24 лiстапада 2024, Нядзеля, 15:52
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Нацбанк: Беларусы будуць менш зарабляць

14

Нават калі заробкі працаўнікоў дзяржпрадпрыемстваў намінальна не стануць меншымі, фактычна людзі стануць менш зарабляць.

Каб атрымаць крэдыт ад МВФ, Беларусь павінная была прадаставіць міжнароднаму валютнаму фонду план па пераадоленні наступстваў сусветнага эканамічнага крызісу. Як паведаміў «Еўрарадыё» намеснік начальніка ўпраўлення Нацбанка Беларусі Сяргей Дубкоў, такі план быў прадастаўлены і прыняты. Але акрамя МВФ плану гэтага ніхто не бачыў.

«Пры прыняцці рашэння савет дырэктароў МВФ разгледзеў план урада і Нацбанка па рэагаванні на сусветны фінансавы крызіс. Гэта з'яўляецца адной з частак ўмоваў па дачы крэдытных рэсурсаў. План быў разгледжаны і прыняты, таму што ён распрацоўваўся сумесна з місіяй МВФ», - сказаў Сяргей Дубкоў.

Як сцвярджае Сяргей Дубкоў, наступным крокам урада будзе перагляд дырэктыўнага крэдытавання.

«Першае: скарачэнне бюджэтных выдаткаў – гэта значыць бездэфіцытны бюджэт. Адпаведнае рашэнне прынятае. Далей – скарачэнне дырэктыўнага крэдытавання. Адпаведны перагляд дырэктыўнага крэдытавання робіцца. Гэтае скарачэнне бюджэтных выдаткаў шляхам цвёрдай рэгламентацыі заработнай платы. Адпаведнае рашэнне таксама прынятае. Дэвальвацыя з'яўляецца тэхнічнай мерай, якая стабілізуе курсаўтварэнне, таму што нашы асноўныя гандлёвыя партнёры, у прыватнасці, Расея, у апошні час сур'ёзна дэвальвавала свой рубель і працягвае гэта рабіць і ў новым годзе –дэвальвацыя склала цяпер каля 25 адсоткаў.

Яскравы прыклад – гэта Ўкраіна, чый тавараабарот з Беларуссю ўжо больш за 5 мільярдаў даляраў. Украіна на працягу кароткага часу дэвальвавала нацыянальную валюту ў адносінах да даляра больш чым на 60%. Таксама МВФ прывітаў новы спосаб курсаўтварэння шляхам прывязкі да кошыка з трох валют: даляра ЗША, еўра і расейскага рубля. Дадзеныя валюты ўлічваюцца ў кошыку практычна ў роўных памерах, што адпавядае валюце плацяжоў нашага гандлёвага балансу», - заявіў намначальніка ўпраўлення Нацбанка.

Наколькі верагодная дадатковая дэвальвацыя беларускага рубля, Сяргей Дубкоў прагназаваць не бярэцца. Ён нагадвае, што, паводле закладзеных параметраў, курс рубля будзе трымацца на цяперашнім узроўні +/- 5 %. Аднак вялікая дэвальвацыя магчымая. Калі, напрыклад, расейскі рубель працягне падаць. Інакш беларускія тавары стануць неканкурэнтаздольнымі на замежным рынку, а на ўнутраным рынку Беларусі атрымае перавагу імпарт.

Якім чынам будуць скарачацца бюджэтныя выдаткі і што такое «аптымізацыя заробкаў»? Па словах Сяргея Дубкова, заробкі больш не будуць вышэй за тэмпы росту вытворчасці.

«У нас да апошняга часу – праўда, летась гэтая тэндэнцыя пачалазмяняцца – тэмпы росту заробкаў былі вышэй за тэмпы росту вытворчасці працы. Цяпер гэтая ўвязка будзе адназначна трактаванай. Летась быў пералом. Тэмпы росту заробкаў зраўняліся з тэмпамі росту вытворчасці. Зараз гэта будзе цвёрдая рэгламентацыя з улікам таго, колькі прадукцыі вырабілі. Неабходныя адлічэнні зрабілі – а астатняе з'яўляецца заробкамі, а не так, што дзяржава, карыстаючыся эканамічнымі метадамі, стымулявала менавіта рост заробкаў», - сцвярджае ён.

Банкір прызнае, што нават калі заробкі супрацоўнікаў дзяржаўных прадпрыемстваў намінальна не стануць меншымі, фактычна людзі стануць менш зарабляць.

«З улікам таго, што ёсць інфляцыя, ёсць падвышэнне коштаў на пэўныя віды паслуг – у прыватнасці па ЖКГ – тэмпы росту заробкаў могуць быць меншымі, чым тэмпы росту па гэтых паслугах», - адзначыў Сяргей Дубкоў.

Напісаць каментар 14

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках