24 лiстапада 2024, Нядзеля, 17:54
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Франка Вячорку паклалі ў вайсковы шпіталь

5

Сёньня ў Ракаве міліцыянты затрымалі лідэра “Моладзі БНФ” Франка Вячорку і адвезьлі яго ў Савецкі ваенкамат Менску. Пазьней Франка паклалі ў вайсковы шпіталь.

Франак Вячорка патэлефанаваў “Радыё Свабода” зь міліцэйскай машыны па дарозе зь мястэчка Ракаў Валожынскага раёну ў Савецкі ваенкамат Менску. Ён расказаў, што два супрацоўнікі міліцыі ўварваліся ў прыватны дом яго знаёмай, запатрабавалі ва ўсіх пашпарты:

“Супрацоўнікі міліцыі ўварваліся ў прыватны дом у мястэчку Ракаў, дзе я знаходзіўся ў гасьцях. Бяз ордэру на вобыск яны адпіхнулі гаспадыню і затрымалі мяне паводле ордэру на затрыманьне і дастаўку ў ваенкамат. Адзін зь міліцыянтаў, намесьнік начальніка Менскай гарадзкой міліцыі спадар Ачапоўскі, на пытаньне, ці падпадае мястэчка Ракаў пад юрысдыкцыю менскай гарадзкой міліцыі, адказаў: маўляў, ёсьць загад, і мы яго выканалі”, -- паведаміў апазыцыянер.

Франак Вячорка патлумачыў, што дагэтуль яму не дасылалі ніякіх позваў з ваенкамату. Актывіст нагадаў, што 22 сьнежня яго таксама гвалтоўна затрымалі і адвезьлі ў ваенкамат. Франак сказаў, што абскардзіў гэтыя дзеяньні ў пракуратуры Савецкага раёну і зьбіраецца абскардзіць таксама сёньняшнія дзеяньні міліцыянтаў, якія ўварваліся ў прыватнае жыльлё.

Потым тэлефон Франка Вячоркі не адказваў. Начальнік аддзелу прызыву Савецкага ваенкамату капітан Быкаў ня стаў тлумачыць прычыны гвалтоўнай дастаўкі хлапца ў ваенкамат.

Бацька Франка, Вінцук Вячорка, пазьней патлумачыў, што пасьля ваенкамату Франка павінны былі адпусьціць. Аднак калі ён выйшаў з будынку, яго спынілі два маёры міліцыі і чалавек у цывільным. Гэтую сытуацыю здымалі на відэакамэру. Міліцыянты не паказалі дакумэнту, на падставе якога яны забралі Франка Вячорку, каб даставіць у вайсковы шпіталь.

“Франак заявіў, што нікуды не паедзе, пакуль дакумэнт не пакажуць. Праз 5 хвілінаў прыехаў варанок зь міліцэйскімі сэржантамі. Так што Франка сілай даставілі ў вайсковы шпіталь. Паколькі адзін зь міліцыянтаў на мае настойлівыя пытаньні шматзначна паказаў пальцам угору — маўляў, загад ідзе адтуль, і паколькі чалавек у цывільным яўна прадстаўляў не міліцыю, то я разумею, што ажыцьцяўляецца палітычна-рэпрэсіўная апэрацыя нэўтралізацыі грамадзка, палітычна актыўнай моладзі. У тым ліку з выкарыстаньнем як рэпрэсіўнага вось гэтага мэханізму вайсковага прызыву. У тым ліку з перапісваньнем дыягназаў, калі гэтага патрабуе палітычная мэтазгоднасьць”, -- паведаміў Вінцук Вячорка.

Нагадаем, у Франка Вячоркі ёсьць адтэрміноўка з прычыны стану здароўя ад прызыву да сакавіка. Раней раённая вайсковая камісія прызнала Франка непрыдатным для вайсковай службы і дала яму адтэрміноўку на паўгода. Потым ваенкамат выдаў распараджэньне, каб рэспубліканскі шпіталь праверыў дыягназ мэдыкаў. У выніку Франку Вячорку была дадзена адтэрміноўка ад службы. Цяпер Франка зноў паклалі ў вайсковы шпіталь.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках