Лідэры партыяў не прызнаюць новую «палату» легітымнай і заклікаюць да акцыі пратэсту
10- 21.09.2008, 14:41
Палітрада апазіцыйных палітычных партыяў заклікае міжнародную супольнасць прызнаць «парламенцкія выбары» несвабоднымі і недэмакратычнымі, а новую «палату прадстаўнікоў» - нелегітымнай.
У знак пратэсту супраць фальсіфікацыяў вынікаў «выбараў» партыі заклікаюць сваіх актывістаў і ўсіх грамадзянаў Беларусі выйсці 28 верасня, у 20.00 на Кастрычніцкую плошчу Менска.
«Гэта была самая кароткая Палітрада, яна доўжыўся ўсяго паўгадзіны, -- паведаміў прэс-цэнтру Хартыі’97 лідэр Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька. – Прынятыя рашэнні па трох пунктах. АДС прызнае гэтую «выбарчую кампанію» несправядлівай і нелегітымнай і на заключным этапе мы маем намер канцэнтравацца на тым, каб атрымаць доступ да падліку галасоў і прад'явіць доказы фальсіфікацыі вынікаў галасавання. Таму мы пакідаем рашэнне ўдзелу ці неўдзелу ў «выбарах» на меркаванне саміх кандыдатаў. Акрамя таго, усе дэмакратычныя кандыдаты павінны падпісаць заяву аб тым, што яны не прызнаюць «выбары» і новую «палату прадстаўнікоў» легітымнымі. Нават калі па нейкіх акалічнасцях прадстаўнік АДС трапляе ў «палатку», ён не павінен прызнаваць ні «выбары», ні гэты ворган законнымі».
Прынятае таксама рашэнне аб тым, што ў выбарчых акругах, у якіх не засталося дэмакратычных кандыдатаў (а такіх акругаў 35), будзе праходзіць праца па тлумачэнні выбаршчыкам, што ў іх акругах адсутнічае альтэрнатыва і хадзіць на «выбары» ім не мае сэнсу.
На думку лідэра Партыі БНФ Лявона Баршчэўскага, рашэнні, прынятыя сёння Палітрадай апазіцыйных партыяў «вартыя падтрымкі», аднак ён лічыць, што, калі бы дэмакратычныя кандыдаты зняліся з «выбараў» у масавым парадку, дык акругаў без дэмакратычнай альтэрнатывы было бы не 35, а каля 80 адсоткаў ад агульнай колькасьці.
«Думаю, што такое рашэнне можна падтрымаць. Адзінае – яно крыху палавіністае. Не ў 35 акругах трэба было пакідаць акругі безальтэрнатыўнымі. Гэта трэба было рабіць ва ўсіх акругах», -- заявіў Лявон Баршчэўскі ў інтэрв'ю прэс-цэнтру Хартыі’97.
Асноўнае рашэнне, прынятае сёння Палітрадай апазіцыйных партыяў – гэта намер заклікаць выбаршчыкаў пратэставаць супраць фальсіфікацый вынікаў «парламенцкіх выбараў», бо сярод 70.000 чальцоў участковых выбарчых камісіяў прадстаўнікоў дэмакратычных партыяў усяго 47.
«28 верасня мы павінны выйсці на Кастрычніцкую плошчу Менска. Калі мы кажам што выбары несправядлівыя, мала гэта канстатаваць, трэба выказваць свой пратэст праз дзеянні. У палітыцы павінна быць мараль. Мы абавязаныя пратэставаць. Выхад на Плошчу ў дзень «выбараў» -- гэта будзе высокаграмадзянская пазіцыя. Іншай альтэрнатывы няма. У гісторыі застаюцца тыя, хто знаходзіць у сабе адвагу і мужнасць выйсці пратэставаць на вуліцы. Тых, хто сядзеў у гэты час на кухнях, ніхто не памятае. Я думаю, што мы пакажам свету, як шмат людзей у Беларусі перасягнулі мяжу страху і гатовыя змагацца», -- заявіў у інтэрв'ю прэс-цэнтру Хартыі’97 лідэр АГП Анатоль Лябедзька.