29 снежня 2024, Нядзеля, 5:15
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Міжнародная федэрацыя правоў чалавека: «Улады, якія грэбуюць меркаваннем народа - нелегітымныя»

5
Міжнародная федэрацыя правоў чалавека: «Улады, якія грэбуюць меркаваннем народа - нелегітымныя»

«Калі выбары ў краіне праходзяць недэмакратычна, народ мае права пратэставаць на вуліцах», - заявіў у інтэрв'ю прэс-цэнтру Хартыі’97 генеральны сакратар Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека Луіс Гійерма Пераз.

Па словах генеральнага сакратара МФПЧ, «улады, якія грэбуюць меркаваннем народа і дапушчаюць фальсыфікацыі на выбарах, з'яўляюцца нелегітымнымі».

Праваабаронца заявіў, што ў выпадку, калі ўрад Беларусі ўжые сілу падчас мірных пратэстаў грамадзян, ён мае намер настойваць на працягванні санкцыяў у дачыненні да беларускага рэжыму.

«Калі ў Беларусі ня будзе справядлівых і сумленных выбараў, людзі выйдуць пратэставаць, і супраць іх ужыюць сілу, тады я, як генеральны сакратар Міжнароднай Федэрацыі правоў чалавека, буду настойваць на тым, каб Еўрапейскі Звяз і ААН працягвалі санкцыі супраць уладаў Беларусі», - сказаў Луіс Гійерма Пераз у інтэрв'ю прэс-цэнтру Хартыі’97.

Нагадаем, што 2 верасня ў Менску генеральны сакратар Міжнароднай Федэрацыі правоў чалавека прадставіў справаздачу аб умовах утрымання пад вартай у Беларусі. У ім сабраныя сведчанні аб негуманных умовах і катаваннях у беларускіх турмах і пастарунках.

У справаздачы зробленая выснова, што «умовы ўтрымання пад вартай у Беларусі вельмі нездавальняльныя і ўяўляюць сабой формы нялюдскага абыходжання, забароненага Міжнародным пактам аб грамадзянскіх і палітычных правох, Канвенцыяй ААН супраць катаванняў і іншага жорсткага, нялюдскага і зневажальнага абыходжання».

Міжнародная федэрацыя правоў чалавека заклікае краіны свету ўстрымацца ад экстрадыцыі абвінавачваных у Беларусь.

МФПЧ таксама будзе патрабаваць ад беларускага ўрада расследавання «гучных знікненняў».

«Мы жадаем данесці да вас тое, што мы будзем патрабаваць ад беларускага ўрада расследавання знікненняў Юрася Захаранкі, Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага і Зміцера Завадскага. Мы аказваем падтрымку сем'ям гэтых людзей, іхнім сябрам і паплечнікам і жадаем яшчэ раз падкрэсліць, што мы будзем да канца сачыць за працэсам расследавання гэтых злачынстваў», - заявіў генеральны сакратар МФПЧ.

«Мы жадаем даць зразумець беларускім уладам, што гэтыя злачынствы не адносяцца да мінулага. Пакуль ня будуць знойдзенымі або целы зніклых людзей, або самі гэтыя людзі, гэтае злачынства будзе актуальным. Бяздзейнасць уладаў у расследаванні і іхняе неўмяшальніцтва паказвае на тое, што ёсць група людзей ва ўладзе, якія ў гэтым удзельнічалі», - заявіў Пераз.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках