27 снежня 2024, Пятніца, 8:16
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Леанід Заіка: «Рост будзе назірацца хіба што ў сектары рытуальных паслуг»

7

Беларуская эканоміка, якая дэманстравала ў апошнія гады высокія тэмпы развіцця, не збіраецца змяншаць абароты і надалей, нягледзячы на крызіс. Аднак, па ацэнцы эканамістаў, разлічваць на рост паказчыкаў эканомікі будзе складана.

Аляксандр Лукашэнка ставіць задачу перавыконваць вызначаныя планы. Эксперты жа лічаць, што падзенне эканамічнага росту, а таксама скарачэнне працоўных месцаў, непазбежнае, пішуць «Белорусские новости».

«Пяцігодка практычна скончваецца. І якія бы ў свеце крызісы ні палыхалі, адкату назад не павінна быць. Невыкананне гэтай пяцігодкі азначае невыкананне наступнай. Галоўная задача — завяршыць 2010-ы год так, каб пяцігодка была не толькі выкананая, але і перавыкананая», - заявіў Аляксандр Лукашэнка падчас разглядаў кадравых пытанняў 9 студзеня.

Па выніках 2008 года план эканамічнага росту быў перавыкананы — 10% замест запланаваных 8-9%. На цяперашні год рост ВУП, па прагнозах урада, павінен скласці яшчэ больш — 10-12%, прыкладна столькі жа і ў наступным годзе.

Аднак, па адзнацы эканаміста Леаніда Заікі, разлічваць на рост паказчыкаў эканомікі будзе складана.

«Падзенне эканамічнага росту на працягу года будзе 10-15%, а ў сярэднім 25%. Як і ў цэлым па ўсёй сусветнай эканоміцы. Усе паказчыкі будуць сінхронна падаць, бо яны ўзаемазлучаныя. Дзесьці больш, дзесьці менш», — сказаў эксперт у інтэрв'ю «Белорусским новостям».

Рост будзе назірацца хіба што ў сектары рытуальных паслуг, пажартаваў ён.

«У цэлым жа рабіць прагноз цяпер абсалютна бессэнсоўна, паколькі ніхто не можа сказаць, што будзе далей. Беларусь не можа паўплываць на сусветныя працэсы. Таму трэба проста адэкватна на іх рэагаваць», — адзначыў Леанід Заіка.

Зрэшты, намміністра эканомікі Андрэй Тур спадзяецца, што сусветны фінансава-эканамічны крызіс не прывядзе да рэцэсіі беларускай эканомікі.

«Думаю, што рост будзе, можа быць, не такі вялікі, як хацелі», — заявіў ён у эфіры тэлеканала АНТ у мінулую нядзелю.

Паміж тым яшчэ ў снежні Мінэканомікі прызнала, што здолець прагнозныя тэмпы росту эканомікі ў цяперашніх умовах будзе няпроста. Таму занесла ва ўрад прапанову аб карэктоўцы на цяперашні год асноўных паказчыкаў. Па адзнаках эканамічнага ведамства, тэмпы росту ВУП у першым квартале не перавысяць 5%, а за паўгоддзе 7%.

Загадваць далей чыноўнікі пакуль не вырашаюцца. Прычым галіновыя канцэрны і міністэрствы прапаноўвалі знізіць прагноз на першы квартал і зусім да 3%, паколькі звужэнне рынкаў збыту для беларускіх экспарцёраў ва ўмовах сусветнага крызісу непазбежнае. Паніжэнне тэмпаў росту прагназуецца і па шэрагу іншых паказчыкаў: тэмпам прамысловай вытворчасці, экспарту, імпарту, інвестыцыях у асноўны капітал.

Мінэканомікі лічыць, што выканаць раней зацверджаны гадавы прагноз росту эканомікі атрымаецца ў тым выпадку, калі спыніцца рэцэсія ў краінах, якія з'яўляюцца асноўнымі гандлёвымі партнёрамі Беларусі.

«Узровень няпэўнасці сёння вельмі-вельмі высокі, сітуацыя вельмі складаная і цяжкапрадказальная», — казаў міністр эканомікі Мікалай Зайчанка на паседжанні Саўміна 19 снежня.

Судзячы жа па апошніх выказваннях Лукашэнкі, карэктоўка прагнозу наўрад ці рушыць услед. Калі толькі сітуацыю не адкарэктуе само жыццё.

Эканаміст даследчага цэнтра ІПМ Алена Ракава лічыць, што ў цяперашніх умовах было бы мэтазгоднае поўнае або частковае прыпыненне шэрагу прадпрыемстваў. Па ейным меркаванні, замест таго, каб замарожваць капітал на складах або працаваць у страту (для статыстычнага росту ВУП), лепш проста часова зачыніцца.

Так робіцца ў заходніх краінах, у Кітаі, у Расеі, Украіне і Еўропе. Такія меры некалькі астудзілі бы эканоміку і дазволілі захаваць шматлікія прадпрыемствы на дабанкрутным узроўні, з нейкім абаротным капіталам. Таксама гэта захавала бы краіне неабходную валюту, а таксама газ, нафту, металы, іншыя рэсурсы і абсталяванне.

«Безумоўна, гэта вельмі хваравітыя меры, аднак «страўсіная» палітыка і жыццё надзеямі, што крызіс — гэта на тры-шэсць месяцаў — яшчэ небяспечней», — піша эксперт на сайце «Наше мнение».

Па ейным меркаванні, не трэба ў чарговы раз шукаць свой шлях: «Столькі гадоў мы ганарыліся высокімі тэмпамі росту, даволі складана таксама прызнаць недасканаласць папярэдніх падыходаў».

Аднак такіх планаў ва ўрада і ў думках няма.

«Ніхто не збіраецца спыняць прадпрыемствы, галоўная задача — захаваць вытворчасць, захаваць для людзей працоўныя месцы», — запэўнівае міністр працы і сацабароны Ўладзімір Патупчык.

Па ягоных словах, на рынку працы Беларусі адзначаюцца асобныя малаважныя змены, але яны абсалютна не носяць крытычны характар. Гэта звязана, у першую чаргу, з павелічэннем маштабаў няпоўнай вымушанай занятасці. Аднак гэтая тэндэнцыя не з'яўляецца пагрозлівай.

«Прадпрыемствы функцыянуюць, людзі ўпэўненыя, што працоўнае месца за імі будзе захавана», — прыводзіць БелТА словы міністра.

Па заканадаўстве прадпрыемствы абавязаныя за 2-3 месяцы папярэджваць дзяржслужбы занятасці аб маючых адбыцца скарачэннях штату працаўнікоў. Але такіх апавяшчэнняў у Мінпрацы не паступала, запэўніў міністр.

Аднак Леанід Заіка не выключае, што з-за падзення попыту на беларускую прадукцыю на знешніх рынках на беларускіх прадпрыемствах занятасць знізіцца, як мінімум, на 5-7 адсоткаў. Па ягоных адзнаках, беспрацоўнымі могуць стаць 200-300 тысяч беларусаў.

Алена Ракава лічыць, што ў такіх умовах ураду варта было б перагледзець мізерныя дапамогі па беспрацоўі. Яны павінныя быць на ўзроўні вышэй за пражытковы мінімум, а людзі павінныя ведаць, што яны атрымліваюць менавіта дапамогу па беспрацоўі, паколькі іх прадпрыемства — часовы або сталы банкрут.

Беларускім уладам, «распешчаным» высокімі тэмпамі эканамічнага росту ў апошнія гады, падобна, прыйдзецца праверыць сцвярджэнне — «чым вышэй паднімаешся, тым балючай падаць».

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках