24 лiстапада 2024, Нядзеля, 10:33
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Лукашэнка: «Калі на караблі штарміць, то ён можа перавярнуцца»

71

Наведваючы прадпрыемства «Белкамунмаш» Аляксандр Лукашэнка казаў аб дэвальвацыі, дэнамінацыі і прыватызацыі.

Аб дэнамінацыі

Аляксандр Лукашэнка заявіў аб адсутнасці ў кіраўніцтва краіны планаў правесці дэнамінацыю беларускага рубля.

"Сёння мы не збіраемся праводзіць ніякай дэнамінацыі. Дэнамінацыі без прэзідэнта быць не можа. У мяне няма ніякіх праектаў указаў на гэты конт", - заявіў А.Лукашэнка ў інтэрв'ю журналістам у аўторак, перадае «Інтэрфакс».

Па ягоных словах, "дэнамінацыю, як і дэвальвацыю, за адзін дзень не правядзеш". "За 3-4 месяцы павінен быць падпісаны ўказ, пасля чаго ціха і спакойна абменьваюцца грошы", - сказаў А.Лукашэнка. Пры гэтым ён заявіў: "Калі памкнемся праводзіць дэнамінацыю, то скажам загадзя - за 3-4 месяцы".

Беларускі кіраўнік назваў "поўнай дурасцю" меркаванне аб тым, што ў Беларусі будзе праведзеная дэнамінацыя для наступнага пераходу на расейскі рубель. "Навошта спачатку мяняць паперкі, а пасля адразу жа мяняць іх на іншыя паперкі", - заўважыў беларускі прэзідэнт.

Вяртаючыся да тэмы дэнамінацыі, А.Лукашэнка сказаў: "Калі будзе, тады і скажам, і ніякай тайны не будзем рабіць".

Аб прыватызацыі

Лукашэнка заявіў аб адсутнасці ў кіраўніцтва краіны планаў па карэктоўцы праграмы прыватызацыі, заявіўшы пры гэтым, што ва ўмовах крызісу ніхто не будзе прадаваць прадпрыемствы танна.

"Планы прыватызацыі пераглядаць не будзем. Але які дурань прадае, калі ўсё абвальваецца, абвальваюцца фондавыя рынкі. Калі захочуць купіць па старых коштах, то мы гатовыя", - заявіў А.Лукашэнка.

"Калі ўпалі кошты на нерухомасць і прадпрыемствы, то які сэнс іх прадаваць", - дадаў беларускі кіраўнік.

Па ягоных словах, "планы застаюцца планамі, але прадаваць будзем па старых коштах". "За бясцэнак нічога прадаваць не будзем", - падкрэсліў ён.

Аб прадпрымальніках

Аляксандр Лукашэнка лічыць, што ў цяперашніх умовах у Беларусі прадпрыемствам трэба даць вялікую свабоду.

"У цяперашняй сітуацыі "закручваць гайкі" нельга. Наадварот, мы павінны даць вялікую свабоду", - сказаў ён.

"Сёння-заўтра я падпішу ўказ аб заяўнічым прынцыпе рэгістрацыі суб'ектаў гаспадарання. Прыйшоў, паклаў статут заявы, выплаціў дзяржмыту, дзесьці 150-200 еўра, і ідзі працуй", - адзначыў Лукашэнка.

Аб дэвальвацыі

Лукашэнка заявіў, што ў краіне ў цяперашнім годзе не плануецца больш праводзіць аднамомантную дэвальвацыю нацыянальнай валюты.

"Старшыні кіравання Нацыянальнага банка выразна даручана: плюс-мінус 5% (ваганні курсу рубля да кошыка валют - ІФ)", - заявіў ён.

А.Лукашэнка выказаў сумнеў адносна неабходнасці размовы на тэму дэвальвацыі рубля. "Мусіць, не варта размаўляць на гэтую тэму. Калі шмат кажаш, гэта выклікае ў шматлікіх падазрон. Але ўсё жа гаварыць трэба, каб потым людзі не папракалі", - сказаў ён. Яму незразумелая рэакцыя насельніцтва краіны, якое пасля дэвальвацыя кінулася скупляць тавары.

"Навошта набываць па 10 тэлевізараў, бо кошты ж на тавары будуць падаць", - адзначыў кіраўнік дзяржавы. Па ягоных словах, "трэба спакойна жыць, як жылі". "Ёсць банкаўскія ўклады ў далярах, еўра, рублях - няхай яны застаюцца. Вельмі небяспечна пераводзіць зберажэнні ў адну валюту", - лічыць прэзідэнт краіны.

"Галоўнае сёння для людзей - не шарахацца. Бо калі штарміць на караблі - людзі не бегаюць ад борта да борта, таму што карабель можа перавярнуцца", - сказаў А.Лукашэнка.

Лукашэнка заявіў, што беларускія ўлады "шчыра сказалі, чаму дэвальвавалі валюту. Пытанне нават не ў МВФ (умовы для атрымання крэдыту - ІФ), а вось у гэтых вытворцах", - сказаў А.Лукашэнка. "Для мяне галоўнае - захаваць вытворчасць", - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Ён адзначыў, што Нацыянальныя банк "прашляпіў навагоднія святы". "Трэба было завезці валюты столькі, колькі трэба. Быў створаны штучны дэфіцыт валюты", - заявіў прэзідэнт краіны.

Па ягоных словах, "сёння валюты ў краіне хапае". "У лютым мы атрымаем другі транш крэдыту ад Расеі, МВФ пералічыць адзін мільярд (даляраў - ІФ), Венесуэла ўжо пералічыла паўмільярды даляраў", - заявіў А.Лукашэнка. Акрамя таго, адзначыў ён, "гледзячы на МВФ, браму адчыняюць іншыя крэдыторы для запазычанняў".

Аб імпарце

У Беларусі будуць узважана падыходзіць да развіцця імпартазамяшчэння. Галавацяпствам мы займацца не будзем, а возьмемся за тое, што можна вырабляць у сябе ў краіне", - падкрэсліў Лукашэнка.

"Тое, што не можам вырабляць і што нам самім выпускаць не трэба, мы будзем закупаць. Напрыклад, навошта нам арганізоўваць вытворчасць папераробнай машыны? Мы наўрад ці зможа канкураваць з немцамі, фінамі і іншымі. Аднак да нас жа сёння ўсялякую дробязь завозяць, пачынаючы ад лапат, шчотак. Што, няўжо мы не можам самі такое вырабляць? Тое ж самае з мэбляй", - дадаў беларускі кіраўнік.

Аляксандр Лукашэнка лічыць, што Беларусі неабходна максімальна сыходзіць таксама ад імпарту камплектуючых. "Мы можам вырабляць іх тут. Гэта жа каласальны аб'ём працоўнай сілы, рэалізацыя праграмы развіцця малых гарадоў. Такім чынам, мы можам рэанімаваць старыя прадпрыемствы, якія дрэнна працуюць", - перакананы ён.

Кіраўнік ізноў падкрэсліў, што ў Беларусі неабходна развіваць імпартазамяшчальныя вытворчасці, якія "мы самі ў стане пацягнуць".

"Чаму мы паперу завозім для газет, валодаючы вялікімі ляснымі рэсурсамі? Вось таму і паўстала ў нас пытанне будаўніцтва адпаведнага завода. Я праз пару дзён разбяруся, чаму завод (Шклоўскі завод газетнай паперы) дагэтуль не працуе, а "куляецца". Упэўнены, што мы наладзім вытворчасць, яшчэ і наступную машыну паставім. Сёння ёсць жадаючыя купіць паперу па добрых коштах. Гэта і ёсць наглядны прыклад высокатэхналагічнай вытворчасці і імпартазамяшчэння. Але гэта буйны праект і колькі яшчэ мяльчэйшых!", - дадаў Лукашэнка.

Напісаць каментар 71

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках