1 лiстапада 2024, Пятніца, 22:33
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

За зімовыя «канікулы» на заводах ніхто не заплаціць

3

Большасьць працоўных Смаргоньскага сылікатна-бэтоннага прадпрыемства знаходяцца ў адпачынку, які не аплочваецца. Кіраўніцтва прадпрыемства ня ведае, як справы пойдуць далей.

Вытворчасьць прадукцыі прадпрыемства з 25 сьнежня па 12 студзеня спынена. Прычына такога доўгага адпачынку -- на прадпрыемстве запоўненыя склады нерэалізаванай прадукцыяй.

Намесьніца дырэктара па ідэалягічнай рабоце, Людміла Гарадзецкая, сказала ў інтэрв’ю «Радыё Свабода», што й іхняе прадпрыемства закрануў крызіс.

«Крызіс дайшоў і да нас, асабліва што датычыць экспарту. У Расеі прыпынілася будаўніцтва, а ў нас шмат прадукцыі ішло ў Калінінградзкую вобласьць, у Літву таксама. Вось таму ў нас зьнізіўся экспарт», - кажа Людміла Гарадзецкая.

Спадарыня Гарадзецкая кажа, што сацыяльных праграмаў на прадпрыемстве імкнуцца не спыняць, а тое, што людзей адправілі ў адпачынак за свой кошт, дык, маўляў, кожны па асабістаму жаданьню напісаў заяву на сьвяты.

Рабочая прадпрыемства Натальля паведаміла «Радыё Свабода», што такія адпачынкі ў іх здараюцца амаль штогод узімку й людзей зазвычай яны ня радуюць, паколькі потым на людзях балюча адбіваецца безграшоўе.

«Абураюцца, вядома, людзі, але што рабіць? Вось як гэта называецца...», - кажа працаўнічка.

Намесьніца дырэктара па ідэалягічнай рабоце Гарадзецкая сьцьвярджае, што з 12 студзеня вытворчасьць павінны запусьціць, паколькі ёсьць замовы, але як справы на прадпрыемстве пойдуць далей, яна ня ведае.

«Як будуць далей справы ісьці – мы ж ня можам прагназаваць. Усё залежыць ад таго, як нам будуць плаціць, як будаўніцтва будзе разьвівацца. Спадзяемся на лепшае. Вось у Астраўцы плянуюць будаўніцтва АЭС, магчыма й мы да гэтага далучымся. Спадзяемся», - зазначыла Людміла Гарадзецкая.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках