24 лiстапада 2024, Нядзеля, 9:28
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Польскія экспэрты: «Зьменаў у Беларусі ня будзе, пакуль уладу трымае Лукашэнка»

4

Спадзяваньні на тое, што ў Беларусі будуць свабодныя выбары, былі мрояй. Так лічыць большасьць польскіх экспэртаў пасля "парлямэнцкіх выбараў" ў Беларусі.

Паводле экспэрта польскага Інстытуту міжнародных справаў Лукаша Адамскага, зьменаў у Беларусі ня будзе, пакуль уладу ў сваіх руках трымае Аляксандар Лукашэнка, піша “Польскае радыё”.

“Бачна, што нічога не зьмянілася. Выбарчая яўка завышаная, ніводзін прадстаўнік апазыцыі ня трапіў у “парлямэнт”, бюлетэні падмяняліся”, - кажа Лукаш Адамскі.

Паводле экспэрта, пэрспэктыва зьмены сытуацыі ў Беларусі ёсьць.

“Кропля зьнішчае скалу ня сілаю, але рэгулярнасьцю свайго падзеньня. Менавіта такую палітыку трэба весьці. Безумоўна, трэба падтрымліваць беларускую апазыцыю, асабліва тую частку, якая прызнае заходнія каштоўнасьці й збліжэньне з Эўразьвязам. Трэба падтрымліваць грамадзянскую супольнасьць”, - зазначае Лукаш Адамскі.

Намесьнік дырэктара Цэнтра ўсходніх дасьледаваньняў Катажына Пэлчыньска-Налэнч лічыць, ужо падчас падрыхтоўкі да “выбараў” было шмат парушэньняў. Кіраўнік польскай місіі ў АБСЭ Гжэгаж Язоўскі кажа, што замежныя назіральнікі яшчэ перад галасаваньнем зьвярталі ўвагу на некаторыя праблемы.

“Была праблема з рэгістрацыяй незалежных ці апазыцыйных кандыдатаў. Гэтая сытуацыя безупынна паўтаралася. Таксама быў вельмі абмежаваны доступ апазыцыйных кандыдатаў да сродкаў масавай інфармацыі. Як бачна, заўвагі ў нас былі яшчэ раней”, - паведамляе Гжэгаж Язоўскі.

Ён не разьлічвае на станоўчыя зьмены ў Беларусі. “Ня трэба спадзявацца, што ў Беларусі наступіць паляпшэньне сытуацыі з правамі чалавека, нягледзячы на розныя абяцаньні з боку ўладаў. Ня варта спадзявацца, што гэта будзе радыкальная зьмена, што раптам Беларусь прыме й пачне ўводзіць у жыцьцё дэмакратычныя стандарты”, - перакананы Гжэгаж Язоўскі.

Дэпутат партыі “Права й справядлівасьць” Павал Коваль, які ў якасьці назіральніка сачыў за “выбарамі” ў Беларусі, зазначае, што парушэньні былі ў момант падліку галасоў.

“На нашых вачах адбывалася нешта незвычайнае. У працэсе падліку галасоў нічога не было зразумелым. Чальцы камісіі супольна лічылі паперкі, не дазваляючы сачыць нават унутраным назіральнікам, якія былі прадстаўнікамі дзяржаўных установаў. На жаль, калі мы вечарам вярнуліся ў гатэль, то аказалася, што ўражаньні ўсіх назіральніцкіх групаў былі аднолькавыя”, - кажа Павал Коваль.

Нагадаем, што ў 110 выбарчых акругах не прайшоў ніводзін кандыдат ад апазыцыі.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках