27 снежня 2024, Пятніца, 11:44
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Улады прымушаюць банкі аддаваць грошы на «барацьбу» з крызісам

21

У 2009 годзе беларускім банкам прыйдзецца сур'ёзна раскашэліцца – іх прымушаюць утрымліваць айчынныя прадпрыемствы.

Урад «рэкамендуе» ім вылучыць для прадпрыемстваў рэальнага сектара эканомікі крэдытаў на суму 9,1 трыльёна рублёў.

Гэта больш амаль у 1,7 раза ў параўнанні з мінулым годам. Сродкі плануецца накіраваць на інвестыцыйныя праекты, якія ўрад прызнаў найважнейшымі. Намер Саўміна і надалей крэдытаваць прадпрыемствы, прычым перадавымі тэмпамі, выклікае ў экспертаў здзіўленне. Асабліва на фоне ўзніклых праблемаў з ліквіднасцю ў вядучых банкаў краіны, якія і без таго не адчуваюць лішка грашовых сродкаў, паведамляюць «Беларускія навіны».

Як вынікае з пастановы Саўміна № 2068 ад 31 снежня, банкам рэкамендавана накіраваць крэдыты на найважнейшыя інвестыцыйныя праекты, якія будуць рэалізоўвацца ў цяперашнім годзе. Асноўная нагрузка ляжа на чатыры найбуйнейшыя дзяржаўныя банкі. Так, «Беларусбанк» павінен выдаць крэдытаў прадпрыемствам на 3,65 трлн. рублёў, «Белаграпрамбанк» — 1,8 трлн. рублёў, «БПБ-Банк» — 900 млрд. рублёў, «Белінвестбанк» — 1,1 трлн. рублёў.

Урад таксама «нарэзаў» заданні прыватным банкам. Напрыклад, «Прыёрбанку» даручана вылучыць 300 млрд. рублёў, «Белзнешэканомбанку» — 230 млрд. рублёў, «Белрасбанку» і банку «Масква-Менск» — па 200 млрд. рублёў, «Белгазпрамбанку» — 100 млрд. рублёў.

На думку начальніка упраўлення інфармацыі Нацбанка Анатоля Драздова, нічога экстраардынарнага тут няма. «Гэта не значыць, што банкі будуць раздаваць свае грошы направа і налева. Пераважная большасць інвестпраектаў, як правіла, рэнтабельныя. Банкі на гэтым зарабляюць. Акрамя таго, укладанні ў рэальны сектар больш надзейныя, чым у каштоўныя паперы, што і паказалі падзеі ў свеце. Гэта тое, што стабільна працуе, прыносіць прыбытак і ў меншай ступені адчувае ўплыў фінансавых крызісаў», — адзначыў суразмоўца «Беларускіх навінаў».

Акрамя таго, ён лічыць, што 9 трыльёнаў «не такая ўжо і вялікая сума для беларускай эканомікі». У той жа час ён адзначыў, што камерцыйны банк, асабліва недзяржаўны, нельга прымусіць крэдытаваць праекты, якія ён не лічыць патрэбнымі. «Ніхто не адмяняў нашых інструкцыяў, дзе дакладна прапісана, што грошы даюцца на аснове зваротнасці і аплатнасці. Іншая справа, што банкі павінны быць гатовыя гэта зрабіць», — сказаў Анатоль Драздоў.

Аднак экс-кіраўнік Нацыянальнага банка Станіслаў Багданкевіч лічыць, што столькі сродкаў (9 трыльёнаў рублёў) у банкаў няма. «Уся грашовая маса Беларусі складае 20 трыльёнаў рублёў», — сказаў ён «Беларускім навінам». Паводле яго словаў, для крэдытавання рэальнага сектара банкі выкарыстаюць сродкі, прыцягнутыя ў якасці ўкладаў насельніцтва. Таму, лічыць ён, перш чым прымаць такія рашэнні, трэба прааналізаваць аб'ёмы дэпазітаў насельніцтва, наяўнасць у банкаў доўгатэрміновых рэсурсаў. «Усё гэта патрабуе сур'ёзных разлікаў і ацэнкі. Асабліва ў цяперашніх умовах. У адваротным жа выпадку можна проста загубіць банкаўскую сістэму краіны», — лічыць эксперт. Акрамя таго, адзначыў ён, ва ўрада павінна быць поўная ўпэўненасць у тым, што праекты, на якія вылучаюцца сродкі, прынясуць аддачу краіне ў будучыні.

Эксперт адзначыў, што дэпазіты, за кошт якіх вылучаюцца крэдыты, маюць карацейшыя тэрміны. А інвестыцыйныя крэдыты выдаюцца на шмат гадоў. У выніку банкам прыходзіцца ўвесь час падтрымліваць сваю ліквіднасць у сувязі з разрывамі па тэрмінах.

У той жа час зрабіць гэта беларускім банкам пакуль складана. Наадварот, іх ліквіднасць зніжаецца. У прыватнасці, у «Беларусбанка» паказчык кароткатэрміновай ліквіднасці знізіўся амаль у тры разы (з 1,4 да 0,5). У вядучага банка краіны растуць доўгатэрміновыя актывы пры наяўнасці ў асноўным кароткатэрміновых грашовых сродкаў. У асноўным, гэта ўклады грамадзянаў. У гэтым банку сканцэнтравана каля 60% укладаў насельніцтва.

Нагадаем, што ў канцы 2008 года дзяржава павялічыла статутныя фонды чатырох вядучых дзяржаўных банкаў на 3 трлн. рублёў. Аднак гэта было звязана, у асноўным, з намерам урада захаваць магчымасць банкаў выдаваць сродкі ў галіне жыллёвага крэдытавання.

Адкуль банкі змогуць узяць грошы для крэдытавання рэальнага сектара, пакуль не зразумела. Напрыклад, «Беларусбанк» павінен вылучыць крэдытаў на 3,6 трлн. рублёў, а яго статутны фонд нават пасля снежаньскага павелічэння складае 2,3 трлн. рублёў.

На думку старшыні Асацыяцыі беларускіх банкаў Фелікса Чарняўскага, пакуль складана казаць, адкуль банкі змогуць узяць грошы. «Калі ставіцца такая задача, яна павінна быць забяспечаная сродкамі. Аднак пакуль не зусім зразумела, за кошт чаго банкі змогуць сфармаваць сваю рэсурсавую базу ў 2009 годзе. І якая будзе аддача ад інвестыцыяў. Асноўныя накірункі грашова-крэдытнай палітыкі на 2009 год закладваліся ў жніўні. Але з таго часу сітуацыя рэзка змянілася. Зараз патрэбныя абноўленыя разлікі па развіцці эканомікі ў новых умовах — як будзе фармавацца бюджэт, прыбыткі прадпрыемстваў і насельніцтва. Іх пакуль афіцыйна не агучвалі. Тады можна сказаць, якая будзе рэсурсавая база прадпрыемстваў і колькі трэба сродкаў прыцягнуць з-за мяжы», — сказаў эксперт «Беларускім навінам».

Акрамя таго, эксперт узнімае пытанне, ці змогуць прадпрыемствы адпрацаваць кошт крэдытных рэсурсаў, бо за апошні месяц яны значна падаражэлі.

Трэба адзначыць, што ўрад падпісаў пастанову 31 снежня, але грамадскасці яна стала вядомая толькі на днях. Гэта значыць была магчымасць перагледзець сваё рашэнне ў першыя дні новага года, з улікам новых акалічнасцяў. Аднак рабіць гэтага не сталі.

Крызіс крызісам, а інвестпраекты — па раскладзе.

Напісаць каментар 21

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках