрэя Ажароўскага ля дзвярэй кінаканцэртнай залы «Астравец» шматлікія расейскія СМІ напісалі пра спецыяліста выключна як пра «хулігана». Але складана ўявіць сабе навукоўца, былога эксперта ААН, бацьку дваіх дзяцей, які вядзе сябе нейк непрыстойна на грамадскіх слуханнях у суседняй краіне.

«Мне падаецца такое стаўленне з боку расейскіх СМІ наогул недапушчальным! Я прысутнічала непасрэдна ў момант затрымання: Андрэй ні ў якім выпадку не паводзіў сябе па-хуліганску! Больш за тое, мы з ім дамовіліся, што ён прынясе гэтую друкаваную прадукцыю ў залу. Яму не дазволілі пранесці нічога, дык тады ён пакінуў папросту каля ўваходу гэтыя брашуры. Яго павінны былі пусціць назад, паколькі ён зарэгістраваны ўдзельнік слуханняў. Я асабіста бачыла гэтую сітуацыю: яго схапілі людзі ў цывільным, з ужываннем сілы заламалі яму рукі і прымусова пасадзілі ў машыну!», -- сцвярджае Новікава.

Добра, што застаюцца за межамі Беларусі спецыялісты, навукоўцы і папросту неабыякавыя людзі, якія прыязджаюць у нашую краіну, спрабуюць дапамагчы нам жа вырашыць свае ж праблемы...

«У гэтым сэнсе што я магу сказаць пра чалавека... Андрэй, фактычна, «матае тэрмін» за беларусаў! Гэта значыць ён зараз сядзіць за кратамі 7 сутак, хаця яго чакаюць на канферэнцыі ў Стакгольме», - кажа эколаг.

Андрэй Ажароўскі падаў апеляцыйную скаргу ў абласны суд адносна рашэння Астравецкага суда. Паводле беларускага заканадаўства, скарга павінна быць разгледжаная на працягу трох дзён. На цяперашні момант навуковец знаходзіцца ў Астравецкім следчым ізалятары, а расейская амбасада ў Менску ўжо адправіла ў прыёмную міністра замежных справаў Беларусі ноту пратэсту з просьбай разабрацца ў акалічнасцях справы.

Напісаць каментар 10

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках