24 лiстапада 2024, Нядзеля, 16:33
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У менскай друкарні адмовіліся выдаваць незалежную газету «Борисовские новости»

8

З пачатку новага года недзяржаўная грамадска-палітычная газета «Борисовские новости» пазбаўлена магчымасці друкавацца, а таксама распаўсюджвацца праз уласную гандлёвую сетку.

Як паведамляе прэс-служба БАЖ, у снежні прыватная друкарня «Плутас-Маркет» (Менск), дзе друкавалася апошнія гады рэгіянальнае выданне, паведаміла рэдакцыі «БН», што з 3 студзеня 2009 года скасоўвае дамову аб супрацоўніцтве. У сувязі з «сусветным фінансавым крызісам», — патлумачыла кіраўніцтва друкарні.

Па графіку наступны нумар «Борисовских новостей» павінен друкавацца ўвечары 6 студзеня. Але ці пабачыць газета свет, на гэты момант невядома. Па словах галоўнага рэдактара «БН» Анатоля Букаса, зараз ён вядзе перапіску з дырэкцыяй «Плутос-Маркет», каб вырашыць гэтае пытанне.

«У апошнім лісце з друкарні паведамляецца, што мы нібыта несвоечасова разлічваліся за выпуск нумару. Я ім напісаў, што друкарня ніколі не выстаўляла нам прэтэнзій па аплаце паслуг, і зараз чакаем іх адказу», — паведаміў у гутарцы з прэс-службай БАЖ Анатоль Букас.

Між тым, з 30 снежня Барысаўскі райвыканкам па рэкамендацыі падаткавай інспекцыі адабраў ліцэнзію на раздробны гандаль перыядычнымі выданнямі ў выдаўца «Борисовских новостей» – прыватнага ўнітарнага прадпрыемства «Букас медиа-центр».

Дзеянні мясцовых уладаў Анатоль Букас лічыць неабгрунтаванымі, і сёння ён накіраваў зыскавую заяву ў Гаспадарчы суд Мінскай вобласці з патрабаваннем адмяніць рашэнне выканкама аб ануляванні гандлёвай ліцэнзіі.

«Такім чынам, заблакаваная праца нашага прадпрыемства — сёння мы не можам ні друкаваць газету, ні прадаваць яе. Наш калектыў хоча нармалёва працаваць і нармалёва плаціць падаткі, а нам перашкаджаюць гэта рабіць. Між тым, за мінулы год мы заплацілі ў бюджэт краіны 346 млн. рублёў падаткаў», - абураецца Анатоль Букас.

Нагадаем, што больш за 3 гады газета «Борисовские новости» разам з іншымі недзяржаўнымі выданнямі пазбаўлена магчымасці распаўсюджвацца праз падпіску «Белпошты» і сетку кіёскаў «Саюздруку».

Улады на жорсткіх эканамічных і юрыдычных ўмовах дазволілі вярнуцца ў дзяржаўны распаўсюд толькі незалежным газетам «Наша Ніва» і «Народная воля».

Застаецца абмежаваным распаўсюд выданняў «Новы час», «СНплюс. Свободные новости плюс» (падпіска), «Товарищ», «Витебский курьер-М», «Вольнае Глыбокае», «Газета Слонімская», «Ганцавіцкі час», «Intex-press» (Баранавічы), «Газета для вас», «Бабруйскі кур’ер».

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках