24 лiстапада 2024, Нядзеля, 15:23
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Палітычная «аблава»: моладзевых лідэраў гвалтоўна і незаконна забіраюць у войска

44
Палітычная «аблава»: моладзевых лідэраў гвалтоўна і незаконна забіраюць у войска

Міліцыянты 28 студзеня хапалі апазіцыйную моладзь прама на вуліцах або прыходзілі на дом і сілай дастаўлялі ў ваенкаматы або адразу - у вайсковую частку.

Сёння былі прадпрынятыя спробы гвалтоўна забраць у войска аднаго з лідэраў «Маладога Фронту» Івана Шылу, моладзевага актывіста Зміцера Хведарука і лідэра «Моладзі БНФ» Франака Вячорку.

Франака Вячорку затрымалі ў Менску прама на вуліцы і адвезлі ў вайсковую частку. Апазіцыянер будзе служыць у 8-й радыётэхнічнай брыгадзе ў Баранавічах.

Аб гэтым ягонаму бацьке, намесніку старшыні Партыі БНФ Вінцуку Вячорке паведаміў ваенны камісар Савецкага раёна Менска Загурскі.

Вінцук Вячорка заявіў камісару, што той будзе несці адказнасць за выкраданне ягонага сына і парушэнне дзеючага заканадаўства.

«Усё гэта дэманстрацыя сутнасці так званай «адлігі», якая нібыта адбываецца ў Беларусі. Парушаюцца ўсе законы, парушаецца Канстытуцыя. Ні адзін чалавек у гэтай краіне не можа адчуваць сябе ў бяспецы, яго могуць схапіць, выкрасці, зрабіць з ім усё, што заўгодна. Нават па лукашэнкаўскіх законах Франак меў 10 дзён на абскарджанне рашэння суду. Усе мы ведаем, як праходзіў гэта суд, але ўсё роўна ён меў права на абскарджанне», -- заявіў у інтэрв'ю прэс-цэнтру Хартыі’97 Вінцук Вячорка.

Нагадаем, што 16 студзеня Франака Вячорку гвалтоўна схапілі ў палаце шпіталя, дзе ён праходзіў медыцынскае абследаванне, і прывезлі ў ваенкамат. Там яму паведамілі, што праз некалькі гадзін адвязуць у вайсковую частку. На той момант у Франака была адтэрміноўка ад службы ў войску з-за аперацыі на вачах і некаторых хранічных захворванняў. Але ён прымусова праходзіў яшчэ адну камісію ў рэспубліканскім вайсковым шпіталі.

17 студзеня Франак Вячорка звярнуўся ў суд са скаргай на дзеянні вайскоўцаў і медыкаў падчас прызыўной кампаніі. Моладзевы актывіст патрабаваў, каб вайсковыя камісіі захоўвалі прынцып роўнасці ўсіх прызыўнікоў.

Суд Савецкага раёна Менска папярэдзіў ваенкамат, што да таго часу, пакуль не будзе разгледжаная скарга, прызыў Франака Вячоркі ў войска прыпыняецца. Аднак працэс па справе актывіста прайшоў у закрытым рэжыме і без ягонага ўдзелу. Нягледзячы на праблемы са здароўем, суд прызнаў Франака Вячорку годным да службы ў войску.

«Такога нахабнага парушэння ўсіх працэдур правядзення суду мы яшчэ не бачылі пры Лукашэнке. Суд прайшоў у закрытым рэжыме, без удзелу пазоўніка, якога папросту абдурылі, паведаміўшы іншы дзень і час паседжання», - заявіў бацька прызыўніка Вінцук Вячорка.

Сёння жа супрацоўнікі міліцыі і ваенкамата прыйшлі ў кватэру моладзевага актывіста Зміцера Хведарука. Яны заявілі, што апазіцыянер павінен праехаць з імі ў ваенкамат. Як сказаў Хведарук рэс-цэнтру Хартыі’97, міліцыянты схапілі яго, выцягвалі з кватэры сілай. Да шчасця, у гэты час дадому вярнуўся бацька Хведарука. Міліцыянты рэтыраваліся з кватэры, заявіўшы, што Хведарук «павінен з'явіцца ў ваенкамат».

Нагадаем, што актывіст вучыцца ў менскім біблейска-багаслоўскім каледжы і наогул пакуль не падлягае прызыву. Акрамя таго, Хведарук быў двойчы збіты АМАПам: 17 студзеня 2008 года ў Цэнтральным судзе і 12 снежня 2007 года падчас разгону дэманстрацыі «За незалежнасць!». Зміцер атрымаў чэрапна-мазгавую траўму, траўму жывата, скалынанне мозгу.

Аднаго з лідэраў «Маладога Фронту» Івана Шылу забралі ў ваенкамат увечары 28 студзеня. Як паведаміў актывіст прэс-цэнтру Хартыі’97, міліцыянты дзяжурылі ля ягонай кватэры, а пасля ўварваліся і заявілі, што ён павінен праехаць з імі. Варта ўлічыць, што ваенкамат працуе да 17.00, а забралі апазіцыянера ў 17.30.

Іван Шыла ўпэўнены, што ягоны прызыў у войска незаконны. «Мяне затрымоўвалі супрацоўнікі міліцыі і дастаўлялі ў ваенкамат, калі я сам туды ішоў. Прыязджалі здымачная група Беларускага тэлебачання і супрацоўнікі КДБ, якія кансультавалі палкоўніка Заінчынскага, вайсковага камісара Салігорскага раёна. Я бачыў, як урачы вырашалі ўсе сумнеўныя пытанні за некалькі хвілін.

Я не веру ў выпадковасці. Паўтары гады таму я быў асуджаны за «ўдзел у незарэгістраванай арганізацыі», паўгады таму я быў выключаны са школы перад апошнім іспытам», -- заявіў Іван Шыла.

Напісаць каментар 44

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках