Адвакат Таццяны Казыры: Беларуская сірата мае права на палітычны прытулак у ЗША
1- 8.09.2008, 14:07
Наняты амэрыканскай сям’ёй адвакат Крыстафэр Кероскі сьведчыць, што гатовы прасіць палітычнага прытулку для беларускай сіраты Таццяны Казыра. “Згодна з амэрыканскімі законамі, яна мае на гэта права”, — кажа Кероскі.
Згодна з амэрыканскімі законамі, аднак, дзяўчынка, маючы турыстычную візу, ня можа наведваць сярэднюю школу. Для гэтага ёй патрэбная прынамсі студэнцкая віза, паведамляе “Радыё Свабода”.
Як мяркуюць амэрыканскія спэцыялісты ў справах іміграцыі, атрымаць такую візу будзе далёка ня проста, бо ў Таніным выпадку “ёсьць цэлы шэраг супярэчлівых аспэктаў”. З аднаго боку, Таня мае права кансультавацца з амэрыканскімі адвакатамі, а зь іншага, ейныя сямейныя цяжкасьці — недастатковая падстава для таго, каб застацца ў сям’і Запатаў.
Сама Таня Казыра цьвердзіць, што незалежна ад таго, дзе яна будзе жыць, яна мае намер працягваць адукацыю і пасьля школы паступіць у інстытут. “Я хачу займацца сьпевамі ці працаваць зь дзецьмі”, — дзеліцца сваімі плянамі дзяўчынка. У Пэталуме яна пакуль бярэ прыватныя ўрокі ангельскай мовы.
У сваю чаргу, прадстаўнік Дзярждэпартамэнту ЗША паведаміў прэсе, што ягонае ведамства сапраўды кантактавала зь Менскам у звязі з справай Тані Казыры, аднак дадаў, што ня ведае ні пра якія пагадненьні і дамоўленасьці.
Адвакат дзяўчыны таксама лічыць, што Танін учынак ня можа стаць падставай для таго, каб беларускія ўлады забаранялі праграмы аздараўленьня чарнобыльскіх дзяцей у ЗША.
Нагадаем, адразу пасьля таго, як Таня Казыра 5 жніўня не зьявілася ў аэрапорт Сан-Францыска, беларускія чыноўнікі вырашылі цалкам спыніць праграму аздараўленьня ў ЗША, калі Таня Казыра ня вернецца дадому неадкладна.
Аднак апошнім часам яны перагледзелі свае патрабаваньні і хочуць цяпер атрымаць ад ЗША гарантыі таго, што падобны інцыдэнт больш не паўторыцца. Як вынікае з словаў прадстаўніка беларускай амбасады, амэрыканскі ўрад цяпер разглядае прапанаваны Менскам праект пагадненьня адносна абменных праграмаў.